ДЗЯРЖЫ́НСКІ (сапр. Чаржынскі) Уладзіслаў Вікенцьевіч

(1897, в. Старакаменная Беластоцкага ваяв., Польшча — 2.4.1974),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1925). Выкладаў у Камуніст. ун-це Беларусі (1925—30). У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Казань. Рэабілітаваны ў 1988. Працаваў у Татарскім ін-це павышэння кваліфікацыі настаўнікаў (1931—36), Казанскім мед. ін-це (1933—47, 1950—71). Друкаваўся з 1922. Даследаваў тагачасны літ. працэс, творчасць М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Чарота, Ц.​Гартнага і інш. Працы Дз. вылучаліся глыбінёй эстэт. аналізу, жывасцю даследчыцкай думкі.

Тв.:

Максім Багдановіч як стылізатар беларускага верша // Адраджэнне. 1922. № 1;

Беларуская літаратурная сучаснасць (1920—1925) // Полымя. 1925. №1,2, 5;

Да партрэту Я.​Коласа ў літаратурнай крытыцы // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;

З.​Жылуновіч як крытык // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;

Янка Купала ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;

Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі. Мн., 1928.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.​Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.

Ю.​А.​Якімовіч.

Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРУСЕ́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 29.9.1949, г. Гродна),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1973) і кампазіцыі (1979, клас Я.Глебава). Найб. дасягненні ў тэатральнай і кінамузыцы. У творчасці спалучае кантрастныя муз. стылі. Сярод твораў: балет «Крылы памяці» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1986), мюзіклы «Джулія» (1990) і «Шклянка вады» (1994; абодва паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Залёты» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1992), радыёопера «Таямніца старога замка» (1988), араторыя «Паданне» на словы Я.​Купалы (1978), кантата «Аблачынка з Чарнобыля» на словы Г.​Бураўкіна і А.​Разанава (1989), сімфонія «Плач перапёлкі» (1992); камерна-інстр. і вак. музыка, кінамузыка; музыка да драм. і лялечных спектакляў, у т. л. «Бура» У.​Шэкспіра (1989), «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1990), «Цар Ірад» (1993; усе паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі).

Літ.:

Мдивани Т.Г. Наблюдения над творческим стилем Владимира Кондрусевича // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1991. Вып. 10.

Р.​М.​Аладава.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЮ́ЕЎ Мікалай Аляксеевіч [22.10.1884, в. Каштугі (?) Выцегарскага р-на Валагодскай вобл., Расія — паміж 23 і 25.10.1937], рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Першыя зб-кі «Сосен перазвон» і «Брацкія песні» (абодва 1912) вытрыманы ў стылі раскольніцкіх песнапенняў, духоўных вершаў, апокрыфаў. Быў блізкі да сімвалістаў, узначальваў т.зв. «новасялянскую» плынь у рус. л-ры (С.​Ясенін, А.​Шыраевец, С.​Клычкоў і інш.), паўплываў на раннюю творчасць Ясеніна. Архаічная па форме паэзія К. (зб-кі «Лясныя былі», 1913; «Мірскія думы», 1916; «Песнаслоў», кн. 1—2, 1919; «Ільвіны хлеб», 1922; «Хата і поле», 1928; паэмы «Пагарэльшчына», выд. 1987; «Песня пра Вялікую Маці», выд. 1991; і інш.) прасякнута сял. патрыярхальна-рэліг. настроямі, непрыхільным стаўленнем да горада і культуры індустр. Захаду. Ёй уласцівы нар.міфалагічная сімволіка, містыка-рамантычная інтэрпрэтацыя рус. нац. характару. У 1934 арыштаваны і сасланы ў Нарымскі край. Расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.​Свяжынскі.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. Архангельск, 1986;

Избранное. М., 1988;

Песнослов: Стихотворения, поэмы. Петрозаводск, 1990;

[Избранное]. СПб., 1998.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік палацава-паркавай архітэктуры. Сфарміравалася ў 19—20 ст. у в. Краскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. на беразе р. Зальвянка. Уключае палац у рэтраспектыўна-замкавым стылі, шэраг драўляных і мураваных пабудоў і пейзажны парк са ставам. Палац складаецца з драўлянага 1-павярховага корпуса (1839) і прыбудаванага да яго 2-павярховага мураванага аб’ёму (1905). Верт. дамінанты — круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчастымі парапетамі і флюгерамі. Гал. ўваход аформлены высокім ганкам і стральчатым парталам з 4 вуглавымі пінаклямі. У дэкоры выкарыстаны разнастайныя абрамленні аконных праёмаў са стральчатымі і паўцыркульнымі завяршэннямі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, балюстрада, філёнгі і інш. Парк пейзажнага тыпу (пл. 3 га) складаецца з 3 частак: партэрнай перад палацам, пейзажнай на паўд.-ўсх. схіле ўзгорка і хваёвага лесапарку на ўзгорку. У планіроўцы адкрытыя паляны з курцінамі і прагулачныя алеі. У парку расце больш за 30 відаў дрэў і кустоў, у т. л. хвоя веймутава. лістоўніца еўрапейская, воцатнае дрэва, акацыя і інш.

А.​М.​Кулагін.

