НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),

філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл. Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.​Бруна, Б.​Тэлезіо, Т.​Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.​Канта. Ф.​Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.​Оствальд, Г.​Дрыш, Т.​Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.​Л.​Чыжэўскі, У.​І.​Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.​Тэяр дэ Шардэн) і інш. філас. плынях.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прамысловасці, якая ўключае разведку, здабычу нафты і спадарожных ёй газаў, пач. падрыхтоўку нафты для яе транспарціроўкі і перапрацоўкі. Н.п. Беларусі грунтуецца на радовішчах у Гомельскай вобл. Прамысл. распрацоўка першага на Беларусі радовішча нафты пачалася ў 1965 (за год здабыта 39 тыс. т). У 1966—70 уведзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (усе Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведаны 18 радовішчаў. Нафта ў іх залягае ў сярэдніх і малых радовішчах пл. ад 50 км² да 1—2 км². Дэбіт свідравін невялікі, асн. спосаб здабычы — помпавы. Эфектыўнасць нафтаздабычы абумоўлена высокай якасцю нафты, дастатковай гасп. асвоенасцю тэрыторыі. З усіх радовішчаў (іх больш за 30) па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку (абязводжванне, абяссольванне, сепарацыя), потым падаецца ў нафтаправод «Дружба» і на нафтаперапрацоўчыя з-ды. За 1965—90 здабыта каля 90 млн. т нафты. У 1998 здабыта 1830 тыс. т (уключаючы газавы кандэнсат). Здабытай нафты для патрэб Беларусі не хапае, таму яна завозіцца з Расіі.

Сусв. запасы нафты складаюць больш за 130 млрд. т. Найб. запасы яе знаходзяцца ў Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Расіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іраку, Іране, дзе адпаведна сканцэнтравана значная частка Н.п. У Н.п. краін Блізкага, Сярэдняга і Далёкага Усходу, Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі пануюць манаполіі ЗША і Вялікабрытаніі, на долю якіх прыпадае больш як палавіна здабычы і перапрацоўкі нафты.

Да арт. Нафтаздабыўная прамысловасць. Нафтапромысел у Рэчыцкім раёне.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,

1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.

П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял. ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.

2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.

3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П.п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв. гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАМО́ВА МЯЛЕ́ШКІ»,

помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.​Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел. землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.​Нямцэвічам у 1822 у перакладзе на польск. мову.

Публ.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.

Літ.:

Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;

Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр. Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,

цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.

Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл. Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл. Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл. Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.

В.​В.​Валяўка.

Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.
Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.
Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНЛАНД-ПФАЛЬЦ (Rheinland-Pfalz),

зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у бас. р. Рэйн і яго прытокаў Мозеля і Лана. Пл. 19,8 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Майнц. Найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Людвігсгафен, Кобленц, Кайзерслаўтэрн, Трыр. Большую ч. тэр. займаюць Рэйнскія Сланцавыя горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 19 °C, студз. 2 °C. Ападкаў каля 600—800 мм за год. Натуральная расліннасць найб. захавалася ў гарах, пераважаюць дубовыя, букавыя і дубова-грабава-букавыя лясы. Пад лесам каля 40%. Эканоміка мае індустр.агр. характар. Распрацоўваюцца невял. радовішчы нафты і прыроднага газу. Развіты хім. (гал. цэнтр Людвігсгафен), машынабудаванне і металаапрацоўка (Кайзерслаўтэрн), абутковая (каля 25% вытв-сці абутку ў краіне), харчасмакавая, аўтамабільная, буд. матэрыялаў прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (малочнага кірунку і свінагадоўля). Вырошчваюць пшаніцу, бульбу, цукр. буракі, тытунь, кармавыя культуры. Найважн. раён вінаградарства (дае каля 75% збору вінаграду ў краіне, гал. чынам у далінах Рэйна, Мозеля і Наэ). Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Рэйне і Мозелі. Турызм.

Зямля ўтворана пасля 2-й сусв. вайны паводле распараджэння франц. акупац. улад ад 30.8.1946 з частак Баварыі (Пфальц), Гесена, Прусіі (Рэйнская прав.). Спачатку яе адм. цэнтрам быў г. Кобленц, з 1950 — г. Майнц У 1947 прынята зямельная канстытуцыя. З 1949 зямля ў складзе ФРГ. У 1969—76 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.​Коль. У 1947—91 у яе паліт. жыцці дамінаваў Хрысц.-дэмакр. саюз.

