прымусовае выдаленне замежных грамадзян у асобыя месцы пасялення бакамі, што ваююць паміж сабой, або нейтральным бокам у сувязі з узбр. канфліктам. Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 у выпадку вайны прадугледжваецца права і абавязак нейтральнай дзяржавы, якая прыняла на сваю тэрыторыю войскі, збеглых ваеннапалонных, хворых або параненых вайскоўцаў, якія належаць да ваюючых армій, размеркаваць іх у месцах, далёкіх ад тэатра ваен. дзеянняў. І. належаць таксама ваен. караблі ваюючых краін і экіпажы, што апынуліся ў партах нейтральных дзяржаў і адмовіліся іх пакінуць. Інтэрніраваным павінны прадастаўляцца сродкі існавання і неабходная мед. дапамога. Выдаткі на ўтрыманне інтэрніраваных кампенсуюцца ў сувязі з мірным урэгуляваннем узбр. канфлікту. Рэжым І. рэгулюецца Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),
клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.
Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.
Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННАЕ ЛІЦЦЁ,
базальтавае ліццё, шлакавае ліццё, атрыманне з расплаўленых горных парод (базальту, дыябазу і інш.) або металургічных шлакаў фасонных вырабаў (адлівак), якія маюць уласцівасці прыроднага каменю. Літыя вырабы маюць высокую трываласць, зноса- і кіслотаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца пры вырабе труб, кіслотаўстойлівай апаратуры, матэрыялу для бруку, эл. ізалятараў, абліцовачных плітак, арх.-маст. вырабаў і інш.
Плаўку сыравіны вядуць у ваграначных або ал. пячах пры т-ры 1380—1420 °C, формы для адлівак (керамічныя, метал. ці з фармовачнай зямлі) заліваюць пры 1280—1320 °C, працэс крышталізацыі адбываецца пры 980—1050 °C. У адрозненне ад чорнакаменнага ліцця (з базальту, дыябазу) белакаменнае атрымліваюць з кварцавага пяску і даламіту з дабаўкай плавіковага шпату (адліўкі маюць светлую афарбоўку, вял. трываласць, цвёрдасць і ўстойлівасць; выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні). Гл. таксама Петрургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,
асобы орган краін, адзінай абогал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш.Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАС (ад лац. classis разрад, група),
1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.
2) Буйная сац. група людзей, гл.Класы сацыяльныя.
3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл.Клас у біялогіі.
4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.
5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.
6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.
7) У некаторых спец.навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш.слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытойабо алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,
любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) абологікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕР НА СВАБО́ДНЫХ ЭЛЕКТРО́НАХ (ЛСЭ),
генератар эл.-магн. ваганняў, што выпрамяняюцца электронамі, якія вагаюцца пад уздзеяннем эл.абомагн. поля і рухаюцца з рэлятывісцкімі скарасцямі ў напрамку распаўсюджвання хвалі. Прынцып работы ЛСЭ прапанавалі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. В.Л.Гінзбург і амер. фізік Г.Моц; такі лазер у інфрачырвоным дыяпазоне створаны ў 1976—77 у ЗША.
Пучок рэлятывісцкіх электронаў ствараецца з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц і накіроўваецца ў прасторава-перыядычнае статычнае эл. ці магн., поле або магутнае поле нізкачастотнай хвалі; таксама ЛСЭ могуць быць заснаваны на розных варыянтах Чаранкова—Вавілава выпрамянення. З-за Доплера эфекту частата выпрамянення ў шмат разоў перавышае частату ваганняў электронаў. Пры зменах кінетычнай энергіі электронаў адбываюцца адпаведныя змены частаты выпрамянення ў дыяпазонах ад ЗВЧ да ультрафіялетавага.