палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;
Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РСКІ Дзмітрый Міхайлавіч (1.11.1573—30.4.1642),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, князь, баярын (1613). З 1598 страпчы і чл. Земскага сабора. З 1602 стольнік пры двары Барыса Гадунова. Удзельнік задушэння Балотнікава паўстання 1606—07. У 1606—10 прыхільнік В.І.Шуйскага ў яго барацьбе з Ілжэдзмітрыем II. У пач. 1610 ваявода ў Зарайску. Разам з К.Мініным стаў арганізатарам і кіраўніком Народнага апалчэння 1612, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У канцы 1612 — пач. 1613 П. (разам з Дз.Ц.Трубяцкім) узначальваў часовы ўрад. У 1615 кіраваў баявымі дзеяннямі супраць А.Лісоўскага, удзельнічаў у адбіцці войск Рэчы Паспалітай на чале з Уладзіславам IV (1618). У 1628—30 ваявода ў Ноўгарадзе, у 1633—34 2-гі ваявода рас. рэзервовай групы войск у Мажайску. Узначальваў шэраг прыказаў. К.Мініну і П. пастаўлены помнікі ў Маскве на Краснай плошчы (1804—18, скульпт. І.П.Мартас) і ў Ніжнім Ноўгарадзе (1826, скульпт. А.І.Мельнікаў).
Тв.:
Завещание князя Дмитрия Пожарского // Отечеств. история. 2000. № 1.
Літ.:
Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;
кароль польскі і вял. князь літоўскі [1669—73]. З княжацкага роду Вішнявецкіх. Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Служыў у аўстр. арміі, палкоўнік. У 1663 на чале ўласнага атрада ўдзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. На трон абраны (19.6.1669) пасля адрачэння Яна II Казіміра Вазы, перамогшы кандыдатуры, якія падтрымлівалі Францыя і Габсбургі; за абранне М.В. галасавалі і прадстаўнікі ВКЛ. М.В. меў нязначны ўплыў унутры дзяржавы і быў вымушаны апірацца на розныя магнацкія групоўкі. У час яго панавання ўзмацніўся ўнутр. разлад у Рэчы Паспалітай, 4 з 6 сеймаў былі сарваны. У 1670 пацвердзіў Андросаўскае перамір’е 1667 з Масквой, аднак Кіеў заставаўся ў складзе Расіі. У 1670 узяў шлюб з Элеанорай Марыяй, сястрой аўстр. імператара Леапольда I. Супраць М.В. выступала прафранцузская партыя (т.зв. малькатэнты — незадаволеныя) на чале з вял. каронным гетманам Я.Сабескім і прымасам М.Пражмоўскім. У 1672 утварыліся Голамбская канфедэрацыя шляхты ў абарону караля і Шчабжэшынская супраць яго, аднак унутр. вайна ў дзяржаве была прадухілена нападам на Рэч Паспалітую Турцыі. М.В. памёр у Львове ў час падрыхтоўкі паходу на туркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ Сяргей Фёдаравіч (28.6.1860, г. Чарнігаў, Украіна — 10.1.1933),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР у 1920—31. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), з 1899 праф. гэтага ун-та. Старшыня Археагр. камісіі (1918—29), камісіі па выданні твораў А.С.Пушкіна, дырэктар Пушкінскага дома Ін-та рус. л-ры АНСССР (1925—29) і Б-кі АНСССР (1925—28). Даследаваў падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. ў Расіі, эпоху Пятра I, каланізацыю рас. Поўначы і інш. У гал. працы «Нарысы па гісторыі смуты ў Маскоўскай дзяржаве, XVI—XVII стст.: Спроба вывучэння грамадскага ладу і саслоўных адносін у Смутны час» (1899, перавыд. 1995) разглядаў спробы дасягнуць раўнапраўнай уніі Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, ход вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У 1930 арыштаваны, абвінавачаны ў антысав. дзейнасці і сасланы (1931) на 5 гадоў у Самару, дзе і памёр.
