ЛАРУ́СА ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫІ,

сукупнасць даведачных выданняў, што выпускаюцца франц. выдавецкай фірмай «Ларус». Засн. ў 1852 франц. лексікографам П.Ларусам сумесна з О.Буае. Першыя выданні: «Petite encyclopédie du jeune âge» («Малая дзіцячая энцыклапедыя», 1853) i «Grand dictionnaire universel du XIX-e siécle» («Вялікі універсальны слоўнік XIX ст.», т. 1—17, 1865—90, т. зв. «Ларус XIX ст.»). Сярод інш. выданняў 19 ст.: «Nouveau Larousse illustré en 7 volumes» («Новы ілюстраваны Ларус», т. 1—7, 1897—1904, дадатковы том 1907), «Dictionnaire complet illustré» («Поўны ілюстраваны слоўнік», 1889; 140 перавыданняў). На базе апошняга даведніка, які спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і энцыклапедычнага слоўніка, быў падрыхтаваны «Petit Larousse» («Малы Ларус», з 1906 выдаецца штогод). Для аператыўнага папаўнення вял. энцыклапедый Ларуса найноўшымі звесткамі з 1907 выдаецца спец. энцыклапедычны час. «Larousse mensuel illustré» («Штомесячны ілюстраваны Ларус», 1907—98; у 1941—47 не выходзіў). З 1920-х г. выдаюцца прынцыпова новыя універсальныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі: «Larousse du ХХ-е siécle en 6 volumes» («Ларус XX ст.», т. 1—6, 1928—33), «Grand Larousse encyclopédique en 10 volumes» («Вялікі энцыклапедычны Ларус», т. 1—10, 1960—64, дадатковы том 1968; перавыданне т. 1—15, 1985—87), «Grand Larousse de la langue franęaise en 7 volumes» («Вялікі Ларус французскай мовы», т. 1—7, 1971—78) і інш. Выдадзены таксама энцыклапедычныя даведнікі агульнага прызначэння: «Nouveau Larousse universel» («Універсальны новы Ларус», т. 1—2, 1948—49), «Encyclopédie Larousse méthodique» («Сістэматычная энцыклапедыя Ларуса», т. 1—2, 1955), «Encyclopédie Larousse des enfants» («Энцыклапедыя Ларуса для дзяцей», 1957), «Larousse de la langue franęaise» («Слоўнік французскай мовы Ларуса», 1979), «Grand dictionnaire encyclopédique Larousse» («Вялікі энцыклапедычны слоўнік Ларуса», 1982) і інш. Выдаюцца таксама шматлікія галіновыя Ларусы (муз., мед., с.-г. і інш.).

Публ.: Энциклопедия для юношества («Ларусс»): Пер. с фр. М., 1998.

Літ.:

Гудовщикова И.В. Общие зарубежные энциклопедии. Л., 1963.

В.К.Шчэрбін.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА Барыс Міхайлавіч

(18.4. 1941, Мінск — 17.12.1994),

бел. архітэктар. Сын М.Ларчанкі. Засл. архітэктар Беларусі (1984). Скончыў БПІ (1964). З 1965 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1989 гал. архітэктар). Найб. значныя работы ў Мінску: комплекс будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні («Белдзіправадгас», «Сельгастэхпраект», 1970—84), станцыя метро «Плошча Перамогі» і рэканструкцыя пл. Перамогі (1984), кінатэатр «Аўрора» (1987) у комплексе з гасцініцай, аэравакзальны комплекс аэрапорта «Мінск-2» (гл. Мінскія аэрапорты; усе ў сааўт.) і інш.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА Міхась

(Міхаіл Рыгоравіч; 14.11.1907, в. Хварасцяны Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.7.1981),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1956), праф. (1957). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1932). У 1935—41 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, з 1943 у БДУ (у 1944—52 і 1955—71 дэкан філал. ф-та). Друкаваўся з 1930. Даследаваў станаўленне рэалізму ў бел. л-ры 19 — пач. 20 ст. («На шляхах да рэалізму», 1958; «Па шляху рэалізму», 1959), узаемасувязі бел. л-ры з л-рамі славян («Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове XIX ст.», 1958; «Славянская супольнасць», 1963; «Яднанне братніх літаратур», 1974), стараж. бел. л-ру і фальклор, творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Ядвігіна Ш., М.Танка, П.Панчанкі, А.Куляшова, М.Горкага, М.Гогаля, М.Някрасава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Адзін з аўтараў дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ («Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры», 1956; «Беларуская вусна-паэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Беларуская народна-паэтычная творчасць», 1979).

