вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАРАЁН,
структурная адзінка сучаснай жыллёвай забудовы буйных населеных пунктаў. У вял. гарадах разлічаны на 12—20 тыс., у сярэдніх на 6—12 тыс. жыхароў. Складаецца з комплексу жылых дамоў, паблізу якіх размяшчаюцца ўстановы культ.-быт. абслугоўвання (дзіцячыя сады, школы, крамы), спарт. пляцоўкі і зялёныя зоны. Планіроўка і забудова М. робіцца на аснове адзінай або расчлянёнай на групы жылых дамоў арх.-прасторавай арганізацыі тэр. з улікам прыродных і кліматычных умоў.
На Беларусі першыя М. пабудаваны ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. Размяшчалі іх на свабодных тэрыторыях паблізу існуючай забудовы, на ўскраінах гарадоў, а таксама на месцы забудовы, якая патрабавала рэканструкцыі. З 1970-х г. у вял. гарадах перайшлі да забудовы тэрыторый буйнымі структурнымі адзінкамі — жылымі раёнамі, у склад якіх уваходзяць М. Гэта дазволіла арганічна звязваць арх. вырашэнні з ландшафтам і трансп. камунікацыямі (Усход 1 у Мінску, Валатава ў Гомелі і інш.). Шматсекцыйныя, складанай канфігурацыі жылыя дамы ў спалучэнні з вышыннымі і малапавярховымі будынкамі культ.-быт. абслугоўвання ствараюць выразныя прасторавыя кампазіцыі. Сучасныя М. характарызуюцца большай разнастайнасцю пабудоў і іх каларыстычных вырашэнняў, добраўпарадкаванасцю тэрыторый, выкарыстаннем малых арх. форм (М. Зялёны Луг 5, Малінаўка ў Мінску, Поўдзень у Віцебску, Бабры ў Мазыры, № 12 у Салігорску і інш.).
Л.С.Патапаў, С.А.Сергачоў.
Мікрараён Бабры ў Мазыры.Мікрараён Зялёны Луг 5 у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,
помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял.цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.
Літ.:
Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.
А.Ю.Пятросава, Т.І.Чарняўская.
Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎЧАДЗЬ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).
Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на 2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНА-КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
спецыялізаваная галіна прам-сці па перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Адна са старэйшых галін харчовай прамысловасці Беларусі.
Да пач. 20 ст. ў Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы (вадзяныя млыны і ветракі) з 1—2 рабочымі. Большасць сялян вырабляла муку і крупы ў хатніх умовах з дапамогай жорнаў, ступы і інш. Першы вял. на той час вадзяны шасціпастаўны млын пабудаваны ў 1826 у фальварку Забалоцце Аршанскага пав. (працавала 18 чал., збожжа прывозілі пераважна водным шляхам па Дняпры з Украіны). У 1860 у Беларусі дзейнічалі 1834 мукамольныя прадпрыемствы (вадзяныя, ветраныя, конныя і паравыя млыны), на якіх працавала 2730 рабочых, выраблялася 2956 тыс. пудоў мукі. У 1920—30-я г. прадпрыемствы М.-к.п. рэканструяваны, пабудаваны механізаваныя млыны, у т. л. млынкамбінаты у Гомелі, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слуцку. У 1940 выраблена мукі 873,1 тыс., круп 50,8 тыс.т. У пасляваенны час М.-к.п. развівалася на новай тэхн. аснове, што дало магчымасць пастаўляць яе ў інш. рэспублікі.
У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 1934 прадпрыемствы і вытворчасці М.-к.п. У 1997 выпрацавана мукі 1372,5 тыс., круп 97,3 тыс.т. Вял. млынкамбінаты працуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Полацку, Калінкавічах, Рэчыцы, Асіповічах, Баранавічах, Лідзе, Пінску, Клімавічах, Слуцку, Брэсце і інш.
П.І.Рогач.
Да арт.Мукамольна-крупяная прамысловасць. Гомельскі млынкамбінат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута),
страсці, рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.С.Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Якаў Савельевіч) (20.6.1940, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 7.12.1996),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1983), праф. (1984). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ (заг. сектара), з 1976 у Мінскай ВПШ (заг. кафедры). З 1991 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, кіраўнік групы па вывучэнні паліт. рэпрэсій на Беларусі ў 1920 — пач. 1950-х г. З 1993 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы (заг. аддзела). Даследаваў гісторыю рэвалюцыі 1905—07, грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 у Расіі і Беларусі, падп. і партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ваен.буд-ва і паліт. рэпрэсій у 1920—40-х г., праблемы метадалогіі і гістарыяграфіі Вял.Айч. вайны. Адзін з аўтараў прац «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.
Тв.:
В.И.Ленин и партизанское движение. Мн., 1975;
Комиссар Бумажков. Мн., 1978;
Народная война в тылу интервентов и белогвардейцев. Мн., 1983;
В суровом сорок первом. Мн., 1985;
У истоков победы. М., 1986;
Драматычны лёс польскіх асаднікаў // Бел. мінуўшчына. 1994. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,
баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням.танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс.чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс.мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.Ц.Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».