ПРАЧЫ́СТАЯ,

летняе свята нар. календара, якое адзначалі 15 жніўня с.ст.; адно з дванадзесятых святаў. Правасл. царква прымеркавала да гэтага дня Успенне Багародзіцы. Наз. таксама «успленне», «спажа», «зельная». Назва «успленне» і «спажа» ў народзе тлумачыліся тым, што ў садах спелі плады, а на палетках — збажына. У гэты дзень у царкве асвячалі зерне, зеляніну. Асвечанае жыта перамешвалі з насеннем, каб на наступны год прычакаць добрага ўраджаю. У нар. фальклоры беларусаў П. згадваецца ў сувязі з падвядзеннем вынікаў працы селяніна: «Прачыста снапкі падае», «Свята Прачыста — у полі ўрачыста», «Спажа́ — хлеба дзяжа». Сеялі азімыя, пра што прыгадвала прыказка «Успенне — ці гатова насенне?». П. звычайна называлі першай або вялікай у адрозненне ад другой (меншай) П. — багача, прымеркаванай да Раства Багародзіцы, якое адзначалася 21 жніўня с.ст.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СТЫ СКАЗ,

сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.​Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКЛАДА́ННЕ НА МНО́ЖНІКІ,

тоеснае пераўтварэнне ліку ці мнагаскладу ў здабытак некалькіх сумножнікаў. Вядзе да спрашчэння матэм. выразаў.

Р. на м. цэлых лікаў важнае пры вывучэнні іх падзельнасці: любы састаўны лік можна пераўтварыць у здабытак простых лікаў, напр., 396 = 2∙2∙3∙3∙11. Мнагасклад ад адной пераменнай над зададзеным полем P не заўсёды можна паказаць у выглядзе здабытку мнагаскладаў больш нізкай ступені над тым жа полем (непрыводны мнагасклад). Кожны іншы мнагасклад ад адной пераменнай адназначна раскладаецца на здабытак непрыводных мнагаскладаў з дакладнасцю да парадку іх нумарацыі, а таксама да пастаянных множнікаў. Напр.; калі мнагасклад P(x) ступені n P(x) = a0 + a1x + ... + anxn, мае карані x1, x2, ..., xn, то справядліва Р. на м. P(x) = an(x − x1) (x − x2) ... (x − xn).

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НЫ,

у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш. памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМВО́ЛІКА,

1) арганізаваная сістэма сімвалаў, створаная чалавекам для спрашчэння перадачы інфармацыі. Характэрна для кожнай сферы матэрыяльнага і духоўнага свету чалавека: С. мовы, жэстаў, мастацтва, абрадаў, міфаў, паданняў, гульні, магіі і да т.п. Чалавек выступае ў якасці кіраўніка і каардынатара структурнай цэласнасці і функцыянальнасці С. У кожным грамадстве яна фарміруецца на пэўным этапе гіст. развіцця ў адпаведнасці з базавымі прынцыпамі канструявання ў грамадскай свядомасці касмалагічных і антрапалагічных вобразаў, уяўленняў пра мікра- і макракосм. С. падпарадкоўваецца прынцыпам паслядоўнасці (стварэнне на аснове аднолькавых перадумоў і матываў, агульных навук., эстэт. і этычных установак, што пануюць у грамадстве, сімвалаў, сінанімічных па змесце і форме), несупярэчнасці (адсутнасць сімвалаў, што маюць некалькі значэнняў, у т. л. процілеглых адно аднаму), усеагульнасці, абумоўленай сімвалічнай прыродай чалавечай культуры і заснаванай на неабходнасці мінімізацыі затрат пры апрацоўцы інфармацыі. На кожным з падраздзелаў С. (элементным, структурным, сістэмным) сімвал набывае семантычныя, стылістычныя і сэнсавыя нагрузкі. Чым больш строгая і менш скажоная сувязь паміж сімвалам і сутнасцю, якую ён сімвалізуе, тым вышэй роля семантычнага зместу ў функцыянальнай накіраванасці С. (напр., магічная і навук. С.). Чым больш складаныя і выразныя фармальныя якасці сімвала, тым вышэй значэнне стылістычных параметраў С. (напр., С. мастацтва і міфалогіі). Дамінаванне сэнсавага зместу сімвала выяўляецца ў дакладным адлюстраванні ў С. сац. норм і арыенціраў (напр., С. этыкету, рытуалаў, геральдыкі і інш.). Семантычная нагрузка С., адрозненне ад стылістычнай і сэнсавай, менш рухомая і з развіццём грамадства фактычна не мяняецца.

