раздзел алгебры, які вывучае ўласцівасці алгебраічных аперацый, што найчасцей сустракаюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях; выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. раздзелах навукі (асабліва пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі). Канчатковая мэта груп тэорыі — апісаць усе магчымыя групавыя аперацыі (гл.Група). Асновы груп тэорыі закладзены Э.Галуа (1831).
Першыя тэарэмы груп тэорыі даказаны Ж.Лагранжам у канцы 18 ст., а потым А.Кашы, Н.Абелем і інш. Напачатку груп тэорыя вывучала канечныя групы падстановак, у канцы 19 — пач. 20 ст. — канечныя групы з элементамі любой прыроды, а потым і бясконцыя і тым самым стала на абстрактны, аксіяматычны шлях развіцця і стала прыкладам для перабудовы ў пач. 20 ст. алгебры і ўсёй матэматыкі. Груп тэорыя падзяляецца на шэраг вял. раздзелаў, якія найчасцей вылучаюцца дастатковымі ўмовамі на групавую аперацыю (канечных груп тэорыя, абелевых груп тэорыя, нільпатэнтных груп тэорыя, пераўтварэнняў груп тэорыя, выяўленняў груп тэорыя і інш.) ці ўнясеннем у групу дадатковых структур, звязаных пэўным чынам з групавой аперацыяй (тапалагічных, алг. і ўпарадкаваных груп тэорыя і інш.). Асн. праблема груп тэорыі — класіфікацыя простых канечных груп, якія адыгрываюць ролю «будаўнічых блокаў» адвольнай групы; лічыцца, што такая класіфікацыя створана, аднак да сучаснага моманту (1997) дакладна выверанага тэксту яе няма.
У Беларусі сістэм. даследаванні па груп тэорыі пачалі Дз.А.Супруненка (1945; групы падстановак і матрыц), С.А.Чуніхін (1953; канечныя групы); зараз даследаванні вядуцца пад кіраўніцтвам У.П.Платонава (тапалагічныя і лінейныя алг. групы, мнагастайнасці груп), Л.А.Шамяткова (тэорыя фармацый), А.Я.Залескага (выяўленні лінейных алг. груп).
Літ.:
Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + нацыяналізацыя),
1) у сац.-эканам. і паліт. сэнсе — пераўтварэнне дзярж. (нац.) уласнасці, якая ўзнікла ў выніку нацыяналізацыі, у прыватную, каап., калект., акцыянерную або змешаную. Сталаасн. зместам сац.-эканам. пераўтварэння ў час т. зв. першай хвалі лібералізму і свабоднага гандлю ў краінах Зах. Еўропы, ЗША, Японіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. і новай хвалі лібералізму і рэфармавання эканомікі, якая пачалася ў пачатку 1980-х г. і ахапіла фактычна ўвесь свет. У 1950-я г. праводзілася звычайна шляхам продажу дзярж. уласнасці (прамысл. прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і інш.) або распродажу часткі акцый дзярж. кампаній, калі дзярж. ўласнасць ператваралася ў змешаную дзярж.-прыватную ўласнасць. Спецыфічнымі формамі Д. быў распродаж дзярж. прадпрыемстваў, пабудаваных за кошт дзяржавы, у час 2-й сусв. вайны, продаж акцый рабочым і служачым дзярж. прадпрыемстваў (ЗША, Германія, Італія, Бельгія і інш.). У Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах звычайна ўжываецца ў адносінах да часткі нацыяналізаваных галін нар. гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт, сувязь і г.д.). З 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. Д. сталанайб. важнай умовай фарміравання асноў эканам. свабоды грамадзян, пераадолення манапалізму і стварэння канкурэнтнага асяроддзя для эфектыўнага функцыянавання эканомікі ў краінах Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Усх. Еўропы і інш.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (1993) Д. ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы або продажу дзярж. або муніцыпальнай уласнасці калектывам, замежным фірмам, прыватным асобам (гл. таксама Прыватызацыя, Раздзяржаўленне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944, Славацкае паўстанне 1944, узброенае антыфашысцкае паўстанне ў жн.—кастр. 1944. План выступлення распрацаваў Славацкі нац. савет (СНС), які аб’ядноўваў усе партыі і арг-цыі, што ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення. Узбр. сілы СНС складалі партыз. брыгады (каля 15 тыс.чал.) і часці славацкай арміі, што перайшлі на бок паўстанцаў (у ходзе паўстання армія вырасла да 60 тыс.чал.). Сігналам да паўстання стала акупацыя Славакіі ням.