АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],
раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, на паўд. беразе воз. Белае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Азёры». За 25 км на У ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Жытомля. 4306 ж., 1768 двароў (1994).
Упершыню згадваюцца ў 1398 як «двор Вітаўта». У 15—17 ст. велікакняжацкае ўладанне, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1518 упамінаецца як мястэчка. У пач. 19 ст.засн.Азёрская папярова-кардонная фабрыка і Азёрская суконная мануфактура, у 1895 — гарбарнае прадпрыемства. У 1897 — 3283 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—62 у Скідзельскім р-не. У 1940—55 гар. пасёлак.
Акц.т-ва «Гродзенская зверагаспадарка». Сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз.сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква і касцёл. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту, неаліту (нёманская культура) і бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІ́ДАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав.Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз.сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст.н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВАў мовазнаўстве, частка слова, носьбіт яго лексічнага значэння. У склад асновы ўваходзяць корань і афіксы словаўтварэння («сад — пера-сад-к-а — сад-ов-ы»). Адрозніваюць 2 тыпы асновы: невытворную (простую), фармальна роўную кораню («горад», «кніг-а»), і вытворную (складаную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння («стал-іц-а», «за-столь-н-ы»).
Асновы лічыцца вытворнай, калі існуе простая з тым самым коранем («стал-ов-ы — стол») ці складаная з інш. афіксацыяй («ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы»). Суадносная складаная аснова наз. звязанай. Страта сувязі з простай або звязанай асновай вядзе да апрошчання («заўтра» з «за-утра», «рубель» з «руб-ель»). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Простая ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і гэтак далей («дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожнічаць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З (БСС),
арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.Абрамовіч, Т.Куніцкі, І.Гагалінскі, М.Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час.«Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.
Хор Беларускага студэнцкага саюза (у цэнтры Р.Шырма і М.Забэйда-Суміцкі). Вільня.Члены Беларускага студэнцкага саюза. Вільня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНГА́ЛІЯ,
гістарычная вобласць у Індыі, у бас. ніжняга цячэння Ганга і дэльты Ганга і Брахмапутры. У старажытнасці розныя часткі Бенгаліі вядомыя пад назвай Анга, Ванга, Гауда і інш. Агульная назва Бенгаліі з’явілася каля 10—12 ст. У 8 — пач. 13 ст. на тэр. Бенгаліі існавалі дзяржавы на чале з дынастыямі Палаў, пазней Сенаў. На пач. 13 ст. Бенгалія ўключана ў Дэлійскі султанат. У сярэдзіне 14 ст. стала незалежная. У 1575 заваявана Вялікімі Маголамі. На пач. 18 ст. на тэр. Бенгаліі ўзнікла самаст. дзяржава. У 1757 падпарадкавана англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1905 падзелена англ. ўладамі на адасобленыя тэр., у 1911 зноў аб’яднана. У 1947 у сувязі з падзелам Брыт. Індыі на самаст. дзяржавы Індыю і Пакістан Зах. Бенгалія адышла да Індыі, Усх. Бенгалія — да Пакістана. У 1971 на тэр.Усх. Бенгаліі створана дзяржава Бангладэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛК НАРО́ДНАГА АПАЛЧЭ́ННЯў Вялікую Айчынную вайну.
Сфарміраваны 9—12.7.1941. Камандзір Ф.Я.Уткін (загінуў), камісар С.Р.Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі Цэнтр. фронту. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў эвакуацыі з-даў і ф-к, вялі барацьбу з дыверсантамі, ахоўвалі прамысл. аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жн. разам з войскамі Чырв. Арміі полк вёў баі за Гомель: трымаў абарону на паўн. подступах да горада, перакрываў шашу Магілёў—Гомель і чыг. Бабруйск—Гомель. Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля в. Сямёнаўка і Пакалюбічы, у раёне Навабеліцы (гл.Гомеля абарона 1941). 19 жн.ням.-фаш. войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жн. абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў Чырв. Арміі, у падполлі, партыз. атрадах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСКІ (Станіслаў Батыс) (6.5.1802, в. Дварэц Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.5.1864),
бел. батанік-фларыст, медык, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1825). У 1829—32 заг.бат. саду Віленскага ун-та, у 1832—42 ад’юнкт, праф. Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1842—47 жыў у Паставах, займаўся батанікай і энтамалогіяй, працаваў з арнітолагам К.Тызенгаўзам. Некаторы час жыў за мяжой, працаваў у музеях і б-ках Берліна. Горскі адзін з першых даследчыкаў флоры Белавежскай пушчы. Склаў пералік сабраных ім у 1820—29 насенных раслін (1830), каталог раслін бат. саду Віленскай мед.-хірург. акадэміі (1834), табліцы з малюнкамі 20 відаў раслін (выдадзены ў 1849), меў цесныя сувязі з батанікамі Еўропы, забяспечваў гербарыямі і ўзорамі расліннасці Беларусі і Літвы вучоных-прыродазнаўцаў Вены, Неапаля, Палерма, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі. Імем Горскага названы некат. віды раслін і насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДНІЦКАЕ ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія рэгламентуюць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адкрыццямі, вынаходствамі, рацыяналізатарскімі прапановамі і іх выкарыстаннем. У Рэспубліцы Беларусь крыніцамі вынаходніцкага права з’яўляюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон «Аб патэнтах на вынаходствы» ад 5.2.1993, інш. нарматыўныя акты. Палажэнні вынаходніцкага права пашыраюцца на аўтараў адкрыццяў, вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў — фіз. і юрыд. асоб Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыд. асоб — і вынікі іх вынаходніцкай дзейнасці на тэр. Беларусі. Калі міжнар. дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены інш. правілы, чым тыя, што змешчаны ў нац. заканадаўстве, выкарыстоўваюцца правілы міжнар. дагавору.
Вынаходніцкае права замацоўвае за аўтарамі права на ўзнагароджанне і шэраг немаёмасных правоў (права на аўтарства, права даць вынаходству сваё імя ці якую-небудзь спец. назву і інш.), рэгулюе парадак выкарыстання вынаходстваў і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў і інш. Правы аўтараў ахоўваюцца ў адм. і судовым парадку.