КАЭФІЦЫЕ́НТ [ад лац. со (cum) з, разам + efficiens які ўтварае],

множнік, які звычайна выражаецца лічбамі. Калі здабытак складаецца з адной або некалькіх пераменных (ці невядомых) велічынь, тады К. пры іх наз. таксама здабытак усіх пастаянных, у т. л. і выражаных літарамі. Напр., для аднаскладаў 1/2ab і 2ax К. з’яўляюцца 1/2 і 2a адпаведна. Многія К. ў фіз. і матэм. законах маюць асобную назву, напр., вуглавы К., К. гаматэтыі, К. расшырэння, К. трэння і інш.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЧУА, кічуа, кешуа,

сучасны індзейскі народ у Паўд. Амерыцы. Складае значную ч. насельніцтва Перу (7,7 млн. чал.), Эквадора (4,3 млн. чал.), Балівіі (2,47 млн. чал.). К. жывуць таксама на ПнЗ Аргенціны, Пн Чылі, Пд Калумбіі; агульная колькасць 10—13 млн. чал. (1990-я г.). Нашчадкі стараж. інкаў. Мова — кечуа (у Перу з 1975 афіц. мова разам з іспанскай). Паводле веравызнання пераважна католікі. Займаюцца земляробствам, рамяством.

Літ.:

Зубрицкий Ю.А. Инки-кечуа: Основные этапы истории народа. М., 1975.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РТЫЕЎ О́РГАН,

перыферыйны рэцэптар слыхавога аналізатара млекакормячых і чалавека. Апісаны італьян. гістолагам А.​Корты (1851). Знаходзіцца на асн. перапонцы ўнутр. вуха і складаецца з унутр. і вонкавых валасковых і апорных клетак. Да валасковых клетак падыходзяць нерв. канцы слыхавога нерва. Розныя па вышыні гукавыя ваганні ўспрымаюцца рознымі аддзеламі К.о.: высокія частоты — у ніжніх аддзелах уліткі, нізкія — у верхніх. Пераўтварае гукавыя хвалі ў біяэлектрычныя (нервовыя) імпульсы, якія па слыхавым нерве перадаюцца ў ц. н. с. Гл. таксама Вуха.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі ў 1794—1914 у мяст. Косава Слонімскага пав. (цяпер горад у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Уключалі 2 суконныя ф-кі. Адна мела паравыя машыны (16 і 35 к.с.), 80—85 ткацкіх станкоў, 17 часальных машын, 47 інш. машын і механізмаў, у 1878 працавала 180 чал.; другая мела паравы рухавік, пазней паравую машыну. Уваходзіла таксама суконная мануфактура (мела вадзяны рухавік, у 1913 працавала 70 чал.). Выпускалі рознакаляровае сукно і коўдры з мясц. і прывазной сыравіны.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУПІ́ЦА,

вёска ў Мінскім р-не, на правым беразе р. Пціч, каля аўтадарогі Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пд ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Міханавічы. 897 ж., 322 двары (1998). Закрытае акц. т-ва «Рапс», т-ва абмежаванай адказнасці «Радуга». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Гл. таксама «Крупіцкія музыкі».

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫНІ́ЦА»,

бел. выдавецкая суполка, што існавала ў 1946—48 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Мігельсдорф (Германія). Узначальвалі А.​Марговіч і А.​Бута. Выдавала чытанкі для вучняў пачатковых класаў М.​Міцкевіча, падручнікі А.​Верасеня («Паэтычная стылістыка»), М.​Кунцэвіча («Лацінская мова»), творы Я.​Купалы («Магіла льва»), М.​Сяднёва («На край святла»), А.​Кавалеўскага («Шапка-няўглядка»), зборнікі апавяданняў («Толькі сон»), а таксама «Скаўцкія гульні», «Скаўцкі спадарожнік», «Рэгулямін скаўцкіх спраўнасьцяў», часопісы «Напагатове», «У вырай» і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 8, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАБІЁТЫКІ (ад грэч. xenos чужы + ...біёз),

злучэнні, чужародныя для арганізмаў і біясферы: пестыцыды, прэпараты быт. хіміі, лек. сродкі, пластмасы і інш. Пры пападанні ў навакольнае асяроддзе ў значных колькасцях могуць выклікаць гібель арганізмаў, парушаць нармальны ход прыродных працэсаў у біясферы. Ператварэнні К. шляхам іх дэтаксікацыі і дэградацыі ў арганізмах і ў знешнім асяроддзі вывучаюць і выкарыстоўваюць для арганізацыі сан.-гігіенічных мерапрыемстваў, мер па ахове прыроды. Гл. таксама Забруджвальнікі, Забруджванне антрапагеннае, Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАРО́Н, 2,3-бензафуран,

гетэрацыклічнае кіслародазмяшчальнае вытворнае бензолу. Бясколерная вадкасць з духмяным пахам, tкіп 173—175 °C, шчыльн. 1077,6 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле, эфіры. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў, полімерызуецца ў прысутнасці мінер. к-т, к-т Льюіса і пераксідаў. Уваходзіць у састаў кам.-вуг. смалы, з якой яго вылучаюць; атрымліваюць таксама К. сінтэтычны. Выкарыстоўваюць вытворныя К. для адбельвання паперы, у якасці фатагр. праявіцеляў, антыаксідантаў каўчукоў, як сцынтыляцыйныя матэрыялы і лек. прэпараты.

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КІ (ням. Lack),

растворы плёнкаўтваральных рэчываў у арган. растваральніках. Тонкія слаі Л., нанесеныя на паверхню, высыхаюць з утварэннем цвёрдых, бліскучых, празрыстых пакрыццяў (гл. Лакафарбавыя пакрыцці). У састаў Л. звычайна ўваходзяць пластыфікатары, сікатывы, ацвярджальнікі і інш. спец. дабаўкі. Класіфіцыруюць Л. паводле хім. прыроды плёнкаўтваральніка, напр., алкідныя лакі (гл. Алкідныя смолы), поліэфірныя лакі, эфірацэлюлозныя лакі, а таксама паводле галін выкарыстання (напр., мэблевыя, кансервавыя, электраізаляцыйныя). Выкарыстоўваюць як аснову пры атрыманні эмаляў, грунтовак, шпаклёвак, для апрацоўкі драўніны, металу, пластмасы, паперы, тканін.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)