НЯДЗЕ́ЛЬКА (Нона Міхайлаўна) (н. 20.7.1937, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла БПІ (1960). З 1960 працуе ў ін-це «НДПдзіпрасельбуд» (з 1969 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы: праект планіроўкі і забудовы в. Малеч Бярозаўскага р-на (1969—89), адм. будынак і бульвар у в. Аснежыцы Пінскага р-на (1983); пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; грамадскія цэнтры ў вёсках Казловічы Слуцкага (1984—89), Морач Клецкага (1986—90) р-наў Мінскай вобл.; Дом культуры (1988), адм. будынак (1993), жылыя мансардавыя дамы (з 1995) у в. Абухава Гродзенскага р-на, Дом культуры ў в. Аўсянка Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (1989, у сааўт.), комплекс вучэбнага цэнтра Нац. банка Беларусі (1999) у Раўбічах (Мінскі р-н). Аўтар тыпавых праектаў жылых і грамадскіх будынкаў, школ і інш.
т. 11, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),
масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст. Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал. чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыя інш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.В.Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.
т. 11, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́НІН (Іван Дзмітрыевіч) (26.11.1894, г. Севастопаль, Украіна — 30.1.1986),
расійскі палярны даследчык. Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1940). Контр-адмірал (1943). Д-р геагр. н. (1938). У 1932—35 нач. палярных станцый у бухце Ціхая на Зямлі Франца-Іосіфа і на мысе Чэлюскін. У 1937—38 нач. першай н.-д. станцыі «Паўночны полюс» на дрэйфуючай ільдзіне ў цэнтр. Арктыцы. У 1939—46 нач. Гал. паўн.-марскога шляху, у 1952—72 дырэктар Ін-та біялогіі ўнутр. вод АН СССР і адначасова (з 1951) нач. аддзела марскіх экспедыцыйных работ АН СССР. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва Вялікабрытаніі (з 1957). Яго імем названы мыс на п-ве Таймыр, горы ў Антарктыдзе, падводная гара ў Ціхім ак.
Тв.:
Жизнь на льдине: Дневник. 7 изд. М., 1977;
Лед и пламень. 4 изд. М., 1988.
т. 12, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Анатоль Сяргеевіч) (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл. драм. т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).
Т.Р.Мартыненка.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПРА́ВА,
1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванні водных перашкод.
2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаў або пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал. чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл. Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.
т. 12, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКУР (Іван Іванавіч) (21.12.1921, в. Вострава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 12.10.1980),
бел. мастак тэатра, жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1944—57, 1970—80 мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1957—70 у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (з 1962 гал. мастак). Аформіў спектаклі «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1953), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1956), «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абодва 1958), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1964), «Чырвоная шапачка» Я.Шварца (1967), «Мядовы месяц» К.Губарэвіча (1970) і інш. Сярод жывапісных работ «Бярозы» (1960), «Крыжоўка» (1971), «Заслаўе», «Курган Славы» (абедзве 1972), «Рака Вяча» (1973), «Зімовыя далі» (1974) і інш.
т. 12, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛО́Н ((Pilon) Жэрмен) (1536—37, Парыж — 3.2.1590),
французскі скульптар і медальер; прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў П.Бантана. Працаваў у Парыжы. З 1572 гал. кантралёр Каралеўскага манетнага двара. У ранні перыяд зазнаў уплыў Ж.Гужона. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю, тонкай рытмічнасцю, мяккасцю пластычнай формы (група «Тры грацыі» для урны з сэрцам Генрыха II, 1563, і інш.). З 1570-х г. у творах узмацнілася эмац. драматычнасць і напружанасць вобразаў («Маці Божая Засмучаная», 1586, і інш.). Майстар-партрэтыст: скульптуры грабніцы Генрыха II і Кацярыны Медычы ў абацтве Сен-Дэні (1563—70), бюст Генрыха II (1570—75), надмагілле Валянціны Бальбіяні (1583), надмагільная статуя канцлера Рэнэ дэ Бірага (1583—85) і інш. У медалях віртуозную прапрацоўку дэталей спалучаў са строгай гармоніяй кампазіцыі (медалі з партрэтамі Генрыха III, Карла IX, Кацярыны Медычы і інш.).
т. 12, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТНЁЎ (Пётр Аляксандравіч) (21.8.1792, г. Цвер, Расія — 10.1.1866),
рускі паэт, крытык. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу. У 1832—49 праф. рус. славеснасці, у 1840—61 рэктар Пецярбургскага ун-та. У 1838—46 выдавец і рэдактар час. «Современник». Паэзія П. развівалася пераважна ў рэчышчы элегічнага кірунку, у традыцыях В.Жукоўскага, К.Бацюшкава. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Нататка пра творы Жукоўскага і Бацюшкава» (1822), «Шэкспір» (1837), «Чычыкаў, або Мёртвыя душы Гогаля» (1842) і інш. Адзін з першых у Расіі звярнуўся да жанру біягр. нарыса: «А.С.Пушкін» (1838), «Я.А.Баратынскі» (1844), «Жыццё і творы І.А.Крылова» (1847), «Пра жыццё і творы В.А.Жукоўскага» (1852). Сябраваў з Жукоўскім, М.Гогалем, А.Пушкіным, які прысвяціў яму раман «Яўген Анегін».
Тв.:
Статьи. Стихотворения. Письма. М., 1988.
т. 12, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ТЧАНКА (Васіль Ульянавіч) (н. 7.4.1930, в. Зарэчча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Д-р пед. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1958). З 1971 у Нац. ін-це адукацыі, з 1995 адначасова гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Навук. працы па педагогіцы і філасофіі адукацыі. Аўтар падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.
Тв.:
Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ. Мн., 1984;
Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы. Мн., 1987;
Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ. Мн., 1989;
Адукацыя, школа і нацыянальная культура (разам з В.П.Протчанка) // Пачатковая школа. 1993. № 1;
Новая праграма па беларускай мове і навучальны працэс // Роднае слова. 1994. №1;
Пераказы ў пачатковай школе. Мн., 1999 (разам з Я.М.Лаўрэлем).
В.У.Чэчат.
т. 13, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́Н ((Proudhon) П’ер Жазеф) (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),
французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.
т. 13, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)