ГО́РСКІ (Канстанцін Канстанцінавіч) (13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),
скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.
Літ.:
Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФЕР ((Hofer) Андрэас) (22.11.1767, г. Сан-Леанарда-ін-Пасірыя, Італія — 20.2.1810),
кіраўнік узбр. выступлення супраць баварскага панавання ў аўстр. Ціролі ў 1809. Карчмар. У пач. 1809 наведаў Вену, дзе ўзгадніў план паўстання. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы (пераважна сяляне) тройчы вызвалялі Ціроль ад баварскіх і саюзных ім франц. войск (поспеху паўстанцаў спрыялі падзеі аўстра-франц. вайны 1809). У жн. — кастр. 1809 Гофер — фактычны правіцель Ціроля. Пасля заключэння 14.10.1809 Шонбрунскага міру паміж Аўстрыяй і Францыяй паўстанне задушана ваен. сіламі французаў. У выніку здрады Гофер трапіў у палон, паводле загаду Напалеона I расстраляны.
Літ.:
Пристер Е. Краткая история Австрии: Пер. с нем. М., 1952. С. 325, 328—330.
рускі журналіст, пісьменнік, філолаг. Чл.-кар.Пецярб.АН (1827). У 1812—39 рэдактар-выдавец (з 1826 з Ф.Булгарыным) час.«Сын отечества», які да сярэдзіны 1820-х г. быў звязаны з дзекабрысцкімі коламі, пасля 1825 эвалюцыяніраваў да кансерватызму. У 1831—59 з Булгарыным выдаваў газ. «Северная пчела», якая была пад апекай 3-га аддзялення, што загадвала паліт. наглядам. Аўтар рамана «Чорная жанчына» (1834), першай кн. па гісторыі рус. л-ры «Спроба кароткай гісторыі рускай літаратуры» (1822), «Пачатковых правілаў рускай граматыкі» (1828), мемуараў «Запіскі пра маё жыццё» (поўнасцю выд. 1886). З Булгарыным сатырычна апісаны ў бел. паэме «Тарас на Парнасе».
руская пісьменніца і мастак. З 1890 вучылася ў школе Т-ва падтрымкі мастацтваў у Пецярбургу. У друку дэбютавала ў 1905 ілюстрацыямі да «Бабуліных казак» Ж.Санд і апавяданнем «Ранняя вясна». Прымыкала да літ. групы куба-футурыстаў. Першы зб. апавяданняў, вершаў і п’ес «Шарманка» (1909). Кніга «Асенні сон» (1912) напісана пад уплывам паэтаў-сімвалістаў. Самая значная кніга — «Нябесныя вярблюдзяняты» (1914). Творчасць Гуро адлюстроўвае пераходную стадыю ад імпрэсіянізму і сімвалізму да футурызму.
Тв.:
Selected prose and poetry. Stockholm, 1988 (дзённік, вершы і проза, «Бедны рыцар»).
Літ.:
Ковтун Е. Гуро, поэт и художник // Памятники культуры, 1976. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 15.2.1941, г. Екацярынбург, Расія),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). У 1961—67 працаваў у т-рах Казані, Свярдлоўска, Бранска. З 1967 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца роляў героіка-рамантычных, характарных і лірычных.
Творчая манера адметная спалучэннем мяккага лірызму з адчуваннем драматызму чалавечага лёсу. Сярод лепшых роляў: Башлыкоў («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), князь Уладзімір («Гора і слава» А.Петрашкевіча), Васіль («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Павел, Сяргей («Грэшнае каханне», «Амазонкі» А.Дзялендзіка), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Дон Хуан («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), Фіеска («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.Шылера), Бусыгін («Спатканне ў прадмесці» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ, эфектыўнае значэнне,
сярэднеквадратычнае за перыяд значэнне перыядычнай эл. велічыні (сілы току, напружання і інш.). Напр., Дз.з. сілы пераменнага току вызначаецца цеплавым дзеяннем току (Джоўля—Ленца закон захоўвае свой від, калі пад сілай пераменнага току разумеюць яго Дз.з.). Для велічынь, якія змяняюцца па сінусаідальным законе, Дз.з. ў √2 разоў меншае за амплітуду (найб. значэнне). У электратэхніцы Дз.з. напружання, электрарухальнай сілы і сілы току запісваюць без якіх-н. адзнак (усе амперметры і вальтметры вымяраюць Дз.з. току і напружання), напр., калі ў эл. сетцы напружанне 220 В, то менавіта 220 В — Дз.з. напружання, а яго амплітуднае значэнне (двойчы за перыяд) роўнае 220 √2 В.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ АБ’ЯДА́ННЕ «БЕЛКАНЦЭ́РТ».
Створана ў 1992 у Мінску ў выніку рэарганізацыі канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт» (да 1990 наз.Белдзяржэстрада) як Рэсп. дырэкцыя эстрадна-цыркавога мастацтва; з 1996 сучасная назва. Маст. кіраўнік В.Вуячыч. У складзе «Белканцэрта» (1997): творчыя аб’яднанні фестываляў і конкурсаў, «Студыя «Сябры», «Верасы»; маладзёжны т-р эстрады, цыркавыя калектывы «Беларусь», «Мінчане», «Паяцы», вак.-інстр. група пад кіраўніцтвам У.Ухцінскага, вак.-інстр. ансамбль «Карусель», вак. ансамбль «Славяне»; эстрадна-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічныя групы «Сэнс», «Фіеста», танц. ансамбль «Архідэя», цыганскі фалькл. ансамбль «Гіля-Рамэн»; лялечны т-р «Лялькі і акцёры», дзіцячы вак. ансамбль «Званочкі», вял. трупа салістаў-вакалістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),
найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗпад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),
птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.
Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́СЕНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
аперацыя партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.І.Петракоў) па падрыве 110-метровага чыг. моста цераз р. Дрыса на лініі Даўгаўпілс—Полацк у Дрысенскім р-не Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, праведзеная 4 жніўня. Мост ахоўваў фаш. гарнізон (70 чал.), падыходы былі замініраваны, абнесены агароджай з калючага дроту. У ходзе аперацыі ўдарная група з 3 партыз. атрадаў пад кіраўніцтвам П.М.Машэрава знішчыла ахову моста; група падрыўнікоў на чале з П.Р.Мандрыкіным узарвала мост. У выніку аперацыі рух на магістралі быў спынены на 16 сутак, прапускная здольнасць дарогі зменшылася з 60 да 8 эшалонаў за суткі.