-фаш. войскамі, якая пачалася 29.8.1944 са згоды славацкага марыянетачнага ўрада. У той жа дзень пачаліся баявыя дзеянні паўстанцаў і ўжо да 31 жн. яны кантралявалі 2/3тэр. краіны. 1.9.1944 у г. Банска-Бістрыца СНС прыняў дэкларацыю, у якой абвясціў пра шырокія дэмакр. пераўтварэнні. Створаны К-т абароны Славакіі і Гал. штаб партыз. руху. З мэтай дапамогі паўстанцам сав.ваен. камандаванне наладзіла дастаўку ім зброі, боепрыпасаў, прадуктаў, амуніцыі і інш. 8.9.1944 38-я армія 1-га Укр. фронту пачала Карпата-Дукельскую аперацыю. Наступленне разгарнулася ад г. Кросна (Польшча) на поўдзень, каб прабіцца цераз Дукельскі перавал у Славакію. Разам з сав. войскамі змагаўся сфарміраваны ў СССР 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус на чале з ген. Л.Свобадам. У паўстанні ўдзельнічалі сав. партызаны, у т. л. з Беларусі. Аднак у 2-й пал.кастр. вораг перайшоў у контрнаступленне і авалодаў асн. апорнымі пунктамі паўстанцаў, у т. л. і цэнтрам СНС г. Банска-Бістрыца. Частка паўстанцаў адышла ў горы, іх брыгады вялі баі да злучэння ў студз. 1945 з Чырв. Арміяй. С.н.п. стала пачаткам нац.-дэмакр. рэвалюцыі ў Чэхаславакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎШЧЫНА,
палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. устаноў у Еўропе. Засн. Ў 11 ст. ў г. Балоння (Італія). Асновай ун-та стала аб’яднанне вучняў, якія прыбылі з розных месцаў для вывучэння юрыспрудэнцыі. У 12—15 ст. карыстаўся вялікай папулярнасцю; у 13 ст. колькасць навучэнцаў даходзіла да 10 тыс.чал. Па сутнасці ун-т стаў юрыд.навуч. установай. Гал. прадметамі выкладання былі рымскае і кананічнае права. У 14 ст. ўзніклі ф-ты філасофіі, медыцыны і тэалогіі. Зараз ун-т — важны вучэбна-навуковы цэнтр Італіі. Ф-ты: юрыд., паліт. навук, эканомікі і камерцыі, філасофіі і мастацтваў, матэм., фізікі і прыродазнаўчых навук, мед., фармакалогіі, прамысл. хіміі, інжынерны, с.-г., ветэрынарны. Б-ка ун-та засн. ў 1712.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, пашыраных на Малайскім архіпелагу (Інданезія, Філіпіны), п-ве Малака, у некаторых паўд. раёнах Індакітая, у Акіяніі, на а-вах Мадагаскар і Тайвань. Уключае 4 групы моў: інданезійскую, палінезійскую, меланезійскую, мікранезійскую (апошнія 3 часам аб’ядноўваюць пад назвай «акіянійскія мовы»).
Ядро сям’і аўстранезійскіх моў — малайска-палінезійскія мовы. У шэрагу моў мацерыковай і астраўной Паўд.-Усх. Азіі (чамскай, малайскай, яванскай і інш.) у 1-м — пач. 2-га тыс. нашай эры былі распрацаваны сістэмы пісьма на інд. аснове. З пранікненнем ісламу ў некаторых мовах стала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо. Практычна ўсе літ. аўстранезійскія мовы карыстаюцца пісьменствам на лац. аснове (створаны ў 19—20 ст., у філіпінскай мове — з 16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,
міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя сталааўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ТЛЗ»
(англ. «The Beatles»),
англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.Макартні, Дж.Ленан, Дж.Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.
Літ.:
Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКБА́Р (Джэлаль-ад-дзін) (1542—1605),
правіцель Магольскай імперыі ў Індыі [1556—1605]. Пры ім дзяржава Вялікіх Маголаў дасягнула найб. магутнасці. Значна пашырыў яе межы, заваяваўшы тэр. ад Балха на Пн да р. Гадавары на Пд (у т. л.Кашмір і тэр. сучаснага Афганістана) і ад мора на З да мора на У. Вёў барацьбу з сепаратызмам феадалаў, у 1574 імкнуўся ліквідаваць сістэму джагіраў, што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. Упершыню стаў прызначаць індусаў на важныя дзярж. пасты, дынастычнымі шлюбамі ўмацаваў сувязі з раджпуцкімі княствамі, конніца раджпутаў стала асновай арміі. Увёў новую рэлігію «дзін-і ілахі» («божая вера») з элементамі ісламу, індуізму, парсізму і джайнізму.
Акбар са сваім сынам Джахангірам і ўнукам Шахам-Джаханам. Мініяцюра. Каля 1630.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМАНІ́ЗМ,
старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;
Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.