РАТА́Н-600, радыётэлескоп Расійскай АН з дыяметрам кальца каля 600 м, найбуйнейшы радыётэлескоп з антэнай пераменнага профілю. Знаходзіцца на Паўн. Каўказе паблізу станіцы Зелянчукская. Прызначаны для вывучэння касм. радыёвыпрамянення ў дыяпазоне ад 8 мм да 21 см. Дакладнасць вызначэння вуглавых каардынат крыніц радыёвыпрамянення да 0,1″.

Радыётэлескоп РАТАН-600.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ПАК,

герой бел. нар. казкі «Мужык і пан». Хітры і кемлівы прыгонны селянін, які адважыўся пайсці да пана-самадура і расказаць яму пра ўсе беды ў панскім двары. Умелым і дасціпным апавяданнем С. давёў пана да адчаю, адпомсціўшы за ўсе здзекі і пакуты. На Беларусі вядома 6 варыянтаў казкі.

т. 15, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЗАЎСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на Пн Зах.Сібірскай раўніны, у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе Расіі. Абмываецца на З Обскай, на У Тазаўскай губамі Карскага м. Даўж. каля 200 км, шыр. каля 100 км, выш. каля 100 м. Паверхня раўнінная, слаба нахіленая да Тазаўскай губы, стромка абрываецца да Обскай губы. Тундравая расліннасць.

т. 15, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РЭНС (Torrens),

бяссцёкавае салёнае возера на Пд Аўстраліі; 2-е па велічыні на мацерыку пасля воз. Эйр. Размешчана ў катлавіне тэктанічнага паходжання, на З ад хр. Фліндэрс, на выш. 34 м. Пл. зімой да 5,7 тыс. км² (глыб. да 8 м), летам амаль перасыхае, дно ўкрываецца скарынкай солі.

т. 15, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РМА (лац. turma),

падраздзяленне стараж.-рымскай конніцы ў 4—1 ст. да н.э., якое ўваходзіла ў склад легіёна. Падзялялася на 3 дэкурыі па 10 коннікаў у кожнай на чале з дэкурыёнам, адзін з якіх камандаваў Т. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. Т. стала самаст. фарміраваннем рым. конніцы.

т. 16, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІЯ ГА́ТЫ,

горы ў Індыі, утвараюць усх. ўскраіну Джанскага пласкагор’я. Выш. да 1680 м (г. Дэвады-Мунда). Складзены з гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў. Расчлянёныя на асобныя плоскавяршынныя глыбавыя масівы (Веліконда, Наламалай, Усх. горы і інш.). Схілы, звернутыя да Бенгальскага зал., больш стромкія, чым заходнія. На схілах лістападныя мусонныя лясы.

т. 16, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕ́РСКА-СУ́НЖЭНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

У Перадкаўказзі, паміж рэкамі Сунжа і Церак (Расія). Уключае 2 шыротныя хрыбты — Церскі (выш. да 664 м) і Сунжэнскі (выш. да 926 м), падзеленыя Алханчуртаўскай далінай. Складзена з пясчана-гліністых адкладаў і пясчанікаў з покрывам з лёсападобных суглінкаў. Пераважаюць стэпы. Радовішчы Грозненскага нафтавага р-на.

т. 17, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТА́З (ад грэч. ekstasis захапленне, раз’юшанасць),

1) найвышэйшая ступень захаплення, пры якой чалавек даходзіць да самазабыцця, калі-нікалі да раз’юшанасці.

2) У медыцыне — від афектыўнага псіхічнага расстройства, якое суправаджаецца стратай пачуцця рэальнасці, зменлівасцю свядомасці (напр., пры наркатычным ап’яненні, некат. формах шызафрэніі). Э. рэлігійны гл. ў арт. Фанатызм.

т. 18, кн. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮЛІЯ́НСКІ КАЛЯНДА́Р,

каляндар, уведзены ў 46 да н.э. ў Стараж. Рыме. Адлік па ім пачаўся з 1 студз. 45 да н.э. Атрымаў назву старога стылю пасля яго замены ў 1582 у шэрагу краін Еўропы (пазней — у большасці краін свету) грыгарыянскім календаром (новым стылем). Гл. таксама Час.

т. 18, кн. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ Аляксандр Мікалаевіч (3.5.1870, С.-Пецярбург — 9.2.1960),

рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.​П.​Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.​С.​Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.​Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.​Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.

Тв.:

Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.

Літ.:

Эткинд М. А.​Н.​Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.

А.Бенуа. Эскіз дэкарацыі да трагедыі У.​Шэкспіра «Венецыянскі купец». 1920.
А.Бенуа. Эскіз заслоны да балета «Пятрушка». 1957.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)