асноўны фін. план складання і расходавання грашовых сродкаў для забеспячэння дзейнасці мясцовага кіравання і самакіравання, эканам. і сац. развіцця адпаведных адм.-тэр.адзінак. Кожная адм.-тэр. адзінка (вобласць, раён, горад, пасёлак гар. тыпу, сельсавет) мае свой бюджэт, які не ўваходзіць у бюджэты вышэйстаячых узроўняў. Складанне, разгляд, зацвярджэнне і выкананне М.б. ажыццяўляецца мясц.выканаўчымі і распарадчымі органамі і мясцовымі Саветамі дэпутатаў самастойна ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй. М.б. мае даходную і расходную часткі. У М.б. залічваюцца мясц. падаткі: зборы і пошліны, паступленні ад прыватызацыі камунальнай уласнасці, ад здачы камунальнай маёмасці ў арэнду, адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў па адпаведных нарматывах, частка прыбыткаў камунальных прадпрыемстваў і арг-цый, датацыі і дапамогі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Грашовыя сродкі, якія паступілі ў М.б., накіроўваюцца на вырашэнне пытанняў мясц. значэння. Мінімальныя памеры М.б. вызначаюцца на аснове нарматываў бюджэтнага забеспячэння на аднаго жыхара, інш.сац. нарматываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРАТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ (ад лац noster наш),
макрасям’я моў, якая ўключае шэраг моўных сем’яў і моў Еўразіі і Афрыкі (індаеўрапейскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, уральскія мовы, дравідыйскія мовы, алтайскія мовы, картвельскія мовы). Падзяляюцца на ўсходненастратычныя (уральскія, дравідыйскія, алтайскія) і заходненастратычныя (індаеўрап., картвельскія, семіта-хаміцкія). Дакладныя межы настратычнай сям’і не вызначаны. Роднасць Н.м. у наяўнасці ў іх генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем (каля 1000). Корпус каранёвых марфем уключае ў сябе карані адзінакасн. слоўнікавага фонду, што адлюстроўваюць найб. значныя для чалавека рэаліі і паняцці (часткі цела, роднасныя адносіны, асн. з’явы прыроды, назвы жывёл і раслін, прасторавыя адносіны, элементарныя дзеянні і працэсы, асн. якасці). Фаналагічная структура настратычнай прамовы мела, верагодна, 7 галосных і вял. колькасць зычных. Многія даследчыкі лічаць настратычную сістэму блізкай да аглюцінатыўнай (гл.Аглюцінатыўныя мовы). Гіпотэзу пра роднасць Н.м. выказаў у пач. 20 ст. дацкі вучоны Х.Педэрсен. Яе навук. абгрунтаванасць даказаў рас. вучоны У.Іліч-Світыч.
Літ.:
Иллич-Свитыч ВМ. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. Т. 1—3. М., 1971—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.
Літ.:
Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;
Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс.адзінакасн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял.Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.Раманава і М.Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́РНАСЦЬфізічнай велічыні,
выраз, які паказвае сувязь вытворнай фізічнай велічыні (адзінкі фіз. велічыні) з велічынямі (адзінкамі), прынятымі за асноўныя ў сістэме велічынь або ў сістэме адзінак.
Абазначаецца сімвалам dim (ад англ. dimension размернасць) і запісваецца ў выглядзе здабытку сімвалаў, якія адпавядаюць асн. велічыням, узведзеным у пэўную ступень (паказчык Р.). У агульным выглядзе Р. некаторай велічыні X запісваецца ў выглядзе dimX = LαMβTγ∙IδQμNυJη, дзе L, M, T, I, Q, N, J — сімвалы даўжыні, масы, часу, сілы току, тэрмадынамічнай т-ры, колькасці рэчыва і сілы святла адпаведна, α, β, γ, δ, μ, υ, η — паказчыкі Р. гэтых велічынь. Напр., Р. сілы F = ma, дзе m — маса цела, a — паскарэнне, вызначыцца формулай dimF = dimm∙dima = (M)(LT−2) = = LMT−2, дзе паказчыкі Р. даўжыні L, масы M і часу T, роўныя 1,1 і -2 адпаведна. Велічыні, якія маюць усе паказчыкі Р., роўныя 0, наз.безразмернымі велічынямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІў Маскве.
