ВЫШЭ́ЙШАЕ ПРАФЕСІ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (ВПВ). Засн. паводле пастановы СМ Беларусі ад 1.3.1989 «Аб эксперыменце па бесперапыннай падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і тэхнікаў». Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Вядуць падрыхтоўку рабочых кадраў па 60 прафесіях (1-я ступень падрыхтоўкі, тэрмін навучання 2—3 гады) і спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй па 18 спецыяльнасцях (2-я ступень, 3 гады і 10 месяцаў) для машына- і прыладабудавання, чыг. транспарту, буд-ва, сельскай гаспадаркі і інш. Першае ВПВ створана ў 1989 у Мінску на базе сярэдняга прафес.-тэхн. вучылішча № 15. У 1996/97 навуч. г. на Беларусі 22 ВПВ і 1 вышэйшае тэхн. вучылішча машынабудаўнікоў.

А.​М.​Гарнак.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯТНІКАВАЯ МІГРА́ЦЫЯ,

рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ (International Civil Aviation Organization; ІКАО),

спецыялізаваная ўстанова AAH, якая займаецца арганізацыяй і каардынацыяй міжнар. супрацоўніцтва дзяржаў па ўсіх аспектах дзейнасці грамадзянскай авіяцыі. Створана паводле Канвенцыі аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі 1944, пачала дзейнічаць з 1947. На 1.1.1997 членамі ІКАО з’яўляліся 183 дзяржавы (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1993). Мэты ІКАО: распрацоўка прынцыпаў і метадаў міжнар. аэранавігацыі, садзейнічанне планаванню і развіццю міжнар. паветранага транспарту, удасканаленне лётна-тэхн. правіл, забеспячэнне бяспекі палётаў. Сакратарыят ІКАО на чале з гал. сакратаром з’яўляецца пастаянным органам, які забяспечвае работу вышэйшага органа — Асамблеі і яе Савета. Месцазнаходжанне штаб-кватэры ІКАО — г. Манрэаль (Канада).

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВЯЛЬСКО́Й Генадзь Іванавіч (5.12.1813, с. Дракіна Кастрамской вобл., Расія — 29.4.1876),

расійскі мараплавец, даследчык Д. Усходу. Адмірал (1874). Скончыў Марскі корпус у С.-Пецярбургу (1832) і афіцэрскія класы (1836). У 1848—49 кіраваў марскім пераходам транспарту «Байкал» з Кранштата да Петрапаўлаўска-Камчацкага, адкрыў (1849) і даследаваў Татарскі праліў, выявіў астраўны характар Сахаліна. У 1850—55 узначаліў Амурскую экспедыцыю, даследаваў нізоўі р. Амур, засн. там рус. пасяленні, у т. л. Нікалаеўск-на-Амуры. На в-ве Сахалін адкрыў радовішчы вугалю. Яго імем наз. праліў, мыс у гэтым праліве, заліў, гара і горад на Сахаліне.

Тв.:

Подвиги русских морских офицеров на крайнем востоке России, 1849—1855. Хабаровск, 1969.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ТСБУРГ (Pittsburgh),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Пенсільванія. Засн. ў 1758. 340,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 2,2 млн. ж. (2000). Порт на р. Агайо, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны гандл.-фін. цэнтр ЗША, адзін з важнейшых цэнтраў цяжкай прам-сці — чорнай і каляровай металургіі, цяжкага машынабудавання і металаапрацоўкі. Вытв-сць абсталявання для металургічнай прам-сці і чыг. транспарту, маставых канструкцый, труб і інш. Развіты таксама эл.-тэхн., радыёэлектронная, станкаінструментальная, аўтамаб., шкляная, цэм., хім., паліграф., харч. прам-сць. Вытв-сць мед. інструментаў і абсталявання. Цэнтр здабычы каменнага вугалю. Першая ў ЗША АЭС. 5 ун-таў, Тэхналагічны ін-т Карнегі. Карцінная галерэя.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎКІН Валянцін Георгіевіч (н. 20.11.1932, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структуры і фіз.-мех. уласцівасцях палімераў і кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове, вывучэнні трэння і зносу палімерных матэрыялаў. Распрацаваў новы навук. кірунак — структурную трыбамеханіку палімераў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Трение полимеров. М., 1972 (у сааўт.);

Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);

Структурная трибомеханика материалов на основе полимеров (разам з А.​І.​Свірыдзёнкам) // Трение и износ. 1980. Т. 1, №1.