Тв.:
Учебник русской истории. М., 1992;
Русская история. М., 1995;
Полный курс лекций по русской истории. СПб., 1998.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 3. М., 1963;
Рахматуллин М.А. Дело по обвинению академика С.Ф.Платонава // Отечественная история. 1994. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,
сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г. Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ1740, 1743, 1764 паміж Расіяй і Прусіяй.
1) 27.12.1740 Расія і Прусія дамовіліся аб дружбе і ўзаемадапамозе ў выпадку нападу на іх трэцяй дзяржавы (але не тады, калі Расія ваявала з Турцыяй або Іранам, а Прусія — на З ад р. Везер у цэнтр. Германіі). Сакрэтнымі артыкуламі дзяржавы гарантавалі недатыкальнасць Курляндыі, абавязваліся не дапускаць умяшання трэціх краін у справы Рэчы Паспалітай, ахоўваць там правы праваслаўных і пратэстантаў.
2) 27.3.1743 Расія і Прусія ў асн. пацвердзілі ўмовы дагавора 1740, але гарантыі Прусіі не пашыраліся на землі Паўд.Усх. Фінляндыі, далучаныя да Расіі ў выніку вайны са Швецыяй (1741—43), а гарантыі Расіі — на Сілезію, захопленую Прусіяй у Аўстрыі.
3) 11.4.1764 Кацярына II пацвердзіла Пецярбургскі мірны дагавор 1762, але адмовілася ратыфікаваць саюзны трактат ад 19.6.1762. Расія і Прусія дамовіліся пра гарантыі адна адной еўрап. уладанняў і ваен. ўзаемадапамогу ў выпадку нападу на адну з краін.; 4 сакрэтныя і 1 сепаратны артыкулы выключалі ваен. дапамогу ў выпадку вайны Прусіі на З ад р. Везер, а Расіі — з Турцыяй, абвяшчалі абарону існуючых форм кіравання ў Швецыі, абавязвалі абодва бакі не дапускаць змен у канстытуцыі Рэчы Паспалітай і падтрымаць кандыдатуру Станіслава Аўгуста Панятоўскага на яе прастол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́БЫ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Клява, на аўтадарозе Юрацішкі—Ашмяны. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Іўе, 185 км ад Гродна, 11 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 816 ж., 355 двароў (2002). Філіял сумеснага прадпрыемства «Рэлоіз Бел». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1784), Трабскі касцёл.
З 1490 належала Гаштольдам, з 1543 — Радзівілам, з 1569 — каралю Рэчы Паспалітай, з 1766 — Зянковічам. У 1784 пабудавана царква. Да 1795 цэнтр гміны ў Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1806—54 дзейнічала Трабская суконная мануфактура. У 1866 цэнтр воласці, 499 ж., 78 двароў, нар. вучылішча, яўр. хедэры, царква і касцёл. У 1905—1080 ж. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, у 1922—39 у складзе Польшчы, у Валожынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Юрацішкаўскага раёна. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 75 мірных Жыхароў, часткова спалілі вёску. З 1960 у Іўеўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́КСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1413—1795. Цэнтр — г.Трокі. Утворана на тэр. Трокскага княства і Гарадзенскага княства пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Былі ўведзены пасады трокскіх ваяводы і кашталяна, якія па значэнні лічыліся другімі пасля пасад ваяводы і кашталяна віленскіх. У склад Т.в. ў 15 ст. ўваходзілі паўн., цэнтр. і паўд. часткі Літвы, прынёманскія землі Беларусі, Берасцейская зямля, Новагародская зямля, Падляшша, Кобрынскае княства, Пінскае княства, Давыд-Гарадоцкае княства, Тураўскае княства. Гэтыя княствы, Берасцейская, Новагародская землі, Падляшша і Ковенскі павет мелі самастойнае ад ваяводы кіраванне. На У Беларусі ў Т.в. ўваходзіла палова Бабруйскай воласці. Пасля ўтварэння ў 16 ст. Навагрудскага, Падляшскага і Брэсцкага ваяводстваў тэр. Т.в. значна паменшылася. У 16—18 ст. у Т.в. ўваходзілі Трокскі, Ковенскі, Упіцкі пав., Гродзенскі павет. Пасля Люблінскай уніі 1569 ваявода і кашталян трокскія засядалі ў Сенаце Рэчы Паспалітай. Паводле перапісу 1775 на тэр. Т.в. было 55 614 «дымоў». Паводле пастановы Гродзенскага сойма 1793 Гродзенскі пав. і створаны ў 1791 Мерацкі пав. пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай указам Кацярыны II ад 25.12.1795 асн. частка Т.в. ўвайшла ў склад Віленскай губ., рэшта — у Слонімскую губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,
сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.
Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.
З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.
Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.
Літ.:
Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НСКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́, Украінская уніяцкая царква,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Украіны. Усталявана ў выніку Брэсцкай уніі 1596, паводле якой правасл. царква на тэр. Рэчы Паспалітай прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання, пры захаванні грэка-візант. рытуалаў і традыц. абраднасці. Яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, непасрэдна падпарадкаванай папу рымскаму. Яе вышэйшым кіраўніком з’яўляўся уніяцкі мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі, якому падпарадкоўваліся таксама уніяцкія епархіі Беларусі і Літвы. Пераход ва унію адбываўся паступова, у ходзе барацьбы уніятаў з правасл. царквой, якая ў 1620 аднавіла сваю Кіеўскую мітраполію, а ў 1632 легалізавана ў Рэчы Паспалітай. На Левабярэжнай Украінецарк. унія скасавана ў выніку над.-вызв. вайны 1648—54, але ў 1692 да уніі далучылася Перамышльская епархія, у 1700 — Львоўская, у 1702 — Луцкая. У 18 ст. паскорылася «лацінізацыя» уніяцкай царквы — перайманне насуперак умовам Брэсцкай уніі рымска-каталіцкай абраднасці, што праявілася ў рашэннях Замойскага сабора 1720. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да Аўстрыі перайшла населеная пераважна ўкраінцамі-уніятамі Галіцыя з уніяцкімі епархіямі Львоўскай і Перамышльскай, часткамі Луцкай і Холмскай (пазней далучаны да Львоўскай і Перамышльскай). Паводле падзелаў 1793 і 1795 да Расіі далучана большасць тэр.Правабярэжнай Украіны. У 1795 Кацярына II скасавала ў Рас. імперыі ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай, кіраўніцтва уніяцкімі прыходамі перайшло да каталіцкай царквы. Павел I у 1798 аднавіў на Валыні Луцкую уніяцкую епархію. У 1828 яна зноў скасавана, прыходы падпарадкаваны Літ. епархіі. Полацкі царкоўны сабор 1839 скасаваў уніяцкую царкву ў Рас. імперыі, у т. л. на Украіне. Улады Аўстрыі ў Галіцыі як процівагу апазіцыйна настроенай мясц. польска-каталіцкай шляхце падтрымлівалі грэка-каталіцкую царкву з яе пераважна ўкр. вернікамі, але паступова ўзмацнялі яе «лацінізацыю». У 1774 адкрыта духоўная семінарыя для уніятаў ў Вене, у 1784 — у Львове. У 1782 скасаваны уніяцкія брацтвы Галіцыі. У 1795 львоўскі архіепіскап атрымаў ад аўстр. улад тытул мітрапаліта галіцкага. З 1856 рым. курыя неаднаразова надавала галіцкім мітрапалітам тытулы кардыналаў. У 1-й пал. 20 ст. уніяцкая («Руская») царква Галіцыі складалася з Львоўскай мітрапаліцкай, Перамышльскай і Станіслаўскай епархій. У 1939—42 пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат. Львоўскі царк. сабор 1946 скасаваў Укр. г.-к.ц. і пастанавіў увайсці ў склад Рус.правасл. царквы, аднак дзейнасць шэрагу уніяцкіх святароў працягвалася ў падполлі і эміграцыі. У час перабудовы уніяцкая царква ў СССР легалізавана (снеж. 1989) і ў 1990-я г. яна цалкам аднавіла сваю дзейнасць у зах. абласцях незалежнай Украіны. Адроджана мітраполія з кафедрай у Львове.
Літ.:
Берестейска унія (1596—1996): Статті й матеріали. Львів, 1996.