ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.В.Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л.бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, І.Крылова, М.Някрасава, А.К.Талстога, А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Каспровіча, І.Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Тв.:
У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ.Мн., 1958. [Вып.] 1;
Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;
Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),
рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал.пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час.«Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел.рэв. дэмакратаў (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.А.Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.К.Дабрынін, Л.Р.Бараг, І.М.Лушчыцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАГО́НЯ»,
герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст.Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял.дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел.Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.
З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1994;
Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд.Мн., 1993;
«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.
А.К.Цітоў.
Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАСЦЬ,
моўная, тэрытарыяльная, эканам. і культ. супольнасць людзей пераважна рабаўладальніцкай і феад. эпох. Найб. старажытныя Н. — егіпецкая, стараж.-грэчаская, кітайская і інш. У Зах. Еўропе Н. пачалі інтэнсіўна фарміравацца пасля распаду Франкскай дзяржавы з сярэдзіны 9 ст. Ва Усх. Еўропе ў 9 — пач. 12 ст. ў рамках Кіеўскай Русі склалася стараж.-рус. Н. Агульнай назвай насельніцтва Кіеўскай Русі сталі этнонімы «русіны», «русічы». Усх.-слав. плямёны — крывічы, дрыгавічы і радзімічы — засялялі тэр. сучаснай Беларусі ў 6—8 ст., з 9 ст. племянная арг-цыяўсх. славян замянялася на тэрытарыяльна-княжацкую; на тэр. Беларусі было больш за 10 княстваў, якія ў 9 — пач. 12 ст. знаходзіліся ў складзе Кіеўскай Русі. Пасля яе распаду землі Навагрудскага, Полацкага, Тураўскага і інш. княстваў увайшлі ў Вялікае княства Літоўскае, у якім узмацняліся інтэграцыйныя працэсы, адбывалася далейшае развіццё феад. адносін і стварыліся спрыяльныя ўмовы для кансалідацыі беларусаў у самастойны этнас. Панаванне ў ВКЛ адзінай стараж.-бел. мовы і культуры, развіццё гасп.-эканам. адносін садзейнічалі фарміраванню бел. Н. Гэты працэс пачаўся ў канцы 13—14 ст. і завяршыўся ў 15—16 ст. Унутрыэтнічнай кансалідацыі бел. Н. садзейнічалі захаванне пэўнай самастойнасці ў рамках ВКЛб. Полацкага, Віцебскага, Тураўскага, Слуцкага, Мсціслаўскага і інш. княстваў, а таксама рост гарадоў, развіццё гандлю, промыслаў і рамёстваў, кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.-юрыд. норм. Наступныя 17—18 ст. былі неспрыяльнымі для далейшага развіцця бел. Н. ў выніку працэсаў акаталічвання і паланізацыі, якая працягвалася амаль да сярэдзіны 19 ст. У 2-й пал. 19 ст. ў працэсе развіцця капіталіст. адносін бел. Н. стала ператварацца ў нацыю. У выніку далучэння бел. зямель да Рас. імперыі паланізацыя беларусаў была заменена ўплывам рус. культуры (гл.Русіфікацыя), а сам факт аб’яднання ўсх. славян (рускіх, беларусаў, украінцаў) у адзінай дзяржаве быў прагрэсіўнай з’явай.
Некат. этнічныя групы людзей свету і сёння маюць статус Н. і не кансалідаваліся ў нацыі. Гэта шматлікія групы насельніцтва Афрыкі і некат. раёнаў Азіі, якія былі калоніямі зах.-еўрап. дзяржаў, а таксама невял. народы, што не маюць выразнай нац. і этнанац. структуры (эвенкі, чукчы, ханты, мансі і інш.).
