ААСПО́РА (ад аа... + спора),

спора некаторых ніжэйшых раслін (ааміцэтаў), што знаходзіцца ў спакоі. Утвараецца пры апладненні яйцаклеткі; мае значны запас пажыўных рэчываў і тоўстую шматслойную абалонку, якая ахоўвае ад неспрыяльных умоў (перасыханне вадаёма, холад і інш.). Пасля працяглага перыяду спакою прарастае зародкавым спарангіем або міцэліем.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВЕРБО́Т»,

1) ступень закупленасці таварнага рынку. Пры залішняй закупленасці цэны дасягаюць вышэйшага ўзроўню і маюць тэндэнцыю да росту, пачынаецца продаж кантрактаў спекулянтамі.

2) Сітуацыя рэзкага росту цэн на які-небудзь тавар у выніку вял. аб’ёму куплі. Тэрмін «Авербот» часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. aspiratio удыханне) у медыцыне, 1) пранікненне ў дыхальныя шляхі іншародных целаў пры ўдыханні. Можа прывесці да запалення дыхальных шляхоў (ускладняецца нагнаеннем і гангрэнай), да смерці ад удушша.

2) Адсмоктванне шпрыцам або іншай прыладай вадкасці ці паветра з поласці цела, сустава, нацёкавага гнайніка.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫ́Т (грэч. askitēs літар. ацёчны),

намнажэнне вадкасці ў брушной поласці. Прычынамі асцыту з’яўляюцца цыроз печані, застойная сардэчная недастатковасць, трамбоз або сцісканне ствала ці галін варотнай вены, а таксама агульны ацёчны сіндром пры хваробе нырак, аліментарная дыстрафія, пашкоджанне брушыны або грудной лімфатычнай пратокі. Гл. таксама Ацёк.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭСТА́Т (ад лац. attestari сведчыць),

1) дакумент аб заканчэнні сярэдняй навуч. установы.

2) Ва ўзброеных сілах краін СНД дакумент, які выдаецца вайскоўцу пры пераводах па службе, у час камандзіровак для атрымання розных відаў забеспячэння, а таксама члену яго сям’і на права атрымання часткі яго забеспячэння.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЫ,

працэдура выбрання шляхам адкрытага або закрытага (тайнага) галасавання. Пры прамых выбарах выбаршчыкі непасрэдна выбіраюць кіраўніка дзяржавы або інш. службовых асоб. Ускоснымі (непрамымі) называюцца выбары, у працэсе якіх выбіраюцца прадстаўнікі (выбаршчыкі) для далейшага галасавання па выбарах кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў і г.д. Гл. таксама Выбарчае права.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),

недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМУ́НКУЛУС (ад лац. homunculus чалавечак),

чалавекападобная істота, якую, на думку натуралістаў сярэднявечча, быццам можна атрымаць штучным шляхам. У 17 ст. лічылі, што маленькі гамункулус заключаны ў чалавечым сперматазоідзе і пры яго пападанні ў арганізм жанчыны толькі павялічваецца ў памерах, ператвараючыся ў дзіця. Гл. таксама Анімалькулізм.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАЙНО́Р, Хулуньчы,

возера на ПнУ Кітая, на выш. 539 м. Пл. (пры высокім узроўні вады) каля 1100 км2. Глыб. 6—9 м. Жывіцца водамі рэк Керулен і Арчун-Гол; у час высокіх узроўняў — сцёк у р. Аргунь. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, занятыя трыснягом.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС МО́РА»,

інфрагукавыя хвалі, якія ўзнікаюць над паверхняй мора пры моцным ветры, у выніку віхраўтварэння за грабянямі хваль. «Голас мора» можа быць прадказаннем шторму таму, што інфрагукавыя хвалі распаўсюджваюцца на вял. адлегласці з-за малога паглынання, іх скорасць значна перавышае скорасць перамяшчэння вобласці шторму.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)