КАТА́ЛЬПА (Catalpa),

род кветкавых раслін сям. бігноніевых. 11 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і форм.

Лістападныя дрэвы выш. 20—40 м. Лісце буйное, суцэльнакрайняе або велікалопасцевае. Кветкі са званочкавым двухлопасцевым венчыкам, белыя або жаўтаватыя, у сярэдзіне плямістыя, сабраныя ў мяцёлкі або гронкі. Плод — падоўжаная (да 40 см) каробачка са шматлікім насеннем, валасістым на канцах. Драўніна лёгкая, мяккая, устойлівая да гніення. Дэкар. расліны.

Катальпа прыгожая.

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́ПАН (ад ням. Klappe засланка) у тэхніцы, дэталь або прыстасаванне для кіравання патокам вадкасці, газу або пары ў машынах, механізмах і трубаправодах.

У залежнасці ад прызначэння К. бываюць дросельныя (для стварэння перападу ціску; гл. Дросель), рэдукцыйныя (для паніжэння ціску), адваротныя (для недапушчэння зваротнага патоку), рэгулявальныя, засцерагальныя і інш.; у залежнасці ад характару руху засаўкі — залатніковыя (гл. Залатнік у тэхніцы), вентыльныя (гл. Вентыль), кранавыя (гл. Кран). Прыводзяцца ў дзеянне эл., пнеўматычным, гідраўлічным і інш. прыводам або ўручную.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСАПРАЎДНАДАЖДЖАВІКО́ВЫЯ (Sclerodermatales),

парадак грыбоў гастэраміцэтаў. 16 родаў, каля 190 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды з роду несапраўдны дажджавік (Scleroderma); звычайны (S. aurantium) і бародаўчаты (S. verrucosum). Трапляюцца ў лясах, на ўзлесках, глебе, гнілой драўніне.

Пладовыя целы наземныя, паўпадземныя, шара- або клубнепадобныя, сядзячыя, радзей з несапраўднай ножкай. Абалонка 1—4-слойная, звонку гладкая або бародаўчатая, з лускавінкамі, шыпамі. Мякаць белая, мясістая, шчыльная, з узростам парашкападобная, цёмная. Споры круглаватыя, гладкія або бародаўчатыя, бясколерныя ці афарбаваныя. Неядомыя.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНХАСТЭ́ГІУМ (Rhynchostegium),

род брыевых імхоў сям. брахітэцыевых. 130 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і трапічнай зоне. Наглебавыя, наскальныя або водныя імхі. На Беларусі 3 віды Р.: берагападобны (R. riparioides), скучаны (R. confertum), сценны (R. murale), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца рэдка на вільготных камянях, дрэвах у праточнай вадзе.

Аднадомныя лістасцябловыя расліны. Утвараюць рыхлыя, бледна- або цёмна-зялёныя дзярнінкі. Сцёблы сцелістыя ці паўзучыя, перыстаразгалінаваныя. Лісце завостранае, увагнутае, яйцападобнае. Ножка гладкая. Каробачка нахіленая або гарызантальная. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Рынхастэгіум сценны.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАМО́ЖНЫЯ МО́ВЫ,

штучныя знакавыя сістэмы, якія спецыяльна ствараюцца для камунікацыі ва ўмовах, калі сродкаў натуральных моў недастаткова ці карыстацца імі цяжка або немагчыма. Д.м. падзяляюцца на 2 асн. класы: міжнар. мовы-пасрэдніцы, або штучныя мовы, і інфармацыйныя мовы.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФАМА́ЦЫЯ (ад лац. diffamatio ганьбаванне),

выказванне ў сродках масавай інфармацыі сапраўдных або лжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць грамадзяніна або арганізацыі, установы. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае судовую абарону гонару і годнасці права зняважаных на матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змяншэнне ступені палярызацыі святла. Назіраецца ў многіх аптычных з’явах, напр., пры рассейванні святла ў мутным асяроддзі або на матавай паверхні. Пры штучнай Д.с. палярызаванае святло змяняе стан палярызацыі ў часе, па папярочным сячэнні пучка або па спектры.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАТУ́ША,

бел. страва з мукі. Кіпяцілі малако, у яго патрошку сыпалі муку, перамешваючы калатоўкай, і варылі. Часам муку замочвалі вадой або замешвалі густа. Калі К. варылі на вадзе, яе запраўлялі алеем або заскварвалі. Была пашырана па ўсёй Беларусі.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛАПІ́ЛЬНЫ СТАНО́К,

дрэварэзальны станок з круглай пілой для падоўжанага, папярочнага або змешанага распілоўвання драўніны і драўняных матэрыялаў. Бываюць адна-, двух- і шматпільныя, з аўтам. і ручной падачай матэрыялу (або інструменту). Частата вярчэння піл да 3000 аб/мін і болей.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЧО́К (Alyssum),

алісум, каменнік, род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: бурачок Гмеліна (A. gmelinii), рэдкі від, трапляецца ў зах. раёнах на ўзлесках хваёвых лясоў і адкрытых пясчаных мясцінах; пустэльны (A. desertorum) і чашачны (A. alyssoides) — занесеныя віды, растуць каля чыгунак і дарог; 3 інтрадукаваныя: бурачок марскі (A. maritimum), серабрысты (A. argenteum) і скальны (A. saxatile) выкарыстоўваецца ў кветкаводстве.

Шэрыя або шэра-зялёныя адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з узыходнымі або распасцёртымі сцёбламі, апушаныя зоркавымі валаскамі. Лісце чаргаванае, падоўжанае адваротнаяйцападобнае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, жоўта-белыя, белыя або фіялетавыя, сабраны ў канцавыя гронкі. Плод — авальны, эліпсоідны або круглаваты стручок. Меданосныя і дэкар. расліны.

Бурачок чашачны.

т. 3, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)