грамадзянін, выбраны для ўдзелу ў разглядзе крымін. і цывільных спраў у судах па 1-й інстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і ў некаторых краінах СНД. Мае роўныя правы з суддзёй. Як правіла, у склад суда, які разглядае справу, уваходзяць 2 Н.з. (за выключэннем спраў, што паводле заканадаўства могуць разглядацца суддзёй аднаасобна), зацверджаныя ў спісах Н.з. дадзенага суда ва ўстаноўленым парадку. У спісы Н.з. уносяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што дасягнулі 25-гадовага ўзросту і пастаянна пражываюць на тэр. раёна або горада не менш як 3 гады. Працуючым Н.з. за час выканання абавязкаў у судзе робяцца выплаты ў памеры заработку або даходу, якія яны атрымліваюць па месцы работы, непрацуючым Н.з., а таксама пенсіянерам час выканання абавязкаў аплачваецца ў памеры акладу суддзі гэтага ж суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРО́Зу раслін,
амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) абоінш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл.Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр.ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыяабо разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАЗІ́ДЫ,
злучэнні, якія складаюцца з астаткаў азоцістай асновы і вугляводу рыбозы (рыбануклеазіды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеазіды); N-гліказіды пурынавых або пірамідзінавых асноў. Найб. значэнне маюць Н., што ўваходзяць у склад нуклеінавых кіслот: адэназін, гуаназін, урыдзін, цытыдзін, цымідзін. Свабодныя Н. ўтвараюцца пры гідролізе нуклеінавых к-т і нуклеатыдаў. Абарачальнае фасфат-залежнае расшчапленне Н. да рыбоза-1-фасфату і свабоднай асновы адбываецца пад уздзеяннем ферментаў нуклеазідфасфарылаз. Спецыфічныя нуклеазідазы каталізуюць гідроліз Н. і разрываюць сувязі паміж цукрам і асновай. Фасфарыліраванне Н. кіназамі выклікае ўтварэнне нуклеатыдаў. Некат. пурынавыя і пірымідзінавыя Н. з хім. мадыфікаванай вугляводнай ч. малекулы і (або) асновай валодаюць антыбіятычнай актыўнасцю і блакіруюць абмен пурынаў, пірамідзінаў і бялкоў як антыметабаліты натуральных субстратаў. Яны знаходзяцца ў клетцы ў свабодным стане і не ўваходзяць у склад нуклеінавых к-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЗМЕ́ННАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,
адзін з асн. канстытуцыйных прынцыпаў судаўладкавання большасці дэмакр. краін свету. Заключаецца ў тым, што суддзя, які прызначаны (у рэдкіх выпадках — выбраны), займае сваю пасаду пажыццёва або да дасягнення пэўнага ўзросту. У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 суддзі выконваюць свае абавязкі бестэрмінова, акрамя назначаных на гэтую пасаду ўпершыню. Суддзі, назначаныя на такую пасаду ўпершыню, пасля 5 гадоў работы суддзёй назначаюцца бестэрмінова. Суддзі па адм. справах і выканаўчых вядзеннях назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Суддзі ўсіх судоў нязменныя: яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў інш. суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы суддзі могуць быць спынены толькі ў парадку і на падставах, устаноўленых законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТЧЫЧЫ,
1) катэгорыя сялян у ВКЛ у 15—18 ст.; адна з асноўных паводле характару асабістай залежнасці ад феадалаў. 0. не мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога і таму называліся яшчэ людзі «непахожыя»або «отчизные» людзі, г. зн. атрыманыя феадаламі ў спадчыну. У О. ператвараліся таксама людзі «пахожыя» і іх нашчадкі, якія пратэрмінавалі («заседали») 10-гадовы тэрмін даўнасці і не маглі заплаціць за выхад. Прыгоннае права феадалаў на О. заканадаўча аформлена прывілеем 1447, Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Феадалы маглі О. перадаваць у спадчыну, дарыць, закладваць і прадаваць з зямлёю і без зямлі.
2) Назва ў 15—16 ст. сялян і феадалаў ВКЛ, якія атрымлівалі ў спадчыну зямлю або маёнтак бацькі («отчину»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,
камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),
род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.
Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,
у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПРА́ВА,
1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванні водных перашкод.
2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаўабо пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал. чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл.Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.