КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання

(канфесіі),

а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.

Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.​Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.​Віньёла, К.​Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).

На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст. Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст. асн. маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).

С.​А.​Сергачоў, Т.​В.​Габрусь.

Да арт. Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.
Да арт. Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).
Да арт. Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАДРА́МА (ад грэч. melos песня, мелодыя + драма),

1) жанр драматургіі; п’еса з завостранай інтрыгай, павышанай эмацыянальнасцю, рэзкім проціпастаўленнем дабра і зла. Для яе характэрны дынамізм, патэтыка, гіпербалізаваны паказ страсцей, адкрытая маральна-дыдактычная тэндэнцыйнасць.

Узнікла ў сярэдзіне 18 ст. ў Францыі як муз.-драм. твор. З канца 18 ст. стала жанрам літ. драмы, атрымала пашырэнне ў еўрап. т-ры. Прайшла складаны шлях развіцця. Найб. росквіт М. прыпадае на эпохі бурных грамадскіх узрушэнняў, а яе затуханне — на перыяд спакойнага, стабільнага жыцця На Беларусі М. ўзнікла ў пач. 20 ст., у перыяд адраджэння бел. прафес. т-ра. Найчасцей развівалася не ў «чыстым» выглядзе, а з выкарыстаннем асобных яе элементаў. Аўтары выбіралі даходлівую для гледачоў форму, найб. просты і адкрыты спосаб уздзеяння на іх эмоцыі і пачуцці. Бел. М. мае дэмакр. накіраванасць, сац. напоўненасць і значнасць. Пакінула выразны адбітак на драматург. творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» і інш.), М.​Гарэцкага («Атрута»), К.​Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя»), Л.​Родзевіча («Блуднікі», «Пакрыўджаныя»), У.​Галубка («Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў», «Праменьчык шчасця», «Ганка», «Пан Сурынта» і інш.), М.​Чарота («На Купалле»), В.​Гарбацэвіча («Чырвоныя кветкі Беларусі») і інш. З 2-й пал. 1920-х г. жанр М. ў бел. драматургіі не атрымлівае шырокага развіцця. Асобныя прыёмы і элементы М. выкарыстаны ў п’есах К.​Крапівы («Людзі і д’яблы», «На вастрыі»), П.​Васілеўскага («Дзіўны дом»), І.​Шамякіна («І змоўклі птушкі»), А.​Дзялендзіка («Грэшная любоў») і інш. 2) Музычна-драматычны твор, у якім маналогі і дыялогі дзеючых асоб чаргуюцца з музыкай ці суправаджаюцца ёю (напр., «Арфей» Е.​Фаміна на словы Я.​Княжніна, 1792).

3) Жанр кінематографа; фільм пра ўзвышаныя пачуцці і ракавыя абставіны лёсу. Для яго характэрна. кантрастнасць у абмалёўцы герояў, напружанасць дзеяння, дыдактычны фінал.

З’явілася ў 1900-я г. (франц. стужка «Любоўны раман», 1904). У еўрап. традыцыі М. ўяўляе сабой гісторыю пакутлівай ахвяры, што паддалася спакусам лёсу (варыяцыі на тэму італьян. стужкі «Дама з камеліямі», 1916). Такіх гераінь увасаблялі рус. актрыса В.​Халодная, датчанка А.​Нільсен, шведка Г.​Гарба, англічанка В.​Лі. Да вышынь сусв. мастацтва М. ўзняў Ч.​Чаплін («Парыжанка», 1923). У амер. кіно М. — гэта найчасцей сучасная гісторыя Папялушкі, якая шчасліва заканчваецца («Смешная дзяўчынка», 1968, рэж. У.​Уайлер). Расійскі варыянт такой М. — фільм У.​Мяньшова «Масква слёзам не верыць» (1980). Рамант. М. пра любоўныя прыгоды сцвярджае актыўнасць жанчыны ў пошуках кахання (у ЗША — «Знесеныя ветрам», 1939, рэж. В.​Флемінг, «Вестсайдская гісторыя», 1961, рэж. Р.​Уайз, «Гісторыя кахання», 1970, рэж. А.​Хілер; у Францыі — «Мужчына і жанчына», 1966, рэж. К.​Лелуш; серыял пра Анжаліку, 1964—68). Асобную групу складаюць М., у якіх героі — людзі з народа. Такія М. вылучаюцца выкарыстаннем нар. традыцый, заснаваны на сямейна-быт. і сац. праблематыцы. М. як нар. экранны эпас — адметнасць італьян. неарэалізму («Аповесць пра бедных закаханых», 1953, рэж. К.​Лідзані; «Нявеста Бубе», 1963, рэж. Л.​Каменчыні), інд. муз.-пластычнай культуры («Бадзяга», 1951, рэж. Р.​Капур), аргенцінскай муз. М. («Узрост кахання», 1954, рэж. Х.​Сарасені), рас. фільма — нар. лубка («Свінарка і пастух», 1941, рэж. І.​Пыр’еў) і муз. шоу («Цырк», 1936, рэж. Р.​Аляксандраў).

