«ВЯЛІ́КАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ»,

тэарэтычныя мадэлі квантавай тэорыі поля, у аснову якіх пакладзена ідэя адзінства моцных, эл.-магн. і слабых узаемадзеянняў пры звышвысокіх энергіях ці на звышмалых адлегласцях.

Падставай для стварэння «вялікага аб’яднання» з’явіліся эфекты вакууму квантавай тэорыі палёў; экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы, з чаго вынікае, што пры пэўным значэнні энергіі эфектыўныя зарады (канстанты ўзаемадзеяння) могуць супадаць. Ідэя «вялікага аб’яднання» эксперыментальна пацвярджаецца адзінай тэорыяй электраслабых узаемадзеянняў. «Вялікае аб’яднанне» тлумачыць квантаванне эл. зараду, прадказвае распад пратона і існаванне манаполяў магнітных. Энергія, пры якой адбываецца «вялікае аб’яднанне», блізкая да т.зв. планкаўскай масы (10​19 ГэВ) — энергіі, пры якой неабходна ўлічваць квантавыя гравітацыйныя з’явы, што дае падставы для аб’яднання ў такім падыходзе 4 відаў узаемадзеянняў (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц).

Літ.:

Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.

А.​Я.​Таўкачоў.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХТО́ЎНАСЦЬ вагальнай сістэмы,

колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.

У аснову вымярэнняў Д. (гл. Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш. Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 10​4, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 10​5.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

выбіральнае паглынанне рэчывам эл.-магн. хваль пэўнай частаты, абумоўленае зменай арыентацыі магнітных момантаў часціц рэчыва (электронаў, атамных ядраў).

Энергет. ўзроўні часціцы, якая мае магнітны момант, у знешнім магн. полі расшчапляюцца на магн. падузроўні, кожнаму з якіх адпавядае пэўная арыентацыя магн. моманту адносна поля (гл. Зеемана з’ява). Эл.-магн. поле рэзананснай частаты выклікае квантавы пераход паміж магн. падузроўнямі. Пры паглынанні энергіі ядрамі атамаў назіраецца ядзерны магнітны рэзананс; у парамагнетыках паглынанне энергіі абумоўлена магн. момантамі няспараных электронаў — электронны парамагнітны рэзананс; у магнітаўпарадкаваных рэчывах адрозніваюць ферамагнітны рэзананс, антыферамагнітны рэзананс, ферымагнітны рэзананс. Выкарыстоўваецца для даследавання ўнутр. структуры цвёрдых цел і вадкасцей, для неразбуральнага хім. аналізу, прэцызійных метадаў вымярэння і стабілізацыі магн. палёў, у ферытавых прыладах ЗВЧ, мазерах і інш.

Літ.:

Сликтер Ч.П. Основы теории магнитного резонанса: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ВЕ́ЦЕР,

пастаяннае радыяльнае распаўсюджванне плазмы сонечнай кароны ў міжпланетную прастору. Утварэнне С.в. звязана з патокам энергіі, што паступае ў сонечную карону з больш глыбокіх слаёў Сонца. Пры высокіх т-рах, якія існуюць у кароне (1,5-10​6 К), ціск яе вышэйшых слаёў не ўраўнаважвае газавы ціск рэчыва кароны, і яна расшыраецца. С.в. складаецца з пратонаў, электронаў, невял. колькасці іонаў гелію і інш. Структура С.в. звязана з магн. полем Сонца і мяняецца са зменай сонечнай актыўнасці. За кошт С.в. Сонца губляе 10​−34 Дж/с энергіі і штогод 10​−14 часткі масы. У межах арбіты Зямлі канцэнтрацыя пратонаў 6 см​−3, скорасць 400 км/с. Пры набліжэнні С.в. да Зямлі на мяжы з яе магнітасферай узнікае магнітагідрадынамічная ўдарная хваля, што прыводзіць да істотных дэфармацый магнітнага поля Зямлі — узнікаюць магнітныя буры.