2) Навука, якая вывучае эвалюцыю семантыкі сімвалаў. Гал. праблемы С. — прырода сімвала; дынаміка ўзаемадзеяння сімвалаў у межах пэўнай сімвалічнай сістэмы; умовы супрацьстаўлення элементаў чужародных сімвалічных сістэм. Асн. прынцып С. — выкарыстанне прыёмаў і падыходаў сістэмнага аналізу. Гал. задача С. — выяўленне ступені скажэння значэння сімвалаў на кожным сістэмным падраздзеле (элементным, структурным і сістэмным). Часам у якасці сіноніма «С.» выкарыстоўваюць тэрміны «сімбалогія», «сімвалазнаўства», «сімволіказнаўства».

А.​Р.​Жаўняк, І.​І.​Мячыкава.

т. 14, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,

1) кірунак у гнасеалогіі, у аснове якога ляжыць арыентацыя пазнавальнай дзейнасці на сац.-паліт. «нейтральнасць», на ўстрыманне ад сац.-крытычных ацэнак, суджэнняў аб яе каштоўнасцях і мэтах. Тым самым ён абмяжоўвае «разумнае мысленне», нярэдка маскіруючы гнасеалагічны суб’ектывізм. Аб’ектывізм адмаўляе самаст. ролю актыўных дзеянняў гіст. суб’ектаў, трактуе іх як цалкам абумоўленыя фатальным ходам рэчаў, уплывам тэхніка-тэхнал. і навук. фактараў. У найноўшай сваёй форме сцыентызму Аб’ектывізм выражаецца ў тэндэнцыі звесці ўсю культуру да навукі, а праблемы чалавека і грамадства — да навук.-тэхн. задач.

2) Кірунак у этыцы, які прызнае аб’ектыўныя каштоўнасці і прадпісанні і спрабуе ўстанавіць аб’ектыўны крытэрый і аб’ектыўную мэту маральнага дзеяння (гл. Норма).

Літ.:

Поппер К. Логика и рост научного звания. М., 1983;

Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРАВЫ́ РУХ,

рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.

Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.

Да арт. Віхравы рух. Віхравыя трубкі.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДПУСК чарговы,

штогадовы адпачынак з захаваннем месца работы (пасады) і сярэдняга заработку для ўсіх рабочых і служачых (акрамя часовых і сезонных работнікаў). Працягласць асн. водпуску паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь складае не менш як 15 рабочых дзён; для непаўналетніх і інвалідаў не менш як 1 каляндарны месяц. Парадак вылічэння працягласці штогадовага водпуску вызначаецца заканадаўствам. Водпуск за першы год работы даецца па сканчэнні 11 месяцаў бесперапыннай работы ў дадзенага наймальніка, за другі і наступныя гады работы — у любы час рабочага года ў адпаведнасці з чарговасцю. Штогадовыя дадатковыя водпускі даюцца: работнікам, занятым на работах са шкоднымі ўмовамі працы; тым, хто заняты ў асобных галінах нар. гаспадаркі і мае працяглы стаж работы на адным прадпрыемстве (арг-цыі); работнікам з ненармаваным рабочым днём; у інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або калектыўным дагаворам.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСА́РЫЙ (ад лац. glossarium слоўнік глос),

1) у мінулым слоўнік рэдкаўжывальных, незразумелых слоў (глос), якія трапляліся ў пісьмовых помніках, з іх тлумачэннем або перакладам. Узніклі ў 5 ст. да н.э.; іх стваральнікамі былі каментатары паэм Гамера, стараж.-індыйскіх Ведаў і інш. На Беларусі развіццё кніжнай справы і пашырэнне скарынаўскай традыцыі тлумачэння незразумелых слоў з дапамогай глос прывялі да з’яўлення ў канцы 16 ст. Гласарый «Лексисъ съ толкованіемъ словенскихъ мовъ просто», «Лексеконъ в кротцѣ албо рѣчникъ выборных речей к словещизнѣ закрытыхъ» і інш. Асаблівасць бел. гласарыяў у тым, што яны складаліся на аснове глос з царкоўных кніг, да якіх служылі дадаткамі, таму мелі назву «прыточнікі». Менавіта гласарыі сталі правобразам больш позніх тлумачальных і перакладных слоўнікаў.

2) Спецыяльна падрыхтаваны слоўнік для электронна-выліч. машыны пры аўтам. перакладзе.

М.​Р.​Суднік.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,

пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл. Мендэля законы).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)