падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.
Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл.гл. да арт.Чарапахі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБАДА́,
тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).
Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаны Баркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст. каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,
вёска ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Калодзішчы. 2390 ж., 938 двароў (1995).
Стараж.назва паселішча Гарадок, з 19 ст.наз. Астрашыцкім ад в.Астрошыцы, б. цэнтра ўладання. У 1650 мястэчка. У 17—19 ст. існавалі Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. У 1745 — 30 двароў, фальварак, пякарня, бровар, млыны і інш. У 1886 цэнтр воласці Мінскага пав., 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня. 11 крам, 4 млыны; у 1897 — 1115 ж. У 1924—31 цэнтр Астрашыцка-Гарадоцкага р-на, потым вёска ў падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім раёне.
Мэблевая ф-ка, доследна-мех.з-д, рамонтна-буд. ўпраўленне. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Царква і капліца — помнікі архітэктуры канца 19 ст. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЛАС ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы па тэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САНА́ЦЫЯ,
неафіцыйная назва групы бел. дзеячаў у Зах. Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929. Лідэры А.Луцкевіч, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч, Ф.Акінчыц. Друкаваны орган — газ. «Наперад». Была выразнікам той часткі крыла нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхам культ.-нац. развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю.Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. За гэта сярод бел. грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (лац. sanatio аздараўленне). Пад арганізац. кіраўніцтвам групы знаходзіліся Т-вабел. асветы, Бел.навук.т-ва, Бел. дабрачыннае т-ва, Бел. студэнцкі саюз, інш.культ.-асв. і дабрачынныя арг-цыі і суполкі. Адсутнасць адзінства і рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛГАРАД-ДНЯСТРО́ЎСКІ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Адэскай вобл. 65,6 тыс.ж. (1992). Порт на Днястроўскім лімане, за 18 км ад Чорнага м.Чыг. станцыя. Харч. (рыба- і сока-кансервавая, масла- і вінаробная, мясная і інш.), мэблевая, лёгкая прам-сць; вытв-сцьмед. вырабаў, буд. матэрыялаў. Краязнаўчы музей.
Вядомы з 6 ст. да н.э. як стараж.-грэч. горад-дзяржава Тыра, на месцы якога ў 9 ст.ўсх.-слав. племя ціверцаў заснавала г. Белгарад. У 13 ст. ў складзе Галіцка-Валынскага княства, захоплены татарамі, якія назвалі яго Ак-Ліба. У 14 ст. належаў генуэзцам, у 15 ст. — Малд. княству (наз. Чатаця-Алба), з 1484 тур. крэпасць Акерман (Белы Камень, назва горада да 1944). 30.2.1806 заняты рус. войскамі і паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору 1812 адышоў да Расіі. У 1918 захоплены Румыніяй, у 1940 вернуты СССР. З 1944 цэнтр раёна ў Адэскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЫКЦІ́НЦЫ,
члены першага ў каталіцкай царкве манаскага ордэна, заснаванага ў 530 у Італіі Бенядзіктам Нурсійскім (адсюль назва). Адыгралі значную ролю ў распаўсюджанні каталіцызму. Статут бенедыкцінцаў патрабаваў сталага жыхарства ў кляштары, паслушэнства, устрымання і беднасці. Абавязковай была праца. У 11—13 ст. бенедыкцінцы актыўна ўдзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці каталіцкай царквы на слав. землях і ў Прыбалтыцы. У ВКЛ прыйшлі ў 17 ст. з Польшчы. На Беларусі іх кляштары ў 17—19 ст. існавалі ў Мінску, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Слоніме і інш. Яны мелі свае б-кі, школы, скрыпторыі, дзе перапісваліся кнігі і летапісы. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) кляштары бенедыкцінцаў і інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў аб’яднаны ў бенедыкцінска-цыстэрцыянска-камедула-картузскую кангрэгацыю. Пасля паўстанняў 1830—31 і 1863—64 на Беларусі кляштары бенедыкцінцаў закрыты. У Зах. Еўропе ў 1893 заснавана федэрацыя бенедыкцінцаў. Зараз існуе 18 кангрэгацый бенедыкцінцаў, якія налічваюць каля 10 тыс. манахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДЖВАННІ,
спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст.Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст.англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс.км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вега»: 1 — панэлі сонечнай батарэі; 2 — радыятар-ахаладжальнік; 3 — спускальны апарат; 4 — востранакіраваная антэна; 5 — радыятар-награвальнік; 6 — блок астраарыентацыі; 7 — пралётны апарат; 8 — аўтаматычная стабілізаваная платформа з навуковай апаратурай.