Краскаўская сядзіба.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Лоск (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Меў драўляныя ўмацаванні ў выглядзе зрубных сцен-гародняў і баявых вежаў, якія стаялі на кальцавым земляным вале. Паводле інвентара за 1621, тут было 10 трох’ярусных вежаў і двух’ярусная вежа-брама, што зачынялася варотамі і кратай-герсай. Сцены гародні ў верхняй частцы завяршаліся баявой галерэяй з байніцамі і абламамі, накрытай двухсхільнай гонтавай страхой. У цэнтры дзядзінца стаялі два 2-павярховыя палацы. Адзін з іх пабудаваны ў стылі рэнесансу, завяршаўся вежай з гадзіннікам. На 1-м паверсе вакол прыхожай было 9 жылых пакояў з узорыстымі кафлянымі грубкамі і 2 каморы, на 2-м, абкружаным адкрытай галерэяй, вакол гасцінай — 2 святліцы, жылы пакой, 3 каморы. Другі палац меў 42 розныя памяшканні. Недалёка ад вежы-брамы стаяла кухня. За сценамі замка знаходзіліся лазня і бровар. Замак не захаваўся.

М.​А.​Ткачоў, Ю.​А.​Якімовіч.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАЛЁЎСКІ (Юзаф) (5.3.1777, г. Гарадок, паводле інш. крыніц, каля г. Орша Віцебскай вобл. — 12.8.1845),

бел. педагог, паэт. Скончыў клас рыторыкі ў Аршанскім езуіцкім калегіуме (1790), вывучаў франц. мову ў Полацкім езуіцкім калегіуме, лац. і польск. л-ру ў Оршы. З 1794 настаўнік у езуіцкіх калегіумах у Мсціславе, Магілёве, Полацку. З 1806 праф. рыторыкі, паэтыкі і рус. мовы ў езуіцкім калегіуме ў Пецярбургу, з 1810 у Оршы, дзе загадваў і б-кай кляштара. З 1814 сакратар ордэна езуітаў бел. правінцыі, з 1816 «міністр» (адміністратар) Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1818 пераехаў на Валынь. Друкаваўся ў час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік»), «Вестник Европы». Пісаў на польск., лац., рус. мовах. Творчасць М. выяўляла характэрныя рысы л-ры ў часы пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамант. стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманіст. і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі, выказваў замілаванне да прыроды і роднага краю.

Тв.:

Wiersze. Wrocław etc., 1983.

У.​І.​Мархель.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),

рускі паэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.​Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.​Гейнэ, У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ, П.​Беранжэ, Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, Анакрэонта, Т.​Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.​Глінкай, П.​Чайкоўскім, А.​Барадзіным, М.​Мусаргскім, С.​Рахманінавым і інш.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1972;

Стихотворения. М., 1985.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.

Існаваў у 17—19 ст. у Мінску. Засн. ў 1633 віленскім канонікам В.​Сялявай. Першыя манашкі прыехалі з Нясвіжа. Напачатку будынкі былі драўляныя. У 1647—49 дзякуючы фундацыі Крыштофа і Соф’і Хадкевічаў пабудаваны мураваны касцёл св. Войцеха ў стылі барока (арх. і будаўнік А.​Кромер) — 1-нефавы 2-вежавы храм, завершаны прэсбітэрыем з 3-граннай алтарнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 3-яруснымі вежамі-званіцамі. Інтэр’ер храма, перакрыты мураванымі скляпеннямі, упрыгожвалі 5 алтароў. У 1780-я г. касцёл рэканструяваны (арх. Т.​Раманоўскі). Да касцёла прылягаў мураваны жылы будынак кляштара (пабудаваны пасля 1682 на сродкі К.​С.​Свірскай) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты высокім вальмавым дахам. Меліся 2 флігелі, бровар, свіран, стайня і інш. У 1871 кляштар скасаваны. У 1872—73 перабудаваны пад правасл. жаночы Праабражэнскі манастыр (арх. С.​Іваноў). У 1930-я г. будынак касцёла прыстасаваны пад клуб, у сярэдзіне 1960-х г. разбураны.

Літ.:

Дзянісаў У.М. Кляштар бенедыктынак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1981 №3.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Касцёл узведзены ў 1780, у 1846 перабудаваны ў псеўдавізант. стылі ў Мікалаеўскую царкву. Касцёл — 3-нефавая мураваная базіліка з 5-граннай апсідай. Гал. фасад падзелены развітым антаблементам на 3 ярусы. Сцены цэнтр. нефа расчлянёны пілястрамі, на гал. фасадзе спараныя абапал высокага паўцыркульнага акна 2-га яруса і гал. ўвахода на 1-м ярусе, па абодва бакі іх неглыбокія нішы. 3-і ярус — невысокая вежа-званіца з купалком на 8-гранным барабане. Аконныя праёмы гал. фасада з паўцыркульным і арачным завяршэннем. На Пн ад касцёла 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны корпус кляштара. Гал. фасад вырашаны ў лаканічных формах, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. На паўд. тарцовым фасадзе вонкавая мураваная лесвіца, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам. Кляштар скасаваны ў 1831.

Т.​І.​Чарняўская, А.​Л.​Ярашэвіч.

Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў. Будынак кляштара.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)