А.​А.​Шымбалёў.

Абцяканне сонечным ветрам магнітасферы Зямлі.

т. 15, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

рэзкае павелічэнне паглынання энергіі эл.магн. поля ферамагнетыкам пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.

Частата Ф.р. (звычайна ў радыёдыяпазоне) вызначаецца ўласнай частатой прэцэсіі магн. момантаў электроннай сістэмы крышталя ва ўнутр. магн. полі, залежыць ад лікавага значэння і напрамку знешняга магн. поля, т-ры, формы і памеру ферамагнетыка, яго даменнай структуры. Ф.р. з’яўляецца калект. эфектам: элементарныя магн. моманты ферамагнетыка моцна звязаны, і паглынанне энергіі адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння пераменнага магн. поля з сумарнымі магн. момантамі макраскапічных аб’ёмаў рэчыва, таму апісанне Ф.р. магчыма ў рамках класічнай макраскапічнай тэорыі. Даследаванне Ф.р. дае магчымасць вывучаць характар узаемадзеянняў у крышталях, даменную структуру і працэсы намагнічвання, вызначаць магн. параметры. Шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы ЗВЧ для стварэння перастройвальных магн. полем рэзанатараў, фільтраў, селектыўных датчыкаў, вентыляў і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГНІЧ Сяргей Анатолевіч (н. 12.6.1964, г. Гарадок Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне спектраскапіі арган. злучэнняў. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1986). З 1986 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні транспарту энергіі электроннага ўзбуджэння ў неўпарадкаваных арган. асяроддзях і яго камп’ютэрным мадэліраванні. Устанавіў асн. заканамернасці міграцыі энергіі трыплетнага ўзбуджэння ў цвёрдых растворах арган. злучэнняў і высветліў механізмы залежнасці яе эфектыўнасці ад прыроды цвердацельнай матрыцы і ўласцівасцей сістэмы ў цэлым.

Тв.:

Миграция триплетных возбуждений сложных молекул в неупорядоченных средах и в системах с ограниченной геометрией // Физика твердого тела. 2000. Т. 42, № 10;

Origin of delayed fluorescence of a ladder-type methyl-poly(para-phenylene) doped with Pt(II) octaethylporphirin (разам з Х.​Бэслерам) // Chemical Physies Letters. 2003. Vol.381, № 3—4.

т. 18, кн. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Шчыльнасць (рэчыва) 1/496; 11/381—382

- » - току 10/265

- » - энергіі 1/218; 11/463

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел ядзернай спектраскапіі, які вывучае энергет. спектры гама-выпрамянення з дапамогай гама-спектрометраў. Метадамі гама-спектраскапіі даследуюць уласцівасці ўзбуджаных станаў атамных ядраў, пераходы паміж ядз. ўзроўнямі энергіі, а таксама гама-выпрамяненне ў выніку радыеактыўнага распаду і ядз. рэакцый. Гл. таксама Спектраскапія.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАВІ́К, махавое кола,

кола з масіўным вобадам, якое ўстанаўліваюць на вале машыны з нераўнамернай нагрузкай для выраўноўвання яе ходу. Дазваляе мець прывод меншай магутнасці. Выкарыстоўваецца як акумулятар мех. энергіі ў поршневых рухавіках, помпах і інш. машынах з нераўнамерным вярчальным момантам на гал. вале.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАТЭРМІ́Я (ад электра... + грэч. thermē цеплата),

галіна электратэхнікі, што ажыццяўляе праектаванне і эксплуатацыю электратэрмічных установак; сукупнасць электратэхнал. працэсаў з выкарыстаннем цеплавога дзеяння эл. энергіі. Да электратэрмічных адносяцца працэсы электраметалургіі, электразваркі (гл. Зварка), электратэрмічнай апрацоўкі і інш. Асн. электратэрмічная ўстаноўка — электрычная печ.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)