У бел. кіно М. развілася як сямейна-быт. любоўная гісторыя: фільмы «Маё каханне» У.​Корш-Сабліна (1940), «Зялёныя агні» (1956) і «Шчасце трэба берагчы» (1958) І.​Шульмана, «Нашы суседзі» (1957) і «Каханнем трэба даражыць» (1960) С.​Сплашнова, «Кветкі правінцыі» Дз.​Зайцава (1995). Меладраматычныя рысы маюць некаторыя фільмы на гіст. тэматыку «Кастусь Каліноўскі» У.​Гардзіна (1928), «Чырвонае лісце» Корш-Сабліна (1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.​Фігуроўскага (1959), а таксама тэлесерыялы «Раман імператара» Д.​Ніжнікоўскай (1994), «Пракляты ўтульны дом» У.​Арлова (1999).

Літ.:

Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Яго ж. Беларуская савецкая драматургія, 1917—1932. Мн., 1968;

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1. Мн., 1969;

Шилова И. О мелодраме // Вопросы киноискусства. М., 1976. Вып. 17;

Зоркая Н.М. На рубеже столетий: У истоков массового искусства в России 1900—1910 гг. М., 1976.

А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно).

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць карысных выкапняў, выяўленых у нетрах асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, прыдатных і даступных для асваення. З’яўляюцца сыравіннай асновай для развіцця найважнейшых галін прамысл. вытв-сці (энергетыка, паліўная прам-сць, чорная і каляровая металургія, хім. прам-сць, буд-ва і інш.), а таксама аб’ектам міжнар. супрацоўніцтва. Паводле сферы выкарыстання М.р. падзяляюцца: на паліўна-энергетычныя (нафта, прыродны газ, вуглі, гаручыя сланцы, торф, уранавыя руды); руды чорных металаў (жалезныя, марганцавыя, хромавыя і інш.); руды каляровых і легіруючых металаў (алюмінію, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, вальфраму, малібдэну, волава, сурмы, ртуці і інш.); руды рэдкіх і высакародных металаў; горна-хімічныя (фасфарыты, апатыты, каменная, калійныя і магнезіяльныя солі, сера, борныя руды, бром і ёдазмяшчальныя растворы, барыт, флюарыт і інш.); каштоўныя вырабныя камяні, нярудная індустрыяльная сыравіна (слюда, графіт, азбест, тальк, кварц і інш.); нярудныя буд. матэрыялы (цэментная і шкловая сыравіна, мармур, базальт, граніт, гліны, пяскі); гідрамінеральныя (падземныя прэсныя, мінер. і тэрмальныя воды). Паняцце «М.р.» мяняецца з часам у залежнасці ад узроўню развіцця грамадства, патрэб вытв-сці, узроўню тэхн. прагрэсу і магчымасцей эканомікі. Напр., каменны вугаль стаў карысным выкапнем прамысл. значэння толькі ў канцы 17 ст., нафта — у сярэдзіне 19 ст., руды алюмінію, магнію, хрому рэдкіх элементаў, калійныя солі — у канцы 19 — пач. 20 ст., уранавыя руды — у сярэдзіне 20 ст. М.р. колькасна ацэньваюцца запасамі карысных выкапняў і прагнознымі рэсурсамі, якія размеркаваны ў нетрах Зямлі вельмі нераўнамерна. Напр., больш за 80% запасаў вугалю сканцэнтравана ў нетрах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Паўднёва-Афр. Рэспублікі, 87% марганцавых руд — у Паўднёва-Афр. Рэспубліцы і Аўстраліі, 86% калійных солей — у Канадзе. Гл. таксама табл.