Тв.:

А.М.Горкі і беларуская літаратура. Мн., 1951;

Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры. Мн., 1952;

Жывая спадчына. Мн., 1977;

Літаратурнае пабрацімства славян. Мн., 1984.

І.У.Саламевіч.

М.Ларчанка.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА Станіслаў Міронавіч

(н. 21.1.1938, Масква),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). У 1969—93 выкладаў у Бел. АМ. Творам уласціва спалучэнне традыцый стараж. пластыкі з сучаснымі формамі маст. выражэння. Сярод твораў: манум.-скульпт. кампазіцыі «Флейтыст» у гасцініцы «Турыст» (1973) і «Асветнікі» ў грамадска-культ. цэнтры мікрараёна Паўд. Захад (1983—84) у Мінску; «Мадонны Чарнобыля» ў г. Любек (1992) і «Рускі анёл» у г. Вармзен (1995) у Германіі; рэльефы «Пераемнасць культур» у бібліятэцы г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1990). «Сцяна міру» для г. Небраска (ЗША, 1993); станковыя кампазіцыі «Купальскія гульні» (1978), «Возера Нарач» (1980), «Зямля» (1981), скульптура «Дакрананне» (1997).

Г.А.Фатыхава.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі божаствы — апекуны рым. грамадз. абшчыны ў цэлым, яе асобных абшчын, іх зямель і скрыжаванняў дарог, а пазней таксама і хатнія багі — душы продкаў кожнай рым. сям’і, што яе апекавалі. У іх гонар ствараліся алтары, у т.л. хатнія, і штогод наладжваліся святы. Сямейныя Л. лічыліся заступнікамі рабоў і вольнаадпушчанікаў, якія пераважна і абслугоўвалі іх культ у сем’ях сваіх гаспадароў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫЁНАЎ Міхаіл Фёдаравіч

(3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),

расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус. авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.

Тв.:

Лучизм. М., 1913.

І.М.Каранеўская.

М.Ларыёнаў Лучызм. 1910.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫН Аркадзь Ягоравіч

(н. 15.11. 1923, с. Убінскае Новасібірскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1990), праф. (1993). Засл. настаўнік прафес.-тэхн. адукацыі Беларусі (1968). Нар. настаўнік СССР (1979). Скончыў БДУ (1950). З 1960 дырэктар Бабруйскага вышэйшага прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва. Навук. працы па праблемах эстэт. выхавання і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў ПТУ.

Тв.:

Эстетическое воспитание учащихся профтехучилищ. Мн., 1981;

Формирование личности молодого рабочего в профтехучилищах. Мн., 1983 (у сааўт.);

Воспитание творческой активности учащихся ПТУ. Мн., 1990;

Эстетическое воспитание. 2 изд. Мн., 1992.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫН Фёдар Сямёнавіч

(13.2.1941, в. Кокіна Камарыцкага р-на Бранскай вобл., Расія — 14.1.1996),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964). З 1967 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1985 нам. дырэктара, з 1992 дырэктар). Навук. працы па рэгуляцыі абмену ліпідаў у арганізме жывёл і чалавека ў норме і паталогіі, пошуку метабалічных падыходаў у лячэнні атлусцення.

Тв.:

Обмен липидов при введении тиамина и его фосфорилированных производных (разам з В.У.Буко) // Кокарбоксилаза и другие тиаминфосфаты. Мн., 1974;

Обмен липидов при авитаминозе B1 вызываемом введением окситиамина (у сааўт.) // Метаболические эффекты недостаточности функционально связанных B-витаминов. Мн., 1987.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫНГАСКАПІ́Я

[ад грэч larynx (laryngos) гартань + ...скап(ія)],

метад даследавання гартані спец. інструментамі. Адрозніваюць Л. непрамую (люстраную), прамую і фібравалаконную. Непрамую Л. робяць з дапамогай гартаннага люстэрка, крыніцы святла і лобнага рэфлектара, прамую з дапамогай ларынгаскопа, фібравалаконную — прыборамі з выкарыстаннем фібравалаконнай оптыкі (святлаводаў).

П.А.Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫНГАСПА́ЗМА

[ад грэч. larynx (laryngos) гартань + спазма],

раптоўная сутаргавая спазма мускулатуры гартані, у выніку якой прасвет гартані закрываецца і ўзнікае інспіраторная задышка. Выклікаецца раздражненнем блукаючага нерва пры пападанні іншародных цел у прасвет гартані, валляку, пухлінах, у дзяцей таксама — доўгім плачам, смехам і інш. Пры Л. хворы задзірае галаву, шырока разяўляе рот, у цяжкіх выпадках — смерць ад асфіксіі. Неадкладны зварот па ўрачэбную дапамогу.

П.А.Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)