БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),
від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.
Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.
На Беларусі развіваецца з 1961. Гал.спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш.міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.Талкачоў (1969), М.Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.Какуева, Парамыгіна, Н.Пермякова, Н.Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 ў каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.Івашка, А.Папоў, А.Рыжанкоў, В.Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШАНБЕ́,
горад, сталіца Таджыкістана. Размешчаны ў Гісарскай даліне, на р. Душанбінка (у верхнім цячэнні р. Варзоб), на выш. 750—930 м. 582,4 тыс.ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды тэкст. машын, гідраагрэгатаў, кабелю, быт. халадзільнікаў, арматурны і інш.), лёгкая (баваўнянае, гарбарна-абутковае, швейнае аб’яднанні, шаўковы камбінат), харчасмакавая (маслабойны, тлушчавы, мясны, малочны камбінаты і інш.), буд. матэрыялаў (цэментны, домабуд. камбінаты, з-д жалезабетонных канструкцый і інш.). Турызм. АН Таджыкістана. 8 ВНУ (у т. л.ун-т). Т-ры: оперы і балета, тадж. драмы, рус. драматычны, маладзёжны і інш.; цырк, філармонія. Заапарк, бат. сад АН.
Пабудаваны на месцы кішлака Дзюшамбе, у якім да 1917 жылі некалькі соцень жыхароў. У 1922 кішлак разбураны басмачамі. З 1924 Д. — сталіца Таджыкскай АССР (з 1925 горад), з 1929 — Таджыкскай ССР, з 1991 — Таджыкістана.
Сучасны горад з прамавугольнай сеткай вуліц-алей, шырокімі азялененымі плошчамі і паркавай зонай са штучным возерам пабудаваны паводле ген. планаў 1037 і 1965. Галоўная арх.-планіровачная вось горада — праспект Рудакі з бульварам, асн плошчамі, помнікамі Рудакі, А.Фірдаўсі і інш., будынкамі прэзідыума АН Таджыкістана (1934—36, арх. С.В.Куцін), бібліятэкі імя Фірдаўсі (1952—54, арх. С.Л.Анісімаў, скульпт. А.А.Татарынава, маст. М.Алімаў), выліч. цэнтра (1976, арх. В.М.Лях), Палаца саюза тэатр. дзеячаў (1974, арх. Э.В.Ярзоўскі, Ю.Л.Пархаў, у інтэр’еры тэматычнае пано — маст. С.У.Курбатаў і інш.). Музеі: Рэсп. аб’яднаны (гіст.-краязнаўчы і выяўл. мастацтва) імя Бахзада, літ. імя С.Айні і імя М.Турсун-задэ, этнаграфічны.
Да арт.Душанбе. Панарама горада (злева), Нацыянальная бібліятэка імя А.Фірдаўсі (справа).Да арт.Душанбе. Помнік А.Фірдаўсі.Душанбе. Дом урада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФ (Korinthos),
горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр.з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.
