ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІЎ СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ.
Існаваў у г. Вільня (Вільнюс) у 1852—1915. Створаны 2.4.1852 для збірання і зберажэння дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ. Складзены на аснове архіўных фондаў цэнтр. і мясц. адм.-судовых устаноў, якія існавалі да падзелаў Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Да цэнтралізацыі архіваў асн. дакументальныя матэрыялы захоўваліся ў архіве Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У канцы 18 — пач. 19 ст. сюды паступілі кнігі гродзенскай і навагрудскай кадэнцый Трыбунала, Вайсковай камісіі, Таргавіцкай канфедэрацыі і інш., у 1837—40 — Трыбунала скарбовага, Скарбовай камісіі ВКЛ, трокскія архіўныя матэрыялы. У 1-й пал. 19 ст. старадаўнія дакументы захоўваліся таксама ў архівах віленскага гродскага і гродзенскага судоў. На аснове названых архіваў быў створаны Віленскі цэнтр. архіў. У сярэдзіне 19 ст. яго фонды налічвалі 17 439 адзінак. У яго складзе быў архіў Трыбунала ВКЛ, архівы павятовых судоў і магістратаў (ашмянскага, вілейскага, віленскага, дзісенскага, друйскага, лідскага, радашковіцкага, свянцянскага, трокскага), Гродзенскай і Мінскай губ. У 1880 паступілі справы Беластоцкай акругі за 1794—1808; у 1887 уключаны Люблінскі архіў стараж. актаў, у 1903—06 Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У 1903 у архіве налічвалася, паводле розных рэвізій, ад 22 да 30 тыс. актавых кніг і фасцыкулаў (звязак). Пасля 1-й сусв. вайны і эвакуацыі фондаў у Расію ў архіве ў 1923 заставалася каля 15 тыс. кніг і фасцыкулаў. Частка збораў была вернута ў Вільню паводле ўмоў Рыжскага дагавора 1921. У міжваенныя часы архіў называўся Віленскім дзярж. архівам, аб’ядноўваў матэрыялы Віленскага цэнтр. архіва, Агульнага архіва віленскіх устаноў, музея М.Мураўёва. З 1944 на гэтай аснове пачаў дзейнічаць Цэнтр. дзярж. архіў Літ. ССР, у 1957 перайменаваны ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў Літ. ССР (аб’яднаў фонды б. Віленскага цэнтр. архіва і Вільнюскага гарадскога дзярж. архіва), з 1990 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.
Г.Я.Галенчанка.
т. 4, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВАЕ́ННА-МАРСКО́ГА ФЛО́ТУ ў Санкт-Пецярбургу.
Створаны ў 1724 пры Дзярж. Адміралцействаў-калегіі для збору і зберагання дакументаў калегіі, яе экспедыцый і кантор. З 1827 Агульны архіў Марскога мін-ва, з 1917 Цэнтр. архіў флоту і марскога ведамства. У 1918 увайшоў у 3-ю секцыю Адзінага дзярж. архіўнага фонду як 2-е (ваенна-марское) аддзяленне. З 1922 ваен.-марская секцыя Цэнтр. архіва РСФСР, з 1925 секцыя арміі і флоту Ленінградскага гіст. архіва, з 1929 ваен.-марская секцыя Ленінградскага аддзялення Цэнтр. гіст. архіва. У 1934 вылучаны ў самаст. марскі гіст. архіў, з 1937 Цэнтр. дзярж. ваен.-марскі архіў, з 1941 Цэнтр. дзярж. архіў ВМФ СССР, з 1992 сучасная назва. 2909 фондаў, 1 216 800 адзінак захоўвання за 1659—1940 (асобныя дакументы з 1550 і да сённяшняга дня). Зберагае дакументы цэнтр. органаў кіравання ВМФ, штабоў і ўпраўленняў флатоў, флатылій, эскадраў, ваенна-марскіх баз, партоў, крэпасцей, злучэнняў і часцей флоту, ваен.-марскіх навуч. устаноў, розных устаноў і арг-цый ваен.-марскога ведамства; 30 калекцый дакументаў; асабістыя фонды вядомых флатаводцаў, мараплаўцаў і вучоных. Есць дакументы па адм.-тэр. падзеле тэр. Беларусі ў 18—19 ст., тапаграфічныя карты бел. губерняў 19 — пач. 20 ст., карты і атласы рэк Дняпро (1784,1886), Сож (1776, 1784), Зах. Дзвіна (1891), Прыпяць (пач. 20 ст.). Захоўвае фонды Дняпроўскай (1919—22, 1932—40), Заходнядзвінскай (Віцебск, 1918—21) і Прыпяцкай (1918—19) ваен. флатылій, Асобнага дывізіёна бранявых катэраў р. Зах. Дзвіна (Віцебск, 1925—27), ваен. порта ў Гомелі (1919—20), Упраўлення начальніка рачных флатылій дзеючай арміі ў Оршы (1917—18), Ваен.-марскога ўпраўлення пры штабе Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве (1914—17) і інш.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 163—167;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
т. 13, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ЭКАНО́МІКІ ў Маскве.
