Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр.ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс.км. Пл. 8,5 млн.км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г.Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).
Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.
Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на ПдБразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд.т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял.р.Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн.кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр.ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.
Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3 млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш.хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн.ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс.ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн.чал.Партуг. мараплавец П.А.Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц.чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона I (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац.б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд.ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру I зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс.чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен. рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.Г.Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц.фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.Куадрус (студз.—жн. 1961) і Ж.Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял.сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен. рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.Гарастазу (1969—74) — перыяднайб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.
Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.Э.Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз.дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн.чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн.чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.
Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд.дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн.т, марганцавай 722 тыс.т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн.т, волава 25,6 тыс.т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн.т, нафты 32 млн.т, каменнага вугалю каля 30 млн.т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд.л, на ім працуе каля 1/3 аўтатранспарту). Вытв-сцьэл. энергіі 248,8 млрд.кВт∙гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн.кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і Паўлу-Афонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн.т, сталі 25,7 млн.т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен.прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн.т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн.т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн.м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн.т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн.т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс.т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн.т, бавоўна — 405 тыс.т, цукр. трыснёг — 251,4 млн.т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн.т, бананы — 5,6 млн.т, тытунь — 663 тыс.т, сізаль — 126 тыс.т. На Пд развіта вінаградарства. Гал.харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн.т (у т. л. кукуруза — 30 млн.т, рыс — 10,2 млн.т, пшаніца — 2,2 млн.т), маніёк — 21,7 млн.т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн.т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн.км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс.км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс.км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс.км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн.т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.
Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс.чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс.чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс.чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац.гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн.экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.
Літаратура. Нац.л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг.тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.Тэйшэйра Пінту, А.Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.Батэлью ды Алівейра, Н.Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян.літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.А.Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А.Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст.браз.л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.Рамус, Ж.Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.Э.Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.Мейрэліс ды Ліма, П.Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.Гарсія Роза, Ф.Р.Карвалью, Ж.М.Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.Гаэлдзі, К.Скліяр, Р.Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).
Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6-струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес.муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз.нац. оперы К.А.Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.Мігіс, Э.Освалд, А.Леві, Ф.Брага, А.Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.Л.Фернандыс, Ф.Міньёні, Р.Гнаталі, К.Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз.авангардызму С.Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз.муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).
Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес.тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.Азеведу, Л.Фроіса, Г.Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр.навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз.т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.Марына, А.Чэлі, Дж.Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.Камаргу, Н.Радрыгіса, Г.Фігейрэду і інш.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац.муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.Маўру, А.Кавалканці, Л.Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.Віяні, Н.Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».
Літ.:
История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;
Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;
Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;
Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Культура Бразилии. М., 1981;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;
Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;
Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;
Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;
Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Бразіліі.Да арт.Бразілія. Узбярэжжа заліва Рыо-дэ-Жанейра.Да арт.Бразілія. Вадаспад Ігуасу на р. Парана.Да арт.Бразілія. К.Партынары. Збор кавы. 1935. Фрагмент.Да арт.Бразілія. Статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду ў Рыо-дэ-Жанейра. Скульптар П.Ландоўскі. 1931.Да арт.Бразілія. Царква Сан-Франсіску ў Ору-Прэту. Арх. і скульптар Алейжадынью. 1766—94.Да арт.Бразілія. Вуліца 9 Ліпеня ў Сан-Паўлу.Да арт.Бразілія. Падрыхтоўка саджанцаў кававых дрэў да пасадкі.Да арт.Бразілія. Інтэр’ер кафедральнага сабора ў г. Бразілія. Арх. О.Німеер. 1960.Да арт.Бразілія. Адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Арх. О.Німеер. 1957—60.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́КІЯ (Slovensko),
Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс.км². Нас. 5408 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г.Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць да бас.р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс.ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.
Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст.н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст: зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд.ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ.нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.
У 1-ю сусв вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.Масарык, Э.Бенеш) і славацкай (М.Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац.к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг.сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак.фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкі партыз. атрад на чале з маёрам Я.Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш.апазіц. партый стварылі Славацкі нац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш.дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.
3 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.Шусцер. С. — чл.ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш.Асн.прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд.дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд.дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн.прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн.т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс.га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс.га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн.т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс.км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал.міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд.дол., імпарт — 12,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн.дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн.дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн.дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.
Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс.чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс.чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс.чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.
Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж.мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасля асн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч.г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.А.Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкі тэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн.ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж.навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац, (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкі тэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш.Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.
Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм.рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.Ракаўскага, Я.Якобеўса, духоўная паэзія Я.Сільвана, Э.Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.Кырмезера і Ю.Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.Беніцкага, О.Луцэ, мемуарная проза Ш.Піларыка, Т.Масніка, С.Грушкавіца, свецкая паэзія Г.Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.Цвітынгер, П.Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.І.Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.Колара, Б.Табліца, проза Я.Голага, навук. працы Ю.Фандлі, П.І.Шафарыка, драмы Я.Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.Штура, паэмы і лірыка Я.Краля, А.Сладкавіча, паэмы-казкі Я.Боты, гіст. аповесці Я.Калінчака, І.М.Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ.т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.Ваянскага, П.Гвездаслава, М.Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.Есенскага, І.Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.Краска, І.Гал, У.Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.Крчмеры, М.Разус, Я.Смрэк, Э.Б.Лукач. Я.Понічан, у прозе — Я.Грушаўскі, Г.Вамаш, М.Урбан, І.Горват, у літ. крытыцы — Э.Уркс, А.Матушка. Вядомасць набылі раманы П.Ілямніцкага, паэзія Л.Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.Хробак, М.Фігулі, Ф.Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.Ленка, П.Бунчак, Ш.Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.Мінач, М.Крно, Я.Боданек, Я.Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.Плаўка, Я.Костра, В.Мігалік, празаікі Р.Яшык, Ф.Гечка, К.Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.Беднар, Ф.Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.Балек, А.Гікіш, Р.Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.Мітаны, І.Гудзеца, Д.Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.Тала, Я.Ленч, М.Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.Яраш, П.Андрушка, І.Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.Шыкула, М.Валек, О.Заграднік, Я.Солавіч і інш). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.Бяганская, У.Дамашэвіч, Х.Жычка, У.Караткевіч, Я.Каршукоў, А.Мажэйка, П.Макаль, С.Міхальчук і інш.
Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.Каневале, Ф.А.Хілебрант, І.Б.Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкі нац.т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.
З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн.Т-ва славацкіх архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія да франц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай ў Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум.арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.Донер). У канцы’ 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.Трогер, Ф.Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.Богдан, С.Генрых, Я.Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.Л.Лібая, А.Бродскага, Л.Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.Богунь, І.Б.Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.Андзьяла, Д.Скуцецкі, І.Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст.вял. роля належыць М.Бенку, М.Базаўскаму і Я.Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.Галанда і Л.Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.Сокала, жывапісца К.Баўэра, скульпт. Ф.Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.Гложнік, Я.Жэлібскі, Ц.Маернік, Ю.Немчык, скульптар І.Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.Горавая-Ковачыкава і інш.
З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.Хмель, М.Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.Куліх, А.Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.Бартфай, Л.Гударна, В.Жылінчанава, У.Компанек, Р.Крываш, М.Лалуха, М.Паштака, Л.Сламка, Ф.Студзены, П.Тот, Л.Чэміцкі, В.Хложнік, М.Якабчыц, Ю.Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.
Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.Банаўскі, Т.Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.Заравуціус, Я.Кусер, І.Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.Баян, Э.Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць да нар. песні, фарміруецца нац.муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац.муз. школы — Я.Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.Кафенды, М.Мойзеса, В.Фігуша-Бістры, М.Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац.т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.Базлік, І.Зельенка, А.Очанаш, Э.Сухань, Я.Цыкер; дырыжоры О.Ленард, Л.Райтар, Л.Словак; піяністы К.Гаўлікава, М.Дапшанскі; скрыпачы Т.Гашпарак, П.Міхаліца; спевакі Г.Бенячкава, Ш.Гоза, Э.Кітнарава, М.Чэсанёва; музыказнаўцы Л.Бурлас, Л.Мокры, З.Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац.т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец.тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес.т-р — Славацкі нац.т-р (засн. Я.Борадач, А.Багар, Г.Кела, О.Орсагава, Г.Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес.тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкі т-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкі нац.т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж.т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.Таяўскага ў Зволене, І.Забарскага ў Прэшаве; укр.т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш.Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр.ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.
Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.Сіякель і Ф.Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.Багна; «Браты», 1961, рэж. А.Летрых), Я.Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш. Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца да нац.культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.Ганак, З.Заган, Я.Якубіска і інш.).
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;
История словацкой литературы. М., 1970;
История литератур западных и южных славян. М., 1997;
Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.
Герб і сцяг Славакіі.Да арт.Славакія. Горнае возера ў Татрах.Да арт.Славакія. Высокія Татры зімой.Да арт.Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.Да арт.Славакія. Замак у Бойніцах.Да арт.Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.Да арт.Славакія. Ратуша ў Левачы.Да арт.Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.Да арт.Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.Да арт.Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.Да арт.Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.Да арт.Славакія. Л.Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.Да арт.Славакія. К.Сокал. Па́ра. 1932.Да арт.Славакія. І.Костка. Смутак. 1943.Да арт.Славакія. Л.Гударна. Дзяўчына. 1959.Да арт.Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.