Літ.:
Алексеев В. Род, племя, народность, нация. М., 1962;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬЦЮКО́ВА (Ангеліна Пятроўна) (н. 10.12.1924, г. Кіраў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1949). Выкладала ў Львоўскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, у 1964—79 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне маст. афармлення тканін, распрацоўвае эскізы дэкар. і манум. габеленаў. Сярод работ: ворсавы дыван «Скалярыі» (1967), габелены «Спадчына» (1979) і «Айчына», габелен-заслона для тэатра муз. камедыі Беларусі (абодва 1980, усе з А.М.Кішчанкам); «Ружы» (1987), «Світанне» (1988), «Летні дзень» (1989), трыптых «Абпаленая Белая Русь» (1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.7.1937, в. Студзёнае Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл.арх. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1964). З 1957 у ін-тах «Мінгарпраект», «Мінскпраект», з 1980 гал. архітэктар ін-та «Белжылпраект». Асн. работы (усе ў Мінску): навук.-мед.б-ка на вул. Фабрыцыуса (1976); у складзе аўтарскіх калектываў: будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (1967) і электронікі (1968) АН Беларусі, глебазнаўства і аграхіміі Мін-ва сельскай гаспадаркі і комплекс Бел. ун-та культуры і Ін-та ўдасканалення кіруючых работнікаў (1980), навуч. комплекс Белсаўпрофа (1978), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (1980), кварталаў Траецкага прадмесця і Верхняга горада (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАСНЕЎ (Алег Васілевіч) (н. 21.8.1940, г. Хойнікі Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Чл.-кар.АН Беларусі (1986), д-ртэхн.н. (1982), праф. (1986). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1964 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, з 1978 яго дырэктар. Навук. даследаванні па тэорыі, метадах прагназавання надзейнасці і даўгавечнасці механізмаў машын, зніжэнні іх вібраакустычнай актыўнасці, стварэнні стандартаў і нарматываў для праектавання машын высокай надзейнасці.
Тв.:
Самоустанавливающиеся зубчатые колеса. Мн., 1983;
Аналитические методы механики в динамике приводов. Мн., 1992 (разам з А.М.Гоманам, М.М.Ішыным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́ШЧЫК (Мікалай Паўлавіч) (н. 23.12.1930, г.п. Чырвоны Сцяг Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі буд-ва. Д-ртэхн.н. (1989), праф. (1992). Скончыў Ленінградскі завочны індустрыяльны ін-т (1957). З 1957 у Ін-це буд-ва і архітэктуры Дзяржбуда БССР, з 1988 у Бел.політэхн. акадэміі. Навук. працы па рэалогіі, тэхнал. механіцы бетону, рэсурсазберагальных канструкцыйна-тэхнал. сістэмах збудаванняў, тэхналогіі аб’ёмна-блочнага домабудавання і ўзвядзення маналітных жалезабетонных канструкцый.
Тв.:
Технология и экономика объемноблочного домостроения. Мн., 1967 (разам з С.С.Атаевым);
Структурно-механические свойства и реология бетонной смеси и пресс-вакуум бетона. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІСЦІ́НАЎ (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; 19.10.1909, в. Іванкава Масальскага р-на Калужскай вобл. — 24.12.1982),
бел. пісьменнік. У 1910 пераехаў з бацькамі на Беларусь (в. Лебедзеўка Кармянскага р-на). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1930—32), скончыў Кінаакадэмію ў Маскве (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на кінастудыі. Літ. дзейнасць пачаў у 1926. Друкаваў вершы (пад псеўд. Міхась Чаромха), апавяданні, нарысы. Аўтар п’ес («Агні Палесся», 1931; «Мох», 1932, і інш.), аповесці «Хітрасць» (1934), сцэнарыя маст. фільма «Строгая жанчына» (1957), дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. На бел. мову пераклаў раман А.Талстога «Пётр Першы» (1940), аповесць А.Франса «Крэнкебіль» (1936) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЮ́К (Серафім Антонавіч) (н. 10.3.1933, в. Градзялі Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. крытык і літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1966). Скончыў БДУ (1957). Настаўнічаў. З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1981 гал. рэдактар, з 1993 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Даследуе сучасную бел. прозу: манаграфіі і зб-кі крытычных арт. «Жыццё. Літаратура. Героі» (1973), «Вывяраючы жыццём» (1976), «Традыцыі і сучаснасць» (1981), «Жыць чалавекам» (1983, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1984), «Чалавек на зямлі: Нарыс творчасці І.Пташнікава» (1988).