У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э.дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э. адбудаваны, з 27 да н.э.гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІ́Ч»,
бел.літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.Міцкевіча, Ф.Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.Станкевіча, па кнігазнаўстве А.Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.Узнясенскага пра паэт. спадчыну М.Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.Аха, І.Білюнаса, Г.Гаўптмана, С.Інгмана, Р.Кіплінга, Р.Тагора, А.Талстога, О.Уайльда, А.Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч. гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.Пілсудскага ў 1927 Бел.сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ БА́ЗА,
вытворчая і тэхніка-тэхналагічная аснова існавання і развіцця грамадства. У яе структуру ўваходзяць сродкі вытв-сці і прылады працы, тэхніка і тэхналогія яе спалучэння з чалавекам, характар і ўзровень грамадскай арганізацыі працы. Якасны стан М.-т. б. выражае адносіны грамадства да навакольнага прыроднага асяроддзя і адначасова з’яўляецца дэтэрмінантам адносін у вытв-сці. Апошнія выступаюць у якасці формы М.-т. б. і разам з ёю абумоўліваюць змены гіст. тыпаў грамадства. Матэрыялізацыя вопыту і ведаў шматлікіх пакаленняў людзей надае М.-т. б. значэнне аб’ектыўнага падмурка пераемнасці гіст. працэсу і паступовай тэндэнцыі ў развіцці грамадства. У дакапіталіст. грамадствах гал. яе рысай было выкарыстанне ў эканоміцы эмпірычных ведаў, паўсядзённага вопыту, правераных на працягу стагоддзяў спосабаў дзейнасці ў сельскай гаспадарцы, рамёствах, прам-сці. Таму тэмпы грамадскіх змен былі вельмі павольнымі. Узнікненне машыннай вытворчасці, індустрыялізацыя эканомікі на базе капіталіст. адносін, нарастаючае выкарыстанне навукі ў вытв-сці і кіраванні эканомікай і грамадствам сталі якасным пераломам у развіцці М.-т. б. і значна паскорылі тэмпы грамадскіх змен. Аўтаматызацыя прывяла да спалучэння навук. ведаў з прадметнымі элементамі вытв-сці (тэхнікай) і з яе ўдзельнікамі. Праца паступова вызваляецца ад пераважна мех. аперацый на карысць росту інтэлектуальных функцый, што патрабуе ад работніка адпаведнай падрыхтоўкі і адначасова стварае больш спрыяльныя ўмовы яго творчага развіцця. У сучаснай М.-т. б. навука займае месца непасрэднай прадукц. сілы, што характарызуецца выкарыстаннем. значных навук. дасягненняў, высокіх тэхналогій (генетыка і генная інжынерыя, выліч. матэматыка, лазерная фізіка, інфармацыйныя тэхналогіі, метады камп’ютэрнага канструявання, стварэнне новых машын і прыбораў, звышцвёрдых матэрыялаў і інш.). Сучасны стан і гал. кірункі развіцця М.-т. б., а таксама яе магчымасці ствараюць аб’ектыўныя перадумовы для станоўчага вырашэння грамадскіх праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЙРУ́Т,
горад, сталіца Лівана. Размешчаны на скалістым п-ве на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. 1,1 млн.ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Порт (вываз цытрусавых, яблыкаў, аліўкавага алею, шоўку-сырцу, воўны). Праз Бейрут ідзе транзітны гандаль краін Б. і Сярэдняга Усходу з Еўропай і інш. рэгіёнамі. Прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр Лівана. У Бейруце і яго прыгарадах каля 70% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. Тэкст., харч., гарбарная, нафтаперапр., цэм., металаапр.прам-сць. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Музеі: Нац. музей Лівана, прыгожых мастацтваў, амер. ун-та.
Вядомы з 15 ст. да нашай эры пад назвай Берыт, горад і порт Фінікіі. У 3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры значны гандл.-рамесны цэнтр, меў аўтаномію і права чаканіць манету. З 635 у складзе Арабскага халіфата. У 1110—1291 (з перапынкам) пад уладай крыжаносцаў, у 14—15 — егіп. мамлюкаў. У 1516—1918 у складзе Асманскай імперыі. Пры эміру Фахр-ад-дзіне II (1590—1635) сталіца створанай ім незалежнай ліванскай дзяржавы, рэзідэнцыя эміра. У 1920—43 адм. цэнтр падмандатнага Францыі Лівана. З 1943 сталіца Ліванскай Рэспублікі. У 1952—75 фін. і банкаўскі цэнтр Б. Усходу. Моцна пацярпеў у час працяглай грамадз. вайны (1975—90).
