гігіенічны нарматыў, які рэгламентуе забруджванне навакольнага асяроддзя хім. ці радыеактыўным рэчывам і забяспечвае бяспечныя ўмовы жыцця і працы чалавека. Вызначаецца максімальнай колькасцю шкоднага рэчыва (у міліграмах) у адзінцы аб’ёму (паветра, вады ці інш. вадкасці) або масы (напр., харч. прадуктаў), якая пры штодзённым уздзеянні на арганізм на працягу неабмежавана працяглага часу не выклікае паталагічных змен ці захворванняў.
Для высокакумулятыўных рэчываў прадугледжана рэгламентацыя максімальных, разавых і сярэднязменных ГДК у паветры вытв. памяшканняў, сярэднясутачных і максімальных разавых ГДК у паветры населеных пунктаў. Узроўні ГДК аднаго і таго ж рэчыва розныя для розных аб’ектаў навакольнага асяроддзя, напр., для свінцу і яго арган. злучэнняў у вадзе вадасховішчаў гаспадарча-пітнога і культ.-быт. прызначэння ГДК — 0,005 мг/л, у паветры рабочай зоны вытв. памяшканняў — 0,01 мг/м³, у атмасферы — 0,007 мг/м³.
Літ.:
Беспамятнов Г.П., Кротов Ю.А. Предельно допустимые концентрации химических веществ в окружающей среде. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РА ЭФЕ́КТ (ад прозвішча шатл. фізіка Дж.Кера; 1824—1907). 1) Электрааптычны К.э. — узнікненне падвойнага праменепраламлення ў аптычна ізатропных рэчывах (газах, вадкасцях, крышталях з цэнтрам сіметрыі, шкле) пад уздзеяннем знешняга эл. поля. Абумоўлены арыентацыяй дыпольных момантаў малекул рэчыва ўздоўж эл. поля. У выніку аптычна ізатропнае рэчыва (асяроддзе) у эл. полі становіцца анізатропным, набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (гл.Крышталяоптыка). Эфект выкарыстоўваецца для высокачастотнай мадуляцыі святла і ў хуткадзейных фатаграфічных затворах. Адкрыты Керам у 1875.
2) Магніта-аптычны К.э. — змена інтэнсіўнасці і палярызацыі святла пры яго адбіцці ад намагнічанага асяроддзя (у асноўным магн. ферамагнетыкаў). Па фіз. прыродзе падобны да Фарадэя эфекту. У выніку магнітааптычнага К.э. лінейна палярызаванае святло робіцца эліптычна палярызаваным. Выкарыстоўваецца пры даследаванні магн. матэрыялаў. Адкрыты Керам у 1876.
3) Аптычны К.э. — узнікненне пастаяннай складальнай падвойнага праменепраламлення ў ізатропным асяроддзі пад дзеяннем магутнага (звычайна лазернага) выпрамянення. Выклікае самафакусіроўку святла (гл.Нелінейная оптыка). Адкрыты пасля паяўлення лазераў.
Схема назірання электрааптычнага Кера эфекту: П — палярызатар святла; ЯК — ячэйка Кера; А — аналізатар святла; ФП — фотапрыёмнік; У — узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК РЭА́КЦЫІпа дадзеным рэчыве,
паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).
Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпу nAA + nBB → pC + qD роўная: v = kCnAACnBB, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф.рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦУ́ АКСІ́ДЫ,
злучэнні свінцу з кіслародам. Найб. пашыраныя С.а.: аксід PbO, дыаксід PbO2, ортаплюмбат (IV) свінцу(II) Pb3O4, ці свінцовы сурык.
Крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Аксід PbO існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях — чырвонай (α-PbO, мінерал глёт) і жоўтай (β-PbO, мінерал масікот); т-ра паліморфнага ператварэння (α→β) 587 °C. Атрымліваюць PbO акісленнем расплаву свінцу кіслародам паветра, а таксама тэрмічным раскладаннем гідраксіду Pb(OH)2) і карбанату ці нітрату свінцу (II). Выкарыстоўваюць у вытв-сці сурыку і інш. злучэнняў свінцу, свінцовых шкла (хрусталь, флантглас) і палівы. Дыаксід PbO2 — рэчыва цёмна-рудога колеру. Моцны акісляльнік; пры расціранні з серай або чырвоным фосфарам загараецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем Pb3O4 з канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для запаўнення ячэек пласцін свінцовых акумулятараў, як акісляльнік (напр., кампанент галовак запалак). Свінцовы сурык Pb3O4 — рэчывачырв. колеру, атрымліваюць пры награванні PbO да 400—500 °C у акісляльным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як пігмент для антыкаразійных фарбаў і замазку ў свінцовых акумулятарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,
скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл.Гарманічныя ваганні) наз.фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.
С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),
найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл.Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 102 да 105 пм.
Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл.Рэакцыі хімічныя), магн. (гл.Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.
Літ.:
Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;
Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Р-АГА́Р,
арганічнае рэчыва (поліцукрыдны прэпарат), якое вырабляецца з чырвоных і бурых марскіх водарасцяў. Складаецца з агарозы і агарапекціну, раствараецца ў вадзе пры 80—86 °C, застывае пры 40 °C, утвараючы шчыльную студзіну. Выкарыстоўваецца ў біялогіі як пажыўнае асяроддзе для вырошчвання клетак і мікраарганізмаў, а таксама ў харч. прам-сці, кулінарыі і медыцыне пры лячэбным харчаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОМБЕНЗІЛЦЫЯНІ́Д,
таксічнае хім. злучэнне, C6H5CH(Br)CN, мал. м. 196,01. Жоўтыя крышталі, tпл 25,4 °C, tкіп 242 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1516 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра у арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы. Выклікае моцнае слёзацячэнне; непераносная канцэнтрацыя ў паветры 4 мг/м³. Выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну як атрутнае рэчыва (гл.Лакрыматары).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІАКСА́ЛЬ, шчаўевы альдэгід,
найпрасцейшы дыальдэгід, CHO—CHO. Жоўтыя крышталі з пахам фармаліну tпл 15 °C, tкіп 51 °C, шчыльн. 1140 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Вадкі гліаксаль у прысутнасці вільгаці ператвараецца ў цвёрды палімер. Выкарыстоўваюць як тэкстыльна-дапаможнае рэчыва (надае незмінальнасць баваўняным і віскозным тканінам), для атрымання кубавых фарбавальнікаў. Гліаксаль раздражняе скуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕ ХІМІ́ЧНАЕ,
хімічна індывід.рэчыва, у якім атамы аднаго ці розных элементаў злучаны хімічнай сувяззю. Адрозніваюць арганічныя злучэнні і неарганічныя злучэнні. Большасць З.х. падпарадкоўваецца пастаянства саставу закону і кратных адносін закону (гл.Стэхіяметрыя). З.х. характарызуецца пэўнымі фіз. канстантамі (шчыльнасць, т-ры плаўлення, кіпення і інш.). Атрымліваюць у выніку рэакцый хімічных. Састаў запісваюць у выглядзе формул хімічных.