МА́СЛЕНІКАЎ Уладзімір Паўлавіч (н. 12.1.1956, Мінск),

бел. жывапісец. Сын П.В.Масленікава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Творы вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірычным настроем, стрыманай жывапіснай палітрай, пошукамі выразных танальных вырашэнняў. Сярод пейзажаў: «Захад» (1989), «Зямля дзядоў», «Навальніца» (абодва 1993), «Цішыня», «Ліпень», «Восень у Драздах», «Верасень» (усе 1994), «Прыпяць» (1995), «Магілёў. Падніколле», «Дняпроўскія далячыні» (абодва 1996), «Княжыцы», «Бярэзіна» (абодва 1997), «На радзіме бацькі» (1999). Аўтар партрэтаў рэжысёра В.​Маслюка (1987), «Мае бацькі. Май 1945» (1995), В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1998), некалькіх партрэтаў бацькі.

Літ.:

Фатыхава Г. Жывыя традыцыі — творчасць няспынная // Мастацтва. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Масленікаў. Партрэт бацькі. 1995.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЭДЗІТ (Meredith) Джордж (12.2.1828, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 18.5.1909),

англійскі пісьменнік; адзін з заснавальнікаў сац.-псіхал. рамана. Вучыўся ў Германіі і Англіі. Пачынаў як паэт (зб. «Вершы», 1851). Майстэрствам псіхал. аналізу вызначаюцца раманы «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» (1859), «Прыгоды Гары Рычманда» (1870—71), «Кар’ера Б’ючэмпа» (1874—75), «Эгаіст» (1879), «Адзін з нашых заваёўнікаў» (1891) і інш. Яго проза адметная трагічным пачаткам і горкай іроніяй, напружаным інтраспектыўным псіхалагізмам. Аўтар зб-каў паэзіі «Чытанне зямлі» (1888), «Чытанне жыцця» (1901), эсэ. Паўплываў на творчасць Дж.​Голсуарсі, Г.​Уэлса, Э.​М.​Форстэра і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Эгоист. М., 1970;

Испытание Ричарда Феверела. М., 1990.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАСКІ́РЫ Іван Георгіевіч (25.12.1902, с. Кутол Абхазія — 14.11.1980),

абхазскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Абхазіі (1977). Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў «Апавяданні» (1956), «Апавяданні маёй бабулі» (1977), аповесці «Чалавек і Радзіма» (1979), першага абх. сац.-быт. рамана «Тэмыр» (1937), эпапеі «Жаночая годнасць» (кн. 1—3, 1949—63, першапач. назва «Шлях Хімур», 1948), рамана «Каля падножжа Эрцаху» (1953). Яго творчасць адыграла значную ролю ў станаўленні абх. прозы і літ. мовы.

Тв.:

Рус. пер. — К долгой жизни. 2 изд. Сухуми, 1954;

Темыр. Сухуми, 1972;

Женская честь: Роман. Сухуми, 1987.

Літ.:

Митин Г. Художник из Апсны. Сухуми, 1973.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХУЛА́ Сідгі (сапр. Рухула Фатула аглы Ахундаў; 9.4.1886, Баку — 5.5.1959),

азербайджанскі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). На сцэне з 1906. З 1924 вядучы акцёр Азерб. т-ра імя Азізбекава ў Баку. Лепшыя ролі: Гаджы Кара («Гаджы Кара» А.​Ахвердава), Надзір («Надзір-Шах» Н.​Нарыманава), Каджар («Вагіф» С.​Вургуна), Агалараў («Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы), Атакішы («Севіль» Дж.​Джабарлы), Рустам («Сіявуш» Г.​Джавіда), Лір, Атэла («Кароль Лір», «Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на развіццё нац. драм. т-ра. Выступаў у операх, аперэтах, здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Літ.:

Джафаров М.Д. Сидги Рухулла. Баку, 1956.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НІ (Reni) Гвіда (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),

італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант. мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й Лія Мацвееўна (н. 1.9.1934, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1974). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). У 1970—94 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе актуальныя праблемы бел. фалькларыстыкі, творчыя ўзаемасувязі нар. вусна-паэт. творчасці слав. народаў. Аўтар манаграфіі «Беларуская народная балада» (1978). Сааўтар манаграфіі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», слоўніка «Усходнеславянскі фальклор» (абодва 1993). Складальніца тамоў «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Веснавыя песні» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Жаніцьба Цярэшкі» (1993) са збору «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986).

