ПРЫВА́ТНАЕ ПРАВА,

зборнае паняцце, якое азначае галіны права, што рэгулююць адносіны, якія выяўляюць прыватныя інтарэсы і заснаваныя на незалежнасці і ініцыятыве індывід. уласнікаў і аб’яднанняў (карпарацый) у іх маёмаснай дзейнасці і асабістых адносінах, у адрозненне ад публічнага права, якое рэгулюе і ахоўвае агульныя інтарэсы. Аснову П.п. складае цывільнае права, якое рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі немаёмасныя адносіны, а таксама гандл. права ў яго разнастайнасцях (у краінах, дзе дзейнічае гандл. права).

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ТА ВЫ́ХАДУ,

энергія, неабходная для выдалення электрона з цвёрдага цела ці вадкасці ў вакуум. Вызначае меру сувязі электрона з кандэнсаваным асяроддзем і з’яўляецца асн. характарыстыкай паверхні правадніка ці паўправадніка. Для цвёрдага цела залежыць ад яго матэрыялу, будовы паверхні, наяўнасці на ёй чужародных атамаў, напружанасці знешняга эл. поля (гл. Шоткі эфект) і вызначае заканамернасці электроннай эмісіі з гэтай паверхні. Рознасць Р.в. для двух праваднікоў ці паўправаднікоў вызначае кантактную рознасць патэнцыялаў паміж імі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕТАПЛА́Н,

пілотны або беспілотны (аўтаматычны) лятальны апарат, які разганяецца бартавым ракетным рухавіком і ляціць за кошт набытай кінетычнай энергіі. Можа манеўраваць на арбіце, часова сыходзіць з яе і вяртаецца на зямлю. Скорасць да максімальных звышгукавых, вышыня палёту да 150 км. Выкарыстоўваўся для даследавання гіпергукавых палётаў, выпрабавання матэрыялаў, аэрадынамічных форм і інш. Р. (ракетапланёрам), называўся таксама пілотны апарат з ракетным рухавіком, які выкарыстоўваўся ў 1930-я г.; узлёт яго ажыццяўляўся з самалёта.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАНУКЛЕА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія расшчапляюць рыбануклеінавыя кіслоты шляхам разрыву фосфарна-эфірных сувязей у поліпептыдным ланцугу. Пашыраны ў жывых арганізмах. Найб. вывучана панкрэатычная Р., якая вылучана з падстраўнікавай залозы быка (першы фермент, для якога вызначана паслядоўнасць усіх 124 амінакіслотных астаткаў і ажыццёўлены яго хім. сінтэз; 1960-я г.). Выкарыстоўваюць у біяхім. даследаваннях, для вывучэння структуры нуклеінавых к-т, у медыцыне для прыгнечання росту пухлін, лячэння некат. тыпаў лейкозаў, як абязбольвальны сродак.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],

хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. actio дзеянне),

1) дзеянне, стан, працэс, якія ўзнікаюць у адказ на якое-н. уздзеянне. Напр., Р. вока на святло адбываецца пры знешнім яго раздражненні; Р ацэначная ці на крытыку выяўляецца псіхалагічна-эмацыянальным станам асобы (гл. Рэакцыя ў псіхалогіі); ператварэнні адных рэчываў у другія — вынік рэакцый хімічных.

2) Палітыка актыўнага супраціўлення грамадскаму прагрэсу; паліт. рэжым, устаноўлены для захавання грамадскіх парадкаў, якія ўстарэлі, аджылі свой век.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́ТАР (ад лац. resono адгукаюся),

вагальная сістэма, у якой могуць адбывацца ваганні найб. амплітуды (гл. Рэзананс) пры ўздзеянні знешняй сілы пэўнай частаты і формы.

Звычайна Р. адгукаецца на гарманічныя (сінусаідальныя) ўздзеянні, частата якіх блізкая да частаты яго ўласных ваганняў. Пры несінусаідальных уздзеяннях у Р. ўзнікаюць ваганні складанай формы, аднак у спектры ваганняў пераважаюць частоты, блізкія да частот уласных ваганняў, напр., вагальны контур, аб’ёмны рэзанатар, аптычны рэзанатар, рэзанатар акустычны.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́ТАР АКУСТЫ́ЧНЫ,

сістэма з вызначанай частатой уласных ваганняў, у якой пад уздзеяннем знешняга гукавога поля ўзнікае рэзананс. Прыклады Р.а.: камертон, мембрана, рэзанатар Гельмгольца, паветр. поласць. У Р.а., змешчаным у гукавым полі, узнікаюць гукавыя ваганні. Найб. амплітуду маюць тыя вымушаныя ваганні, частата якіх супадае з уласнай частатой Р.а. З дапамогай Р.а. можна зрабіць аналіз гуку і вызначыць яго спектральны састаў. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення гукаў пэўных частот, прыглушэння шуму, гукаізаляцыі.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі стараж. багіня, тытаніда (гл. Тытаны), жонка і сястра тытана Кронаса. Лічылася дачкой Урана і Геі. Паводле міфаў, Р. нарадзіла Кронасу дачок і сыноў Гестыю, Дэметру, Геру, Аіда, Пасейдона і Зеўса. Кронас, які баяўся страціць уладу над светам, паядаў сваіх дзяцей. Р. шляхам падману выратавала і схавала ад яго Зеўса і Пасейдона. У перыяд позняй антычнасці Р. атаясамлівалі з фрыгійскай Вялікай маці багоў і называлі Р.-Кібелай.

т. 14, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САК,

у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавага мяшка, прывязанага да драўлянага абруча ў форме паўкруга, да якога пасярэдзіне прымацоўвалі доўгую ручку. Распраўлены ў вадзе С. нагадвае конус, падзелены па даўжыні папалам. Рыбачаць С. уброд і з лодкі. Адкрытай часткай падводзяць да куста ці да травы і заганяюць у яго рыбу шастом або нагамі. Выкарыстоўваюць пераважна для лоўлі рыбы ў рэках. Вядомы па ўсёй Беларусі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)