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКА́РНА (Sukarno; 6.6.1901, г. Сурабая, Інданезія — 21.6.1970),

палітычны і дзярж. дзеяч Інданезіі. Скончыў Тэхналагічны ін-т у г. Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 створана Нац. партыя Інданезіі; яе першы старшыня За антыкалан. дзейнасць у 1929—31 у турме, з 1933—42 у ссылцы. У 1945 сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сац. справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіц. ідэалогіяй Інданезіі. 17.8.1945 С. абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, С. узначаліў барацьбу супраць нідэрл. каланізатараў (1945—49). У 1957—59 па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста С., які сканцэнтраваў у сваіх руках заканад. і выканаўчую ўладу. У 1963 абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. С. адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 і Недалучэння руху. Яго накірунак на пашырэнне, сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студз. 1965). Палітыка С. прывяла да эканам. крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 адмовіўся ад усіх дзярж. пасад.

Тв.:

Рус. пер. — Индонезия обвиняет: Сб. ст. и речей. 3 изд. М., 1961.

Літ.:

Юрьев А.Ю. Сукарно // Политические портреты борцов за национальную независимость. 2 изд. М., 1983.

В.​У.​Адзярыха.

Сукарна.

т. 15, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІДЭІ́ЗМ (франц. fidéisme ад лац. fides вера),

рэлігійнае вучэнне, якое абвяшчае прыярытэт веры над розумам, рэліг. пазнання над навук. ведамі. Фідэісты лічаць, што толькі рэліг. вера дае сапраўднае тлумачэнне прынцыпам светабудовы і надае чалавечаму жыццю сэнс і мэту, бо навук. пазнанне абмяжоўваецца аналізам пачуццёва ўспрымальных фактаў і не разглядае звышнатуральныя з’явы.

Найб. яркі прадстаўнік Ф. — Аўгусцін, які прытрымліваўся прынцыпу «без веры няма ведаў, няма ісціны». Паводле аўгусцініянства, ісціна цалкам змешчана ў адкрыцці, што выкладзена ў Бібліі, і не патрабуе навук. доказаў. Фама Аквінскі абвясціў прынцып гармоніі веры і розуму, рэлігіі і навук. ведаў, выступаў за іх узаемнае дапаўненне і лічыў, што навук. пазнанне толькі садзейнічае рацыянальнаму абгрунтаванню рэліг. догматаў. Супраць спроб рацыянальнага абгрунтавання веры выступаў М.Лютэр, які імкнуўся вызваліць хрысціянства ад схаластычнага рацыяналізму. Вытокі правасл. Ф. — у вучэннях візант. багасловаў Грыгорыя Паламы, Грыгорыя Сінаіта і інш., якія гал. сродкамі пазнання божай ісціны прызнавалі малітоўнае сузіранне, містычнае азарэнне, аскетычны подзвіг. У.С.Салаўёў лічыў, што правасл. тэалогія павінна развівацца ў выглядзе «цэльных ведаў», якія спалучаюць сузіральна-рэліг. містычнае пазнанне з навук. эмпірычным і рацыянальным філасофскім; на яго думку, эмпірычнае пазнанне раскрывае знешні бок рэчаў, рацыянальнае — магчымасці самога мыслення, але абсалютная ісціна даступна толькі рэліг. пазнанню. У 20 ст. элементы Ф. характэрны для персаналізму, неатамізму і рэліг. экзістэнцыялізму, таксама для тэалагічных канцэпцый хрысціянства і інш. рэлігій, якія выступаюць супраць разумення навукі як адзінай крыніцы пазнання ісціны, але не адмаўляюць яе ролю, імкнуцца даказаць яе сумяшчальнасць з рэлігіяй.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

асноўны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека, гал. і спецыфічная функцыян. дзейнасць якога — ажыццяўленне рэфлексаў, звязаных з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У беспазваночных складаецца з гангліяў і нерв. ланцужка, у пазваночных — са спіннога мозга і галаўнога мозга. У вышэйшых жывёл і чалавека ніжэйшыя і сярэднія аддзелы Ц.н.с. — спінны мозг, прадаўгаваты мозг, сярэдні мозг, прамежкавы мозг, мазжачок — рэгулююць дзейнасць асобных органаў і сістэм арганізма, ажыццяўляюць сувязь і ўзаемадзеянне паміж імі, забяспечваюць адзінства арганізма і цэласнасць яго дзейнасці. Спецыфічная адзнака Ц.н.с. — забеспячэнне функцыян. субардынацыі (пэўнай супадпарадкаванасці паміж органамі). Вышэйшы аддзел Ц.н.с. — кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга.