І.​У.​Саламевіч.

Л.М.Салавей.

т. 14, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ГЕРС (Seghers) Херкюлес Пітэрс (1589 або 1590, г. Харлем, Нідэрланды — каля 1638),

галандскі мастак. Да 1606 вучыўся ў Г. ван Конінксла ў Амстэрдаме. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме, Утрэхце, Гаазе (з 1632 або 1633). Яго жывапісныя пейзажы («Від Рэнена», «Раўнінны пейзаж», «Дамы і вёска ў рачной даліне», «Горны пейзаж») і выкананыя ў тэхніцы каляровага афорта («Пейзаж з вялікім дрэвам», «Вялікія караблі», «Марская бура») вылучаюцца шырынёй і манументальнасцю, схаваным драматызмам светлавых і фактурных эфектаў, у гравюрах — выразнасцю дынамічнага ломкага штрыха. Значна паўплываў на творчасць Рэмбранта, Я. ван Ройсдала і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Х.Сегерс. Горны пейзаж.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІХА́НАЎ Канстанцін Аляксандравіч (н. 18.8.1967, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Бел. АМ (1993). Працуе ў станковай скульптуры і графіцы. У скульптуры зазнаў уплыў Г.​Мура. Работам уласцівы кампазіцыйная завершанасць, абагульненая акругласць форм, алегарычнасць і метафарычнасць маст. мовы: «Знакі сусвету», «Пара» (абедзве 1990), «Падарожжа», «Коннік» (абедзве 1991), «Тройца» (1992), «Сям’я» (1993), «Дыялог», «Атлант» (абедзве 1996), «Канвентры» (1997), «Дачка Саламона», «Праект» (абедзве 1998), «Вялікі чалавек», «Сям’я» (абедзве 1999), «Сустрэча» (2000).

На графіку паўплывала творчасць амер. абстрактных экспрэсіяністаў: серыі «Зносіны» (1995—97), «Ліст» (1996—98), «Праекцыі» (1999—2000), «Сцены», «Героі» (абедзве 2000—01).

С.​У.​Пешын.

К.Селіханаў. Сустрэча. 2000.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІ́РНЕНСКІ (сапр. Ізмірліеў) Хрыста

(29.9.1898, Кукуш, Македонія — 18.6.1923),

балгарскі паэт. Вучыўся ў тэхн. і ваен. вучылішчах. З 1920 супрацоўнічаў у гумарыстычных часопісах і інш. выданнях. Друкаваўся з 1915. Аўтар зб-каў гумарэсак «Рознакаліберныя ўздыханні ў вершах і прозе» (1918), вершаў «Хай будзе дзень!» (1922), паэм, у т. л. «Зімовыя вечары» (1923), сатыр. вершаў, фельетонаў, памфлетаў, нарысаў. Яго творчасць прасякнута рэв. пафасам. На бел. мову асобныя вершы С. перакладалі Н.​Гілевіч, А.​Разанаў, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень! Мн., 1973;

У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень. Мн., 1978;

Рус. пер. — Избранное. М., 1954.

т. 15, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МАШАК (Tomášek) Вацлаў Ян (17.4.1774, Скуцеч, Чэхія — 3.4.1850),

чэшскі кампазітар, піяніст, педагог. Яго творчасць вызначыла пераход ад класіцызму да рамантызму ў чэш. музыцы. Стваральнік новых фп. жанраў: лірычных эклог, рапсодый, дыфірамбаў, якія паўплывалі на развіццё лірычнай фп. мініяцюры Ф.​Мендэльсона, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана. У яго творчасці вылучаюцца вак. творы (на сл. І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, Г.​Гейнэ), месы і рэквіемы. Сярод інш. твораў: 2 оперы, у т. л. «Серафіна» (паст. 1811); 3 сімф. уверцюры для арк.; 2 канцэрты для фп. з арк., камерна-інстр. ансамблі. творы для фп., аргана, шклянога гармоніка і інш.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)