ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),

каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗНАЧЭ́ЙСКІЯ АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВЫ,

дзяржаўныя каштоўныя паперы (аблігацыі, вэксалі і інш.), якія выпускаюцца ў абарачэнне казначэйствам або інш. упаўнаважаным на гэта фін. органам. Рэалізуюцца сярод банкаў, крэдытна-фін. устаноў, насельніцтва на розныя тэрміны і на розных умовах. Даюць права атрымліваць фіксаваны даход на працягу ўсяго тэрміну валодання гэтымі паперамі. Мэта выпуску К.а. — мабілізацыя грашовых сродкаў для папаўнення даходнай ч. бюджэту (пакрыццё дэфіцыту), афармленне дзярж. доўгу.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУІ́СТЫКА разгляд асобных выпадкаў, здарэнняў у іх сувязі з агульнымі прынцыпамі права, маралі і інш. У юрыспрудэнцыі адшуканне норм права, якія дазваляюць вырашыць казусы (складаныя выпадкі), што ўзнікаюць у працэсе вядзення справы. У сярэдневяковай схаластыцы і багаслоўі — прымяненне агульных дагматычных палажэнняў да асобных выпадкаў. У тэалогіі (асабліва ў каталіцызме) — вучэнне пра ступень граху. У пераносным сэнсе — спрытнасць, выкрутлівасць у доказах, уменне адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні; кручкатворства.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ КО́ЛЬЦЫ,

рытуальныя збудаванні ў выглядзе кальца, авала ці спіралепадобнай фігуры з вертыкальна пастаўленых камянёў. Пашыраны на Брытанскіх а-вах, у Паўн. Францыі; выяўлены на Салавецкіх а-вах і ў Архангельскай вобл. Расіі. Пры раскопках у Шатландыі ў К.к. знойдзены фрагменты керамічных кубкаў, урнавыя пахаванні, якія належаць да бронзавага веку. Часта звязаны з алеямі менгіраў і інш. тыпамі пахаванняў, зробленых з выкарыстаннем камянёў.

А.​В.​Лоў.

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНАГА КАНТРО́ЛЮ Рэспублікі Беларусь, орган дзярж. кантролю ў краіне. Створаны ў 1996 шляхам пераўтварэння службы кантролю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Утвараецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўляе кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, парламента, урада і інш. дзярж. органаў, якія рэгулююць адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыня к-та назначаецца Прэзідэнтам. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці к-та вызначаюцца заканадаўствам.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМСАМО́ЛЬСКАЯ,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Нясвіж — в. Шышчыцы. Да 1964 наз. Пукава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Капыль, 90 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Слуцк. 476 ж., 200 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВАТЫ́ЗМ у біялогіі,

захаванне пэўнай ступені ўстойлівасці біял. сістэмы (напр., геному, папуляцыі) у нязменным стане або павольнае яго змяненне, пасіўнае супрацьдзеянне знешнім фактарам, якія ўздзейнічаюць на сістэму і могуць парушыць яе раўнавагу і сувязі, што ўсталяваліся паміж арганізмамі ў сістэме і навакольным асяроддзем (напр., гнездавы К. — прыхільнасць птушак да месцаў гнездавання). Кансерватыўныя прыкметы біял. сістэмы імкнуцца захавацца нязменнымі або павольна змяняюцца ў ходзе эвалюцыі.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАР (ням. Kar),

цырк, чашападобная выемка ў верхняй ч. схілаў гор у вобласці сучаснага або стараж. зледзянення. Утвараецца ад дзейнасці ледавікоў, снежнікаў, марознага выветрывання. Вызначаецца плоскім днішчам, якое з бакоў і ззаду абкружана стромкімі сценкамі, з пярэдняга боку адкрыты ці замкнёны невысокім парогам. На дне К. могуць быць каравыя ледавікі, намнажэнні фірну або снегу. У К., якія знаходзяцца ніжэй сучаснай снегавой лініі, часта размешчаны ка́равыя азёры.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЗІ́ЙНАЯ ЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ,

уласцівасць матэрыялаў супрацьстаяць карозіі. Ацэньваецца макра- і мікраскапічнымі зменамі паверхні матэрыялу, часам да паяўлення першага каразійнага ачага (або колькасцю такіх ачагоў, якія ўзніклі за пэўны час), памяншэннем таўшчыні матэрыялу або масы з адзінкі паверхні за адзінку часу, зніжэннем фіз.-мех. паказчыкаў і інш. Павышаецца легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў (анадзіраваннем, алітаваннем, нікліраваннем, храміраваннем, эмаліраваннем і інш.), афарбоўкай (лакафарбавымі пакрыццямі). К.ў. уласцівая каразійнаўстойлівым матэрыялам.

А.​І.​Гараст.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́Н,

вёска ў Зэльвенсюм р-не Гродзенскай вобл., на беразе Зэльвенскага вадасх., на аўтадарозе Зэльва — Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад гар пасёлка і 13 км ад чыг. ст. Зэльва, 140 км ад Гродна. 330 ж., 135 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)