КАМЕ́ННЫЯ КУРГАНЫ́,
пахавальныя збудаванні 1-га — пач. 2-га тыс., цалкам складзеныя з камянёў і зямлі. Пашыраны ў Верхнім і Сярэднім Панямонні, сярэднім цячэнні Зах. Буга. Маюць круглую форму, дыяметр 6—20 м, вышыню 0,5—0,8 м. Большасць даследчыкаў лічыць іх помнікамі заходнябалцкіх (яцвяжскіх) плямён. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне. Пры раскопках знойдзены розныя побытавыя рэчы, зброя і ўпрыгожанні. У К.к. 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і славянскіх тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён.
т. 7, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МАНС (Commons) Джон Роджэрс (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),
амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст. вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.
т. 8, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РТЫЕЎ О́РГАН,
перыферыйны рэцэптар слыхавога аналізатара млекакормячых і чалавека. Апісаны італьян. гістолагам А.Корты (1851). Знаходзіцца на асн. перапонцы ўнутр. вуха і складаецца з унутр. і вонкавых валасковых і апорных клетак. Да валасковых клетак падыходзяць нерв. канцы слыхавога нерва. Розныя па вышыні гукавыя ваганні ўспрымаюцца рознымі аддзеламі К.о.: высокія частоты — у ніжніх аддзелах уліткі, нізкія — у верхніх. Пераўтварае гукавыя хвалі ў біяэлектрычныя (нервовыя) імпульсы, якія па слыхавым нерве перадаюцца ў ц. н. с. Гл. таксама Вуха.
т. 8, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАМЕ́РЫ (ад мана... + грэч. meros частка),
нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх здольныя ўзаемадзейнічаць паміж сабой ці з малекуламі інш. рэчыва з утварэннем палімера. Адрозніваюць М. полімерызацыйныя і полікандэнсацыйныя. Пераважную большасць М. полімерызацыйнага тыпу складаюць злучэнні з кратнымі сувязямі (напр., алефіны, дыенавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрылы) ці з цыклічнымі групоўкамі (напр., аксіды алефінаў, лактамы, лактоны). Полікандэнсацыйныя М. — злучэнні, малекулы якіх маюць аднолькавыя (напр., дыаміны, дыкарбонавыя к-ты) ці розныя (напр., аксікіслоты, амінакіслоты) функцыян. групы. Гл. таксама Полімерызацыя, Полікандэнсацыя.
М.Р.Пракапчук.
т. 10, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),
аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР у эканоміцы,
каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (змяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу. Інвестыцыйны М. — уздзеянне капіталаўкладанняў вузкай накіраванасці на сумарны даход (невял. інвестыцыі праз эфект М. могуць аказваць уздзеянне на ўсю эканоміку, таму што паслядоўна закранаюць розныя яе галіны). Дэпазітны (крэдытны) М. — павышанае ўздзеянне невял. змен у банкаўскіх дэпазітах на грашовую масу і аб’ём крэдытавання праз шматразовае выкарыстанне адных і тых жа грошай у банкаўскай сістэме і на крэдытных рынках. Выкарыстоўваецца разам з акселератарам.
т. 11, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,
судовы зборнік Наўгародскай феадальнай рэспублікі 15 ст. Яе юрыд. крыніцамі былі асобныя артыкулы Рускай праўды і мясц. права больш позняга паходжання. Асобныя нормы Н.с.г. пераклікаюцца з некаторымі нормамі Пскоўскай суднай граматы і суд. парадкамі Паўн.-Усх. Русі. Н.с.г. прысвечана судаводству і суд. ладу ў Вял. Ноўгарадзе. У ёй вызначаны кампетэнцыі суда архіепіскапа, пасадніка, тысяцкага, велікакняжацкага намесніка і цівуна, названы памеры суд. пошлін, разгледжаны розныя суд. казусы. Н.с.г. стала адной з крыніц Судзебніка 1497.
т. 11, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«П’Я́НЫ» ЛЕС,
лес з сагнутымі і нахіленымі (у адзін ці розныя бакі) стваламі дрэў, што часцей абумоўлена дэфармацыямі грунту. Найб. вядомы ўчасткі «П.» л. ў раёнах апоўзняў (напр., правабярэжжа р. Волга ў яе сярэднім цячэнні, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, паўд. бераг Крыма), абласцях развіцця тэрмакарсту (Цэнтр. Якуція), сходу снегавых лавін, у карставых раёнах са свежымі прасадкамі, праваламі, асяданнямі грунту. На Беларусі сустракаюцца асобныя ўчасткі, прымеркаваныя да зон інтэнсіўнага тэхнагеннага ўздзеяння (напр., паблізу Наваполацкага нафтапрамысл. комплексу).
А.У.Суднік.
т. 13, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРКО́ ДУШ,
лячэбны душ; адзін з метадаў водалячэння. Прапанаваны франц. неўрапатолагам Ж.М.Шарко. Засн. на лекавым уплыве рухомага струменя вады пад моцным ціскам на розныя часткі цела.
Папераменна ўздзейнічаюць веерны (пачынаецца і заканчваецца працэдура) і кампактны струмені вады. Курс 10—12 працэдур. Фізіял. эфекты Ш.д. звязаны з мех. і тэмпературным уздзеяннем: спачатку звужаюцца перыферычныя сасуды, павышаецца артэрыяльны ціск, потым сасуды расшыраюцца. Ужываюць пры парушэннях абмену рэчываў (напр., атлушчэнне), маторыкі кішэчніка і інш.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКІПІРО́ЎКА (ад франц. équiper забяспечваць),
1) камплект рыштунку, абмундзіравання вайсковага, амуніцыі і інш. маёмасці, якія носіць на сабе ваеннаслужачы. У залежнасці ад спецыяльнасці і ўмоў выканання баявых задач Э. можа ўключаць розныя сродкі вядзення назірання, разведкі, сувязі і навігацыі, сродкі біял., хім. і радыяцыйнай аховы, індывід. сродкі бронеаховы, спец., інж. і мед. сродкі, харч. запас, пры неабходнасці спальны мяшок, надзіманую лодку, грым для твару і інш. 2) Забеспячэнне ваеннаслужачых належнымі прадметамі Э.
І.А.Шор.
т. 18, кн. 1, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)