Частка М.р., падрыхтаваная геолагаразведачнымі работамі да асваення, наз. мінеральна-сыравіннай базай. Прамысл. асваенне М.р. уключае іх ацэнку (навукова-доследныя, пошукавыя і геолагаразведачныя работы) і ўласна асваенне (здабыча, абагачэнне і перапрацоўка). М.р. з’яўляюцца неўзнаўляльнымі прыроднымі рэсурсамі, што абумоўлівае неабходнасць рацыянальнага іх выкарыстання, уліку эколага-эканам. падыходаў пры распрацоўцы, скарачэння страт пры здабычы, перапрацоўцы і транспарціроўцы, а таксама утылізацыі другаснай сыравіны.

П.​З.​Хоміч.

Размеркаванне асноўных відаў мінеральных рэсурсаў, 1997
Карысныя выкапні Еўропа (без Расіі) Азія (без Расіі) Расія Афрыка Амерыка Акіянія і Аўстралія Усяго сусветных запасаў
Нафта, уключна з газавым кандэнсатам, млн. т 2964,5 97220,7 21252,9 10252,3 22822,4 560,6 155073,4
Прыродны газ, млрд. м³ 6425,4 61108,8 47380 9302,2 14571 618,3 139405,7
Вугаль, млн. т 676002 1323605 279582 178138 1894884 879700 5231911
Уран, тыс.т 969,84 5675,44 1586 2079,77 5606,66 895 16812,71
Жалезная руда, млн. т 52042 54309 100909 52499 88056 33440 381255
Марганцавая руда, млн. т 2560 1383 152 5139 889 267 10390
Хромавыя руды, млн. т 132,7 1322,4 310,28 13051,5 553 127 15496,88
Баксіты, млн. т 2098 8284 674 26459 14802 9903 62220
Вальфрамавыя руды (у пераліку на аксід), тыс. т 350 2332 420 62 903 34 4101
Медныя руды (у пераліку на метал), тыс. т 80002 226699 няма звестак 83348 509028 33509 932586
Малібдэнавыя руды (у пераліку на метал), тыс. т 10 3861 няма звестак 19 9706 109 13705
Нікелевыя руды (у пераліку на метал), тыс. т 8420 28400 7300 17730 39295 31010 132155
Алавяныя руды (у пераліку на метал), тыс. т 285 4850 300 680 3555 400 10070
Свінцовыя руды ( у пераліку на метал), тыс. т 28983 79307 14150 16850 55675 24400 219365
Цынкавыя руды (у пераліку на метал), тыс. т 66636 182790 няма звестак 35470 139650 65000 489546
Калійныя солі (у пераліку на аксід), млн. т 3296 2780 19118 179 14915 няма звестак 40288
Фасфатныя руды (апатыты і фасфарыты), млн. т 1647,1 17996,1 4827,5 20715,3 23509,5 927,6 69623,1
Серабро, т 156700 194100 няма звестак 53600 339000 55400 798800
Золата, т 2532 14212 няма звестак 43328 24913 6365 91350
Алмазы, млн. каратаў няма звестак 52 няма звестак 3243,1 817 705 4817,1

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАТРА́ЛЬНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма прафесійнай падрыхтоўкі акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. работнікаў у галіне тэатр. мастацтва. Мае розныя формы (курсы, студыі, школы, вучылішчы, тэхнікумы, ін-ты, акадэміі).

Зарадзілася ў т-ры Стараж. Рыма. Асобую пед. сістэму падрыхтоўкі акцёраў выпрацаваў школьны тэатр (у Зах. Еўропе ў 15—18 ст., на Беларусі ў 16—18 ст.). У канцы 19 ст. пед. характар набыла работа рэжысёра. У Расіі першая тэатр. школа засн. ў 1673 у Маскве. У 18 ст. арганізавана пастаянная тэатр. школа ў Пецярбургу і драмклас у Маскве. Уклад у Т.а. зрабілі А.​Астроўскі, І.​Дзмітрэўскі, А.​Ленскі, У.​Неміровіч-Данчанка, К.​Станіслаўскі, А.​Сумарокаў, А.​Шахаўской, М.​Шчэпкін.