Засн. ў 1961 як Цэнтр. дзярж. архіў нар. гаспадаркі СССР шляхам вылучэння з Цэнтр. дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі СССР фондаў устаноў агульнасаюзнага значэння, якія займаліся эканомікай СССР; з 1992 сучасная назва. 2027 фондаў, амаль 4 млн. адзінак захоўвання за 1917—91 (асобныя дакументы з пач. 19 ст. і да 1994). Зберагае фонды цэнтр. органаў кіравання эканомікай СССР: ВСНГ РСФСР (1917—22) і СССР (1923—32), Дзярж. планавага к-та СССР (1921—91), Дзярж. банка СССР (1921—9), нар. камісарыятаў, мін-ваў, дзярж. к-таў і іх гал. упраўленняў, Дзяржплана і ЦСУ СССР (1918—87); вытв.-гасп. арг-цый: усесаюзных трэстаў, аб’яднанняў, глаўкаў, акц. т-ваў; н.-д. устаноў, між- і ўнутрыгаліновых усесаюзных арг-цый: Усесаюзнай акадэміі с.-г. навук імя Леніна, Акадэміі буд-ва і архітэктуры, галіновых НДІ, гідраметэаслужбы і інш.; фонды цэнтр. органаў кіравання арг-цыямі прамысл. і спажывецкай кааперацыі: Савета Усерас. каап. з’ездаў, Цэнтр. каап. савета, галіновых усерас. і ўсесаюзных цэнтраў с.-г. кааперацыі. Сярод фондаў асабістага паходжання фонды кіруючых асоб дзяржапарата Г.М.Кржыжаноўскага, Р.Г.Арджанікідзе, дзеячаў навукі і тэхнікі К.Э.Цыялкоўскага, М.Дз.Кандрацьева, А.В.Чаянава і інш. Сярод дакументаў архіва матэрыялы па падрыхтоўцы планаў сац.-эканам. развіцця Беларусі, вынікі іх выканання, стат. звесткі пра стан людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі. Комплексы дакументаў асвятляюць нацыяналізацыю прам-сці ў Беларусі ў 1918—20, далучэнне Зах. Беларусі да СССР у 1939, дзейнасць акупац. улад на тэр. Беларусі ў 1941—44, пасляваен. адбудову гаспадаркі і інш.
Літ.:
Российский государственный архив экономики: Путеводитель: В 4 т. Вып. 1—2. М., 1994—96;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 168—171;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
т. 13, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс. чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал. гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
т. 4, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЗАГРАНІ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Празе.
Створаны ў 1928 (ці 1929) бел. эміграцыяй з мэтай збору і захавання матэрыялаў гісторыі бел. нац.-вызв. руху. Заснавальнік і першы загадчык М.Вяршынін, у 1934—38 заг. архіва Т.Грыб. Падпарадкоўваўся Мін-ву замежных спраў Чэхаславакіі і эміграцыйнаму ўраду БНР. Меў 4 аддзелы: дакументаў (у 1937 налічваў 15 тыс. назваў — матэрыялы Рады і дыпламат. місій БНР, архівы бел. замежных арг-цый, устаноў, партый, успаміны, біяграфіі, перапіска бел. дзеячаў і інш.); б-ка беларусазнаўства (выданні пра Беларусь на бел. і інш. мовах); перыяд. выданняў (у 1937 захоўваліся камплекты 214 назваў бел. газет); бел. бібліяграфіі (12 тыс. пазіцый — гіст. бібліяграфія і картатэка па ўсіх пытаннях беларусазнаўства). У 2-ю сусв. вайну архіў падпарадкоўваўся ням. акупац. уладам. Далейшы лёс архіва невядомы.
Г.І.Сурмач.
т. 2, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАДАДДЗЕ́Л АДДЗЕ́ЛА АСВЕ́ТЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ НАРО́ДНАГА КАМІСАРЫЯ́ТА АСВЕ́ТЫ РСФСР.
Дзейнічаў у Маскве з крас. 1919 да сак. 1921. Створаны на базе культ.-асв. аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята з мэтай праводзіць культ.-асв. работу сярод беларусаў. Загадчык Ф.Ф.Турук, інструктар Я.І.Хлябцэвіч. Пададдзелам выдадзены дапаможнік для настаўнікаў школ Беларусі «Курс беларусазнаўства» (1918—20), частка лекцый, прачытаных у Беларускім народным універсітэце, першы на рус. мове зборнік Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), «Нарысы беларускай літаратуры» (1920, рэд. М.А.Янчук), «Этнаграфічная карта беларускага племя» Я.Ф.Карскага (1920). Падтрымліваў сувязі з Я.Купалам, А.Р.Чарвяковым, вучнямі навуч. устаноў у Горках (сярод іх Г.І.Гарэцкі), акад. А.А.Шахматавым. Пададдзел удзельнічаў у арганізацыі БДУ, Бел. драм. студыі ў Маскве і інш.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯННІ́ЦА»,
грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац. навуч. устаноў (арт. Ц.Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.Гартнага, К.Буйло, М.Гарэцкага, Я.Дылы, А.Паўловіча, Х.Чарнышэвіча, Ф.Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.
С.В.Говін.
т. 6, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.
Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.
У.В.Ляхоўскі.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 7, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМЯНКО́Ў (Віктар Паўлавіч) (н. 27.5.1937, пас. Гарадок Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф. Канд. філас. н. (1969), праф. (1988). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959) і Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1969). З 1959 на камсамольскай і парт, рабоце (у 1977—87 нам. заг. аддзела навукі і навуч. устаноў ЦК КПБ). З 1987 дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ (прарэктар БДУ), з 1994 — першы прарэктар гэтага ін-та (цяпер Рэсп. ін-т вышэйшай школы БДУ). Даследуе тэарэт. праблемы навук.-тэхн. прагрэсу, выхавання і сацыялізацыі асобы, сац.-філас. аспекты развіцця і гуманітарызацыі сістэмы нар. адукацыі.
Тв.:
Кибернетика и труд. Мн., 1972;
Гуманітарызацыя адукацыі: сучасныя канцэпцыі і практыка. Мн., 1994 (у сааўт.);
Концепция гуманитаризации высшего образования в Республике Беларусь. Мн., 1995 (у сааўт.).
т. 8, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)