У горадзе захаваліся рэшткі фінікійскіх, рымскіх і візант. збудаванняў. Сярод арх. помнікаў сярэднявечча мячэць Амара (Джамі аль-Амары, перабудавана ў 1291 з царквы Іаана Хрысціцеля) і «Палацавая мячэць» (пач. 16 ст.). Сучасны Бейрут — з прамымі вуліцамі, шырокай набярэжнай і 3 гал. плошчамі, забудаваны шматпавярховымі дамамі (арх. А.Табет і інш.). У паўн. частцы горада — атэлі «Сен-Жорж» і «Фінікія», будынак Мін-ва юстыцыі, стадыён на 100 тыс. гледачоў і інш. За 25 км ад Бейрута — палац Бейт-эд-дзін, аздоблены мармурам і размалёўкай (19—20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ САЯ́Н,
горная сістэма на Пд Сібіры, Расія. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку ад вярхоўяў р. Абакан да стыку з Усх. Саянам (каля вытокаў рэк Казыр і Уда). Даўж. больш за 600 км, шыр. ад 80 да 200 км. Складаецца з вузкіх хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Найб. вяршыня — г. Кызыл-Тайга (3121 м). Складкавая структура З.С. сфарміравалася ў эпоху каледонскай складкавасці, прадстаўлена 2 краявымі антыклінорыямі, якія падзелены сінклінорыем. Антыклінорыі складзены з гліністых і крамяністых сланцаў, кварцытаў і вапнякоў, прарванымі інтрузіямі гранітаў і дыярытаў, сінклінорыі — з магутнай пясчана-сланцавай тоўшчы. Карысныя выкапні: жал. і медна-кобальтавыя руды, нікель, хром, свінец, цынк, малібдэн, азбест.
Сучасны горны рэльеф сфарміраваўся ў выніку падняццяў канца неагену — пач. антрапагену. Высакагорным рэльефам вызначаецца водападзельны хрыбет, масіў Кызыл-Тайга, хр. Ергакі, сярэднягорным — бакавыя хрыбты (выш. да 2000—2500 м). На Пд — міжгорныя катлавіны (Усінская і Турана-Уюкская).
Клімат рэжа кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на схілах гор ад -20 °C да -25 °C, у катлавінах да -30 °C, ліп. 10—12 °C, у катлавінах да 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў на паўн. схілах 800—1200 мм, на паўд. — да 400 мм. Рэкі належаць да бас. Енісея; галоўныя — Абакан, Кантэгір, Алаш, Ус, Уюк. Большасць азёр прымеркавана да грабянёвай ч. водападзельнага хрыбта і размяшчаецца ў корах. Расліннасць залежыць ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў. На паўн. схілах хваёва-лісцевыя лясы, на выш. 800—1800 м цемнахвойныя лясы, якія пераходзяць у рэдкалессе. Для высакагор’яў характэрны мохава-лішайнікавыя і камяністыя тундры, субальпійскія і альпійскія лугі. На паўд. схілах да выш. 1200—1800 м горны лесастэп з лістоўніцай. У катлавінах палынна-злакавы стэп. У тайзе водзяцца лось, марал, казуля, буры мядзведзь, рысь, собаль, вавёрка, у стэпах — грызуны. З.С. перасякаюць аўтадарогі Абакан—Кызыл (Усінскі тракт) і Абаза—Ак-Давурак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Віктар Антонавіч) (н. 21.7.1929, в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл),
бел. крытык і літ.-знавец, празаік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-рфілал.н. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). Настаўнічаў. З 1958 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (у 1982—97 дырэктар). Друкуецца з 1952. Даследаваў творчасць З.Бядулі («Пошукі і здзяйсненні», 1963), І.Шамякіна («Іван Шамякін», 1980), гуманіст. традыцыі ў бел. л-ры («Голас чалавечнасці», 1970), працэс паскоранасці ў развіцці бел. л-ры 19—20 ст., ролю ў гэтым працэсе нац.