На Беларусі Т.а. бярэ пачатак у народным тэатры. Існавалі спец. школы бел. скамарохаў, школы дрэсіроўкі мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска, в. Ракаў (Валожынскі р-н), на Палессі, «Смаргонская акадэмія», школа вераўчаных скакуноў у в. Семежава (Капыльскі р-н, 19 ст.). Развіццё Т.а. ў 19 — пач. 20 ст. звязана з дзейнасцю В.​Дуніна-Марцінкевіча, І.​Буйніцкага, Ф.​Ждановіча, У.​Фальскага. У 1919 арганізаваны вучэбныя акцёрскія курсы, студыі па падрыхтоўцы інструктараў па т-ры ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мазыры; яны ж — пашыраныя формы Т.а. і ў 1920—30-я г. Студыі існавалі амаль пры ўсіх т-рах Беларусі. Падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася таксама ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве (маст. кіраўнік В.​Смышляеў, існавала на правах ВНУ) і Беларускай студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (кіраўнік Б.​Жукоўскі), а таксама Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1939, кіраўнікі курсаў М.​Тарханаў, Л.​Леанідаў). Павышэнню прафес. падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў садзейнічалі Інбелкульт (1925), 3-месячныя курсы для Бел. трама пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме і для БДТ-3 у Маскве (1934). У 1931—33 у Мінску працаваў Беларускі тэхнікум сцэнічнага мастацтва, у 1938—41 — Рэсп. Тэатральнае вучылішча. Уклад у Т.а. зрабілі рэжысёры-педагогі Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Кавязін, М.​Зораў, кіраўнікі студый Л.​Літвінаў, М.​Міцкевіч, Л.​Рахленка, Ц.​Сяргейчык. Сістэматычная падрыхтоўка прафес. кадраў пачалася ў 1945, калі быў створаны Бел. тэатр. ін-т (з 1953 Бел. тэатр.-мастацкі ін-т, з 1991 — Беларуская акадэмія мастацтваў). Важнае значэнне для развіцця Т.а. мела і мае пед. практыка Б.​Мардвінава, Дз.​Арлова, Л.​Мазалеўскай, В.​Рэдліх, У.​Маланкіна, У.​Няфёда, А.​Сабалеўскага і інш. У акадэміі рыхтуюць акцёраў т-ра і кіно, т-ра лялек, рэжысёраў, тэатр. мастакоў, тэатразнаўцаў. Рэжысёраў для аматарскіх т-раў рыхтуе Беларускі універсітэт культуры (створаны ў 1975), кіраўнікоў тэатр. аматараў — культ.-асв. вучылішчы, каледж мастацтваў у Мінску.

Артыстаў для муз. т-раў на Беларусі пачалі рыхтаваць у 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх т-рах і школах. У 2-й пал. 18 ст. існавалі Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная шкала, Слуцкая балетная шкала, Шклоўская балетная школа. Уклад у падрыхтоўку муз.-тэатр. кадраў зрабілі балетная студыя пры БДТ (створана ў 1921, кіраўнік К.​Алексютовіч), Мінскі муз. тэхнікум (створаны ў 1924) і адкрытыя пры ім вышэйшая балетныя (у 1925—26) і оперныя (у 1927—28) класы, на базе якіх у 1930 створана Беларуская студыя оперы і балета, а ў 1943 — балетная школа пры Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1939 па ініцыятыве З.​Васільевай у Рэсп. тэатр. вучылішчы адкрыта спец. харэаграфічнае аддзяленне, якое працавала па праграме харэаграфічных вучылішчаў. У 1945 арганізавана Дзярж. харэаграфічнае вучылішча Беларусі (гл. Дзяржаўны харэаграфічны каледж Рэспублікі Беларусь). Цэласную сістэму муз.-тэатр. адукацыі завяршала стварэнне ў 1932 Бел. кансерваторыі (гл. Беларуская акадэмія музыкі), дзе рыхтуюць артыстаў оперы і аперэты, оперных дырыжораў вышэйшай кваліфікацыі. Кіраўнікоў аматарскіх муз.-тэатр. калектываў рыхтуюць у Бел. ун-це культуры і культ.-асв. вучылішчах.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;

Сохар Ю. Беларуская тэатральная адукацыя: зараджэнне. станаўленне, прабл. развіцця // Мастацтва Беларусі. 1985. № 1;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990.