У прасцейшых жывёл адсутнічае. У кішачнаполасцевых дыфузная нерв. сістэма. Станаўленне прасцейшай Ц.н.с. звязана з сегментацыяй цела (напр., у раснічных чарвей фарміруюцца нерв. вузлы). У пазваночных Ц.н.с. ўтвараецца ў эмбрыягенезе з вонкавага зародкавага лістка (эктадэрмы) і адносіцца да тыпу трубчастай нерв. сістэмы. У працэсе нейруляцыі пярэдні канец нерв. трубкі падзяляецца на 3 мазгавыя пузыры, яе задняя частка ператвараецца ў спінны мозг. У працэсе гіст. развіцця пазваночных яе будова ўскладнялася, часткі, размешчаныя ў пярэднім аддзеле цела (галаўны мозг, асабліва кара вялікіх паўшар’яў), набылі надзвычай важнае значэнне (гл. Вышэйшая нервовая дзейнасць). Імпульсы ад рэцэптараў праходзяць па цэнтраімклівых нервовых валокнах, далей яны пералаюцца на цэнтрабежныя нервовыя валокны, па якіх узбуджэнне дасягае органаў і тканак, выклікаючы змены іх функцыян. стану.

Літ.:

Костюк П.Г. Физиология центральной нервной системы. Киев, 1977;

Общая физиология нервной системы. Л., 1979;

Частная физиология нервной системы. Л., 1983.

Т.​І.​Жукоўская.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПА́НСІЯ (ад лац. expansio пашырэнне),

пашырэнне паліт., эканам., гандл., ідэалаг. і інш. уплываў буйных эканам. і фін. аб’яднанняў (карпарацый, банкаў), прапагандысцкіх цэнтраў, ідэалаг. і рэліг. рухаў на інш. краіны з мэтай іх падпарадкавання ўласным інтарэсам і атрымання пэўнай выгады. Паводле прыёмаў, метадаў і сфер правядзення Э. мае адкрыты (яе інтарэсы выяўляюцца непасрэдна і прама) і замаскіраваны (паступовыя частковыя крокі на працягу пэўнага часу) характар. У залежнасці ад выкарыстання сродкаў Э. падзяляюць на ваенную і «мірную». Ваенная Э. раўнаважная адкрытай агрэсіі — захоп узбр. шляхам чужых тэрыторый з мэтай паліт. і эканам. закабалення інш. народаў, анексіі іх зямель, замацавання свайго ваенна-стратэг. становішча, пашырэння сфер уплыву. Тэр. Беларусі, у т. л. дзяржава ВКЛ, многаразова была падвергнута Э. з боку суседзяў, у выніку чаго страціла ч. сваіх зямель і насельніцтва. Э. характэрна для ўсіх гіст. эпох і з’яўляецца парушэннем міжнар. права. Такія акцыі экспансіянісцкага характару звычайна маскіруюцца спасылкамі на «агульначалавечыя інтарэсы», неабходнасць «абароны правоў чалавека», «дэмакратыі» і г.д. «Мірная» Э. — найб. пашыраная з’ява міжнар. жыцця, калі развітыя краіны імкнуцца ўсталявацца ў інш. краінах свету з мэтай уладкавання сваіх эканам. (вываз капіталу, экспартныя крэдыты, гандл. і валютны дэмпінг і г.д.), паліт., дыпламат. і ваен. выгад і інтарэсаў. У сучасным свеце разгортваецца ідэалаг. Э. некат. краін, аб’ектам якой з’яўляюцца нац., рэліг. і цывілізацыйныя асаблівасці інш. народаў. Вынікам Э. з’яўляецца ўключэнне той ці іншай краіны, яе насельніцтва ў сферу чужых інтарэсаў, што супярэчыць уласным нац. інтарэсам, суверэнітэту і незалежнасці. Гл. таксама Агрэсія, Каланізацыя, Каланіялізм.

В.​І.​Боўш.

т. 18, кн. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)