ГЕГЕМО́НІЯ (ад грэч. hēgemonia панаванне),

дамінуючае становішча паліт. сілы, класа, дзяржавы ў адносінах да інш. паліт. сіл, класаў, дзяржаў. Прыклады гегемоніі: панаванне Стараж. Афін над інш. грэч. гарадамі-дзяржавамі, Прусіі ў Германіі, СССР у садружнасці сацыялістычных дзяржаў і сярод краін сацыяліст. арыентацыі, ЗША у адносінах да астатняга свету. Асн. прынцыпам марксізму-ленінізму быў пастулат аб пераходзе ў капіталіст. грамадстве ад гегемоніі буржуазіі да гегемоніі пралетарыяту.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЛАРА́ЦЫЯ [ад дэ... + лац. flos (floris) кветка, маладосць, дзявоцкасць],

парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы. Звычайна бывае пры першых палавых зносінах. Суправаджаецца нязначным крывацёкам, хоць нярэдкія выпадкі, калі яго няма. Прыблізна праз 3—5 дзён пасля Д. краі парушанай дзявоцкай плявы загойваюцца і палавая блізкасць не выклікае болевых адчуванняў. Іншы раз, у залежнасці ад анат. будовы, дзявоцкая плява расцягваецца і застаецца непашкоджанай пасля неаднаразовых палавых актаў.

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛУ́ЖЖА,

вёска ў Дражнаўскім с/с Старадарожскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Старыя Дарогі—Дрычын. Цэнтр калгаса. За 18 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 130 км ад Мінска. 664 ж., 339 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан; сав. лётчыкаў. Помнік архітэктуры — царква (мяжа 19—20 ст.). Каля вёскі помнік партызанам.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае цячэнне Індыйскага ак. каля зах. берагоў Аўстраліі; паўн. адгалінаванне Заходніх вятроў цячэння. Накіравана з Пд на Пн. Скорасць летам 0,9—1,8 км/гадз, зімой запавольваецца. Т-ра ў лют. ад 19 °C на Пд да 26 °C на Пн, у жн. адпаведна ад 15 да 21 °C. Салёнасць 35,5—35,7‰. У тропіках Паўд. паўшар’я З.ц. зліваецца з Паўднёвым Пасатным цячэннем.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБАРО́Ў,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе, якая злучае вёску з Рагачовам. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 115 км ад Гомеля. 515 ж., 217 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі археал. помнік і геалагічнае агаленне Збароў.

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́ЙКА Дзвея,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Уша (бас. Нёмана). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 190 км². Пачынаецца за 1,5 км ад в. Стайкі Баранавіцкага р-на, у лясным урочышчы Галубоўшчына. У вярхоўі прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў і 2 прытокаў з аднайм. назвай. Ад вытоку на працягу 14,5 км каналізаваная.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЖА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Вілейка, 127 км ад Мінска. 507 ж., 223 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (пач. 20 ст.). Царква.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),

каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПРЭ́С (франц. compresse ад лац. compressus сціснуты),

спецыяльная лячэбная мнагаслойная павязка. Бывае К. сухі (ватна-марлевы), накладаецца на балючую ці пашкоджаную ч. цела (рана, апёк) для аховы ад вонкавых раздражненняў ці адсмоктвання вадкасці з раны; вільготна-халодны (прымочка), гарачы (прыпарка), сагравальны (вільготная матэрыя, пакрытая воданепранікальнай паперай ці цыратай і слоем ваты), ужываецца пры запаленчых працэсах. У лек. К. да вады дабаўляюць лекі (мазь, пасту, навакаін і інш.).

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТР-АДМІРА́Л (ад франц. contreamiral),

воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх марскіх дзяржаў; адпавядае званню генерал-маёра ў арміі. Званне ўпершыню з’явілася ў канцы 13 ст. ў Галандыі і працяглы час мела назву шаўтбенахт (ад галандскага schout bij nacht які назірае ноччу). У Расіі вядома з 1699; паводле Табелі аб рангах чын 4-га класа. Званне існавала ў ВМФ СССР у 1940—91.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)