Ю.​М.​Сохар.

т. 16, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАЦЫЙНА-СТРУКТУРНАЯ БУДОВА СПОРТУ І ТУРЫЗМУ.

Фізічная культура, спорт і турызм развіваюцца ў краіне на аснове Закона Рэспублікі Беларусь аб фізічнай культуры і спорце (ад 18.6.1993; у апошняй рэдакцыі ад 29.11.2003), Закона аб турызме (1999), Дзярж. праграмы развіцця фіз. культуры і спорту Рэспублікі Беларусь на 2003—06 (зацверджана Саветам Міністраў 26.2.2003) і інш. пастаноў урада, указаў Прэзідэнта. Распрацавана і прынята канцэпцыя фіз. выхавання насельніцтва для ўсіх узроставых катэгорый. Распрацаваны і функцыянуюць шматлікія праграмы і комплексы фіз. выхавання і развіцця спарт. майстэрства, фестывалі, злёты, спаборніцтвы, найперш сярод навучэнцаў, студэнтаў, моладзі, ваеннаслужачых, а таксама сярод насельніцтва па месцы жыхарства, сярод пажылых і інвалідаў. Да сістэматычных заняткаў фіз. культурай і спортам прыцягнута каля 1 млн. чалавек (кожны 10-ы жыхар краіны), а з улікам удзельнікаў усіх дзярж. і інш. праграм гэта лічба дасягае амаль 30% ад усяго насельніцтва. У фізкультурна-спарт. галіне працуе каля 24 тыс. спецыялістаў.

Агульнае кіраўніцтва фізкульт., спарт. і турысцкімі ўстановамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі, комплексамі і калектывамі краіны і ўзаемадзеянне паміж імі ажыццяўляе Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Структура Міністэрства ўключае ўстановы арганізац. і кіраўніцкага сектара, падрыхтоўкі кадраў і навуч. ўстановы, спарт. комплексы і збудаванні, установы мед. забеспячэння спорту, культурна-масавага прызначэння, комплекс турысцкіх устаноў і арганізацый. У яго распараджэнні знаходзяцца таксама спарт. структуры і навуч. спарт. ўстановы абласнога, раённага і гар. ўзроўняў. Міністэрства арганізуе, падтрымлівае і развівае сувязі з інш. спарт. структурамі рэспублікі: Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК), рэспубліканскімі і абласнымі федэрацыямі па відах спорту, іншымі міністэрствамі і ведамствамі ў сферы спорту і турызму, навуч. спарт. ўстановамі і інш.