Створаны ў 1991 як Цэнтр захоўвання сучаснай дакументацыі на базе дакументаў бягучых архіваў структурных падраздзяленняў ЦККПСС, з 1999 сучасная назва. 1 500 000 млн.адзінак захоўвання за 1952 — жн. 1991. Зберагае дакументы па гісторыі паліт. партый, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. Сярод іх матэрыялы з’ездаў КПСС, пленумаў ЦККПСС, Палітбюро і Сакратарыята ЦККПСС, усесаюзных канферэнцый і нарад пры ЦККПСС, структурных падраздзяленняў апарата, інфарм.-паліт. цэнтра і рэгіянальных бюро ЦККПСС, міжнар. нарад і перагавораў з камуніст. і рабочымі партыямі. Захоўвае дакументы вышэйшых і цэнтр. органаў Кампартыі РСФСР за 1990—91, рэдакцый перыяд. выданняў ЦККПСС, матэрыялы, рассакрэчаныя для Канстытуцыйнага суда Рас. Федэрацыі па «справе КПСС» за 1922—91. Дакументы па гісторыі КПБ знаходзяцца ў фондах Палітбюро, Сакратарыята і апарата ЦККПСС, у фондзе-калекцыі «па справе КПСС».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 205—208.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́ТЫЯ КАРМЫ́, сакаўныя кармы,
раслінныя кармы з вял. колькасцю вады (больш за 70%), якая знаходзіцца ў звязаным стане. Да іх належаць зялёныя кармы, сілас, кармавыя караняплоды (буракі, турнэпс, бручка), клубні (бульба, тапінамбур), бахчавыя культуры (гарбузы, кавуны, кабачкі). Скормліваюцца ў сырым выглядзе. Станоўча ўплываюць на абмен рэчываў, страваванне, малочную прадукцыйнасць («малакагонныя» кармы; у іх лізіну і трыптафану больш, чым у зерневых кармах), спрыяюць лепшаму засваенню грубых кармоў. Маюць адносна нізкую агульную пажыўнасць: ад 0,1 да 0,3 кармавых адзінак у 1 кг корму. У сухім рэчыве пераважаюць лёгкарастваральныя вугляводы (крухмал і цукар). С.к. (за выключэннем бабовых раслін і сіласу з іх) бедныя пратэінамі (1—1,5%), клятчаткай (1—1,5%) і амаль не маюць тлушчаў. У попеле пераважаюць солі калію і натрыю; кальцыю і фосфару 0,03—0,04%. С.к. багатыя вітамінамі С, групы В, некат. (напр., гарбузы, морква, зялёны корм, сілас) — карацінам. Найб. рацыянальнае выкарыстанне С.к. у летні перыяд пры арганізацыі зялёнага канвеера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎС ((Gauß) Карл Фрыдрых) (30.4.1777, г. Браўншвайг, Германія — 23.11.1855),
нямецкі матэматык, астраном і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), акад. Парыжскай (1820) і Пецярбургскай (1824) АН. Вучыўся ў Гётынгенгскім ун-це (1795—98), з 1807 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, фізіцы і геадэзіі. Даказаў асн. тэарэму алгебры пра існаванне хоць бы аднаго кораня ва ўсякім алгебраічным ураўненні, прапанаваў метад вылічэння эліптычнай арбіты нябеснага цела Сонечнай сістэмы па трох назіраннях. У 1832 стварыў абс. сістэму адзінак (міліметр, міліграм, секунда), разам з В.Веберам пабудаваў першы ў Германіі эл.-магн. тэлеграф (1833). Вывучаў зямны магнетызм, распрацаваў тэорыю патэнцыялу і сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (гл.Гаўса тэарэма). Заклаў матэм. асновы вышэйшай геадэзіі, прапанаваў найменшых квадратаў метад. Распрацаваў тэорыю пабудовы відарысаў у складаных аптычных сістэмах (1840), выказаў думку пра канечнасць скорасці распаўсюджвання эл.-магн. узаемадзеянняў, прыйшоў да высновы аб магчымасці існавання нееўклідавай геаметрыі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. тр. по земному магнетизму. Л., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́МАТА (ад грэч. grammata чытанне, пісьмо),
1) уменне чытаць і пісаць.
2) Афіц. пісьмовы акт, які сведчыць пра якое-н. міжнар. пагадненне ці вызначае пэўныя прававыя адносіны (даверчая грамата, адзыўная грамата, ратыфікацыйная і інш.).
3) Афіц.заканад. акт Стараж.-рус. дзяржавы, у ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Граматай замацоўваўся дзярж. лад, правы і прывілеі землеўладальнікаў, афармлялася прававое становішча асобных тэр.адзінак і розных груп насельніцтва, прызначаліся службоўцы на дзярж. і службовыя пасады, афармляліся наданні зямель, маёнткаў і інш. маёмасці, ганаровых званняў і чыноў. У ВКЛназ. таксама лістамі гаспадарскімі, прывілеямі. Падзяляліся на даравальныя граматы, устаўныя граматы, ільготныя, ахоўныя, купчыя і інш. 4) Форма ўзнагароды ў былым СССР, у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД дзярж. органамі, грамадскімі арг-цыямі, адміністрацыяй прадпрыемстваў, устаноў, спарт. т-вамі за поспехі ў якой-н. справе (напр., Граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пахвальныя, ганаровыя граматы і інш.) 5) Стараж. назва ўсякага дакумента, пісьма.
6) У пераносным сэнсе: фількава грамата (непісьменны дакумент, які не мае юрыд. сілы), кітайская грамата (незразумелы дакумент, незнаёмая справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕЎПАРА́ДКАВАННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі выкарыстання зямлі як сродку вытворчасці і рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з уладаннем і карыстаннем зямлёю. У Рэспубліцы Беларусь З. заснавана на дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю і накіравана на ажыццяўленне зямельнага заканадаўства, арганізацыю землекарыстання, ахову зямель. У сістэму З. ўваходзяць: распрацоўка прагнозаў, рэсп. і рэгіянальных праграм выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў; устанаўленне на мясцовасці межаў адм.-тэр.адзінак; адвод зямельных участкаў, выяўленне новых зямель для с.-г. і інш. асваення; правядзенне тапографа-геадэзічных, картаграфічных, глебавых, геабатанічных і інш. абследаванняў і пошукаў; фарміраванне спец. фонду зямельнага запасу мясц. Саветаў і інш. У адпаведнасці з зямельным заканадаўствам прадастаўленне зямельных участкаў у валоданне, карыстанне і ўласнасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь, калгасам, саўгасам і інш.дзярж., каап., грамадскім прадпрыемствам, установам і арг-цыям, а таксама іх канфіскацыя адносяцца да кампетэнцыі мясц. Саветаў. Рэсп. органам дзярж. кіравання ў галіне З. з’яўляецца Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры СМ Рэспублікі Беларусь. Дзеючым заканадаўствам прадугледжана выдача спец. дазволаў (ліцэнзій) розным суб’ектам гаспадарання (незалежна ад форм уласнасці) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці ў галіне З.