т. 14, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯЦІ́ЛЬНЯ,

асвятляльная прылада блізкага дзеяння. Складаецца з крыніцы святла (звычайна лямпа напальвання) і асвятляльнай арматуры (гл. Асвятляльныя прылады, Святлатэхніка).

Бываюць падвесныя, столевыя (у т. л. люстры), насценныя (бра), настольныя, ручныя, пераносныя (таршэры) і інш.; спец. С. робяцца герметычныя, пыла-, вода-, газанепранікальныя, выбуханебяспечныя. Паводле прызначэння адрозніваюць С. для асвятлення закрытых памяшканняў (прамысл., жыллёвых, грамадскіх), трансп. сродкаў (рухомых саставаў чыг. і аўтамаб. транспарту, паветранага, марскога і рачнога флоту), адкрытых пляцовак (трансп., прамысл., грамадскага, ваеннага і спец. прызначэння).

На Беларусі С. вырабляюцца на Брэсцкім электралямпавым заводзе, Лідскім заводзе электравырабаў і інш.

Свяцільня: 1, 2 — настольныя лямпы; 3, 4 — таршэры; 5, 6, 7 — люстры; 8 — садовыя ліхтары.

т. 14, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́ВЕН,

у беларусаў лодка, выдзеўбаная з дрэва (хвоі, асіны, дубу і інш.). Наз. таксама дуб. Пашыраны сродак воднага транспарту; служыў для мясц. перавозак грузаў і людзей, рыбнай лоўлі, палявання. Памеры Ч. (ад 2,5 да 10 м даўжыні і 1—1,5 м шырыні) залежалі ад прызначэння і шырыні ракі ці канала. Кіравалі Ч. адналопасным вяслом без уключын. Бытавалі Ч. карытападобнай формы (бас. Нёмана), у інш. мясцовасцях — з разгорнутымі бакамі, завостранымі або злёгку закругленымі насамі і кармой. У 19 ст. выцеснены дашчанымі лодкамі, выйшаў з ужытку ў 20 ст. Вядомы таксама рускім, украінцам і інш.

Н.​І.​Буракоўская.

Човен на Берштаўскім возеры. Шчучынскі раён Гродзенскай вобл.
Човен на Прыпяці.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, эканоміка-геаграфічныя карты,

тып тэматычных карт, якія адлюстроўваюць розныя эканам. з’явы і працэсы ў развіцці і размяшчэнні гаспадаркі ў цэлым або яе галін на пэўнай тэрыторыі. Адрозніваюць Э.к.: агульнаэканам. (паказваюць стан гаспадаркі ў цэлым) і галіновыя (карты прамысловасці, с.-г., транспарту і інш.); часам да іх адносяць карты прац. рэсурсаў, прыродных рэсурсаў, абслугоўвання насельніцтва, гісторыка-эканам. і інш. Стварэннем Э.к. займаецца эканамічная картаграфія паводле вынікаў даследаванняў, задач і патрэб сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і эканамічнай геаграфіі.

Літ.:

Новое в тематике, содержании и методах составления экономических карт. М., 1974;

Никишов М.И. Проектирование и редактирование учебных экономических карт. М., 1976.

т. 18, кн. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАБІ́ЛЬ (ад электра... + лац. mobilis рухомы),

аўтамабіль, у якім для прыводу хадавых колаў выкарыстоўваецца электрычны рухавік, што сілкуецца ад змешчанай на гэтым жа аўтамабілі крыніцы току. У якасці крыніцы сілкавання выкарыстоўваюць электрычныя акумулятары і суперкандэнсатары (не патрабуюць доўгага часу зарадкі), паліўныя элементы або бензінавы ці дызельны рухавік для прыводу электрарухавіка (т.зв. гібрыдная схема). Першы Э. пабудаваў англ. вынаходнік Р.​Дэвідсан (1837). Вызначаюцца бясшумнасцю, бяздымнасцю, прастатой кіравання і высокімі дынамічнымі якасцямі, але маюць малы запас ходу, вял. масу, абмежаваную скорасць руху (да 90 км/гадз). Серыйна выпускаюцца ў ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі і інш. Перспектыўныя для гар. транспарту.

Электрамабіль: 1 — акумулятар; 2 — цягавы электрарухавік.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)