У ліку асн. структурных адзінак Міністэрства ў сферы кіравання спортам: дырэктарат нац. каманд Рэспублікі Беларусь па відах спорту; 7 упраўленняў фіз. культуры, спорту і турызму аблвыканкомаў і Мінскага гарвыканкома; 166 аддзелаў фіз. культуры і спорту гаррайвыканкомаў; 4 рэсп. цэнтры алімп. падрыхтоўкі па відах спорту; штатныя нац. каманды па 45 відах спорту; сектар навуч. спарт. устаноў, якому падпарадкаваны вядучая спарт. ВНУ рэспублікі — ун-т фіз. культуры, інстытут павышэння кваліфікацыі спарт. кадраў, НДІ фіз. культуры і спорту, рэсп. вучылішча алімп. рэзерву, 5 рэсп. школ вышэйшага спарт. майстэрства па відах спорту, 3 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімп. рэзерву (СДзЮШАР), 2 рэсп. дзіцяча-юнацкія спартшколы (ДзЮСШ). У структуры спарт. адукацыі рэсп. падпарадкавання: 71 СДзЮШАР, 93 ДзЮСШ, 48 дзіцяча-юнацкіх калектываў фізкультуры прафсаюзаў (ДзЮКФП), а таксама 49 прафсаюзных СДзЮШАР і 128 ДзЮСШ. Працуюць 8 абл. і гар. вучылішчаў алімп. рэзерву, 7 школ вышэйшага спарт. майстэрства, 12 СДзЮШАР, 6 ДзЮСШ абл. падпарадкавання; 14 СДзЮШАР і 46 ДзЮСШ гар. і раённага падпарадкавання. Вядуць работу 6 абл. вучэбна-метадычных цэнтраў фіз. выхавання насельніцтва, 101 раённы і гар. фізкультурна-спарт. клуб і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, 7,7 тыс. калектываў фізкультуры, спарт. клубаў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, навуч. устаноў, клубаў па спарт. інтарэсах, спарт. секцый і гурткоў. Пытанні мед. забеспячэння спарт. сферы распрацоўваюць рэсп. дыспансер спарт. медыцыны, 15 абл. і гар. дыспансераў спарт. медыцыны.

У ліку асн. спарт. комплексаў, збудаванняў і ўстаноў у падпарадкаванні Міністэрства знаходзяцца спарт. комплекс «Алімпійскі», рэсп. алімп. спарт. комплексы «Стайкі» і «Раўбічы», «Палац спорту», рэсп. вучэбна-метадычны цэнтр фіз. выхавання насельніцтва, рэсп. навук. бібліятэка па фіз. культуры і спорце, музей гісторыі фізкультуры і спорту, газета «Спортивная панорама».

Міністэрства падтрымлівае супрацоўніцтва: з Бел. фізкультурна-спарт. таварыствам «Дынама», яго абл. саветамі, цэнтрамі фіз. выхавання і спорту студэнтаў і навучэнцаў, 16 СДзЮШАР «Дынама»; са Спарткамітэтам Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь; цэнтрам фіз. выхавання навучэнцаў і студэнтаў Мінадукацыі, абл., гар. і раённымі аддзеламі адукацыі; рэсп. і абл. прафсаюзнымі спарт. структурамі.

Міністэрства пастаянна ўзаемадзейнічае з работай НАК, 7 яго прадстаўніцтвамі па абласцях і ў Мінску, з нац. параалімпійскім камітэтам, з 154 рэспубліканскімі, а таксама з абласнымі федэрацыямі, асацыяцыямі, саюзамі па відах спорту.

Сярод асн. устаноў рэсп. турысцкага комплексу: Нацыянальнае агенцтва па турызме, нац. турысцкі комплекс «Белінтурыст», комплекс матэль-кэмпінг «Інтурыст», «Брэст-інтурыст» і інш.; прафсаюзныя турысцкія ўстановы, у т. л. рэсп. турысцка-экскурсійнае прадпрыемства «Беларустурыст».

т. 18, кн. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫЙНАЕ ПРАВА

У рамках навукі канстытуцыйнага (дзяржаўнага) права даследуецца сістэма канстытуцыйна-прававых норм і адносін, вывучаюцца крыніцы канстытуцыйнага права, тэорыя і практыка рэалізацыі яго норм, канстытуцыйныя асновы прававога становішча чалавека і грамадзяніна, паліт., эканам. і сац. сістэма, прынцыпы арганізацыі і дзейнасці дзярж. органаў Рэспублікі Беларусь.