-самабытных вытокаў і ўплываў суседніх л-р («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975), сувязь міфа-паэт. матываў з літ. творчасцю, іх значэнне для ўмацавання нац. пачатку, традыцый народнасці ў бел. л-ры («Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981). Тэарэт. асэнсаванню крытыкі як спецыфічнай галіны літ. дзейнасці і яе развіццю на Беларусі прысвяціў кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977). Сучасныліт. працэс разглядае ў кн. «З пазіцый сучаснасці» (2-е выд. 1982). Як крытыку яму ўласціва ўвага да праблем духоўнасці л-ры, яе барацьбы за праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці, сац. глыбіню, грамадз. актыўнасць, гуманіст. страснасць. Працы К. вызначаюцца канцэптуальнасцю, глыбінёй і арыгінальнасцю думкі, палемічнай завостранасцю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. У рамане «Падвышанае неба» (1975) адлюстраваў жыццё ў Зах. Беларусі напярэдадні яе ўз’яднання з БССР. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Давер. Мн., 1967;
Прага духоўнасці. Мн., 1975;
Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отечественной войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМу філасофіі,
кірунак, заснаваны на т.зв.рэаліст. пераасэнсаванні «крытычнай філасофіі» І.Канта і прызнанні адрозненняў паміж аб’ектам пазнання і ведамі суб’екта аб ім; адна з форм неакантыянства. Узнік у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., быў пашыраны ў Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША. Прадстаўнікі ням. К.р. (В.Вунт, О.Кюльпе, А.Месер, А.Рыль і інш.) не прызнавалі абс. непазнавальнасці кантаўскай «рэчы ў сабе» і разглядалі пазнанне не як простае адлюстраванне рэальнасці, а як сімвалічнае ўспрыманне, выяўленне ўласцівасцей знешняга свету; у гэтым сэнсе іх погляды збліжаліся з іерогліфаў тэорыяй і набывалі істотныя рысы агнастыцызму. Англ. філосафы А.Сет, А.Прынгл-Пэтысан і Д.Хіке, якія спалучалі К.р. з канцэпцыямі персаналізму і філасофіі «здаровага сэнсу» (гл.Шатландская школа), лічылі, што свет існуе незалежна ад свядомасці, а асновай яго пазнання з’яўляецца інтуітыўная, прыроджаная здольнасць розуму. У ЗША заснавальнікамі К.р. як самаст. школы былі Д.Дрэйк, А.Лаўджай, Дж.Прат, А.Роджэрс, Дж.Сантаяна, Р.В.Селерс і Ч.О.Стронг, якія ў 1920 апублікавалі зб. «Нарысы крытычнага рэалізму». У адрозненне ад неарэалізму яны сцвярджалі магчымасць толькі апасродкаванага пазнання, што складаецца з трох элементаў: суб’екта, аб’екта і «дадзенага» (або лагічных сутнасцей); чалавек пазнае прадметы не непасрэдна, а з дапамогай сутнасцей, якія толькі выражаюць аб’екты, але не тоесныя ім. Крытычнымі рэалістамі называлі сябе некаторыя з прадстаўнікоў рус. махізму. Сучасны К.р. прадстаўлены ў вучэннях А.Венцля, Х.Дрыша, М.Гартмана і інш., якія спрабавалі ажыццявіць «сінтэз» матэрыяліст. установак прыродазнаўства і ідэаліст. філасофіі на аснове валюнтарызму і т.зв. «крытычнай анталогіі», паводле якой пазнанне выступае не вызначальным, а другасным пачаткам у адносінах да асн. сфер быцця (чалавечай, матэрыяльнай, духоўнай) як аўтаномных пластоў аб’ектыўнай рэальнасці.
Літ.:
Борисова Е.М., Куртонина Н.Я. Основные направления западной философии. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГІЯ (Lorraine),
гістарычная вобласць і сучасныэканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс.км². Нас. каля 3,4 млн.чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўства Л.; з 925 герцагства ў складзе Герм. каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.