Станаўленне і развіццё на Беларусі дзярж. права як навукі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст. Вядомыя ў той час вучоныя-юрысты (І.​А.​Ільін, М.​М.​Каркуноў, М.​Л.​Паліенка, Л.​А.​Ціхаміраў, Б.​М.​Чычэрын і інш.) выпрацавалі і вызначылі асн. паняцці дзярж. права, у т. л. ідэі народаўладдзя, дзярж. суверэнітэту, формы праўлення (манархіі, рэспублікі) і інш. З пач. 1920-х г. даследаванні ў гэтай галіне вяліся ў Ін-це бел. культуры і БДУ. Вывучаліся пытанні прававых форм узаемаадносін сав. рэспублік, прыроды іх дзярж. саюза, развіцця заканадаўства. Апублікаваны працы, прысвечаныя сав. дзярж. праву (У.​М.​Дурдзянеўскі, М.​А.​Канаплін, Л.​А.​Рудзіцкі, П.​М.​Галанза, Р.​Я.​Парэчын), гісторыі дзярж. права (арт. В.​Д.​Дружчыца аб становішчы Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля Люблінскай уніі 1569), праблеме суверэнітэту ў сав. дзярж. праве (В.​А.​Дарогін). Выдадзены акты ЦВК, Урада, Савета працы і абароны СССР (1923), працы «Савецкія рэспублікі ў іх узаемаадносінах» (1922) і «Наша Канстытуцыя» (1928) Р.​Я.​Парэчына, «Новая Канстытуцыя Беларускай ССР» І.​І.​Крыльцова (1928). У пасляваенны час даследаваліся праблемы дзярж. будаўніцтва, утварэння бел. сав. дзяржаўнасці (С.П Маргунскі, Л.​А.​Рудзіцкі, В.​А.​Дарогін, І.​І.​Саладкоў), гісторыі дзярж. органаў і права Беларусі (І.​А.​Юхо), тэорыі дзяржавы і права, практыкі дзейнасці сав. органаў (С.​Р.​Драбязка, С.​Р.​Віхараў, І.​Дз.​Вятроў, Н.​А.​Кудзінаў, У.​А.​Кучынскі), дзейнасці сав. дзярж. апарату і мясц. Саветаў, выбарчай сістэмы і выбарчага права (Ю.​В.​Шабанаў, А.​А.​Галаўко, А.​Т.​Лейзераў). Шэраг прац вучоных-юрыстаў быў прысвечаны тэарэт. пытанням дзярж. будаўніцтва, прынцыпам арганізацыі і дзейнасці прадстаўнічых органаў улады, органаў тэр. грамадскага самакіравання, прававога статусу грамадзян (А.​М.​Абрамовіч, Л.​І.​Кукраш, Е.​М.​Тагуноў, А.​Г.​Цікавенка і інш.).

Ва ўмовах незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь навука канстытуцыйнага права развіваецца ў рэчышчы ідэі вяршэнства Канстытуцыі як ядра ўсёй прававой сістэмы. Даследуюцца актуальныя праблемы тэорыі канстытуцыйнага права (Р.​А.​Васілевіч, Дз.​М.​Дземічаў, К.​М.​Кунцэвіч), прававога статусу і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў (С.​Р.​Драбязка, А.​А.​Сакалоўскі, В.​І.​Шабайлаў, А.​Г.​Цікавенка), прававыя асновы рэфармавання мясц. кіравання і самакіравання (В.​А.​Кадаўбовіч, А.​Т.​Лейзераў, В.​І.​Фацееў, Л.​П.​Чагіна), фарміравання дэмакр. сац. прававой дзяржавы, развіцця паліт. сістэмы грамадства (А.​А.​Абрамовіч, А.​А.​Галаўко, А.​У.​Матусевіч), выбарчай сістэмы і рэферэндумаў (Р.​А.​Васілевіч, А.​Я.​Вашкевіч, Н.​П.​Дзенісюк, М.​С.​Чудакоў), бяспекі дзяржавы і дзейнасці органаў унутр. спраў (С.​А.​Трахімёнак, Л.​М.​Рабцаў). Выдадзены «Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі» Р.​А.​Васілевіча, Т.​І.​Доўнар і І.​А.​Юхо (2001), працы Р.​А.​Васілевіча «Канстытуцыя і некаторыя аспекты абароны правоў і свабод грамадзян» і «Органы дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь» (абедзве 1999), навуч. дапаможнікі па канстытуцыйным праве І.​У.​Абуховіч, Р.​А.​Вашкевіча, Дз.​М.​Дземічава, А.​І.​Курака, М.​К.​Кунцэвіча і інш., а таксама «Энцыклапедыя канстытуцыйнага права» В.​Г.​Гаўрыленкі, П.​Г.​Нікіценкі і Н.​І.​Ядзевіч. На кафедры канстытуцыйнага права БДУ вядуцца даследаванні канстытуцыйнага, адм., фін. заканадаўства, асноў канстытуцыйнага ладу, грамадз. супольнасці, забеспячэння аптымальнага балансу інтарэсаў дзяржавы, грамадства і асобы.

Літ.:

Рудзицкий Л.А. Образование белорусской советской государственности. Ученые записки. Мн., 1957;

Абрамович А.М. Государственное управление строительством в СССР. Мн., 1982;

Тиковенко А.Г. Авторитет власти: прошлое и настоящее. Мн., 1994;

Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь. Мн., 1999;

Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2003;

Выборы: правовые основы избирательных технологий. Мн., 2000;

Яго ж. Референдумы в Республике Беларусь и ее путь к независимости в конце XX столетия. Мн., 2001;

Конституционные основы социального государства: Сб. статей. Мн., 2000;

Соколовский А.А. Исполнительная власть Республики Беларусь. Мн., 2001;

Головко А.А. Теоретические основы демократии. Мн., 2003.

Р.​А.​Васілевіч.

т. 18, кн. 2, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац. валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв. гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.

З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАЛО́ГІЯ (ад гельмінты + ...логія),

навука аб паразітычных чарвях — гельмінтах і хваробах (гельмінтозах), што імі выклікаюцца. Вывучае пашырэнне, жыццёвыя цыклы, хваробатворнае дзеянне гельмінтаў, распрацоўвае спосабы дыягностыкі і прафілактыкі гельмінтозаў у чалавека, жывёл і раслін. Даследаванні вядуцца па асн. кірунках: агульная гельмінталогія (вывучае агульныя заканамернасці развіцця паразітычных чарвей, іх сістэматыку і відаўтварэнне), медыцынская гельмінталогія (хваробы чалавека, выкліканыя гельмінтамі, іх дыягностыку, прафілактыку і лячэнне), ветэрынарная і агранамічная гельмінталогія (вывучаюць адпаведна гельмінтаў жывёл і раслін і распрацоўваюць меры барацьбы з імі).

Першыя звесткі пра гельмінты вядомы са старажытнасці (Гіпакрат, Арыстоцель, Авіцэна). Навук. гельмінталогія ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Яе заснавальнік — ням. натураліст К.​Рудольфі, які заклаў асновы сістэматыкі і марфалогіі гельмінтаў. У 1863—76 апублікавана 2-томная праца ням. заолага Р.​Лейкарта пра паразітаў чалавека. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. — эксперым. перыяд у гельмінталогіі. Заснавальнік сав. школы гельмінталогіі — К.І.Скрабін. Ён апісаў больш за 200 новых відаў гельмінтаў, распрацаваў асновы дэгельмінтызацыі (1925), што спалучаюць у сабе прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Развіццю гельмінталогіі ў Расіі спрыялі працы В.​А.​Догеля, Р.​С.​Шульца і інш., на Украіне — А.​П.​Маркевіча.

На Беларусі вялікі ўклад у гельмінталогію зрабілі Х.С.Гарагляд, І.В.Меркушова, Ц.Г.Нікулін, Р.С.Чабатароў, І.​С.​Жарыкаў, В.​Ф.​Літвінаў, В.​А.​Шчарбовіч і інш. Даследаванні па гельмінталогіі вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Л.​І.​Бычкова), Ін-це эксперым. ветэрынарыі (М.​В.​Якубоўскі), у Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах (Р.​Г.​Заяц, Я.​Л.​Бекіш), у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (А.​І.​Ятусевіч). і інш. Распрацаваны многія праблемы біяхіміі і фізіялогіі гельмінтаў, імунітэту і імунадыягностыкі, алергіі пры гельмінтозах і інш.

Літ.:

Чеботарев Р.С. Очерки по истории медицинской и ветеринарной паразитологии. Мн., 1977;

Меркушова И.В., Бобкова А.Ф. Гельминты домашних и диких животных Белоруссии. Мн., 1981;

Романенко Н.А. Санитарная гельминтология. М., 1982;

Гельминтозы человека: (Эпидемиология и борьба). М., 1985.

Р.​Г.​Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)