адмоўная замкнёная тэктанічная структура, у якой намнажаюцца або залягаюць асадкавыя горныя пароды, нярэдка з карыснымі выкапнямі. Мае будову сінкліналі або прагіну. Адрозніваюць басейны: гідрагеалагічны, або падземных водаў (артэзіянскі, сцёку трэшчынна-грунтавых водаў і інш.), карысных выкапняў (нафтагазаносны, вугляносны, саляносны, сланцавы, рудны і інш.), седыментацыі (азёрныя, марскія, акіянскія, балотныя і інш.), дзе адбываецца намнажэнне асадкаў. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн, Брэсцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі нафтагазаносны басейн, Прыпяцкі саляносны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТУ́ХІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Залатуха. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1973, Паклады нафты пл. 15,6 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 1950—3615 м. Пароды-калектары — кавернава-трэшчынаватыя мергелі, вапнякі, даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, высокасмалістая, парафінавая, з удз. в. 0,84—0,87 г/см³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПдЗ ад г. Светлагорск. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1984, распрацоўваецца з 1988. Паклады нафты пл. каля 2,2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаноснага гарызонта 2812 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯ-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта і распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 7,2 км² прымеркаваны да міжсалявых і ўнутрысалявых адкладаў дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2300—2780 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта сярністая, высокасмалістая, высокапарафінавая, па шчыльнасці сярэдняя і цяжкая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АЛЯКСА́НДРАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад в. Аляксандраўка. Адкрыта ў 1981. Распрацоўваецца з 1984. Паклады нафты пл. каля 2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Аляксандраўска-Баршчоўскай зоны падняццяў. Нафтаносны пласт залягае на глыб. 2770—2780 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя поравакавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 7 км на Пд ад р.п. Сасновы Бор. Адкрыта ў 1976. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 6,6 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну, на паўд. апушчаным крыле Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 3300—4050 м. Пароды-калектары — другасныя кавернава-поравыя даламіты. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, высокапарафіністая. Разведаныя запасы 15,5 млн.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1985. Распрацоўваецца з 1986. Паклады нафты пл. каля 9 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносныя блокі залягаюць на глыб. 3450—4050 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн.т, перспектыўныя больш за 1,1 млн.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНД (ад назвы стараж.слав. племя венды ці венеды),
вендская сістэма (перыяд), вендскі комплекс, верхняе, самае маладое падраздзяленне пратэразою, якое папярэднічала кембрыйскай сістэме (перыяду). Доўжыўся ад 650 да 570 млн. гадоў назад. Вылучаны рус. геолагам Б.С.Сакаловым у 1950 на ПнЗУсх.-Еўрап. платформы як вендскі комплекс або серыя. У 1991 у межах СССР венду нададзены ранг сістэмы або перыяду. Адклады венду пашыраны таксама на Сібірскай платформе. Стратыграфічныя аналагі венду ёсць у Паўд. Кітаі, Канадзе, Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, на Брытанскіх а-вах.
На Беларусі адклады венду трапляюцца на глыб. ад 80 да 800 м, займаюць каля 80% тэр., маюць магутнасць да 400—500 м. Залягаюць на пародах рыфею або крышт. фундамента, перакрыты ніжнекембрыйскімі або больш маладымі адкладамі фанеразою. Складзены ў ніжняй ч. з тэрыгенных парод вільчанскай серыі — тылітаў (стараж. марэны), пясчанікаў, глін вільчанскага (лапландскага) покрыўнага зледзянення. Сярэднюю ч. венду ўтвараюць вулканічныя (базальты, андэзідацыты, трахідацыты), вулканагенныя і вулканагенна-асадкавыя (туфы, туфіты, туфапясчанікі і інш.) пароды валынскай серыі. Верхнюю, валдайскую серыю, складаюць асадкавыя пароды — пясчанікі, алеўраліты, гліны. У тоўшчах і пластах абломкавых парод венду значныя запасы падземных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЧА́РКІ,
група парод службовых сабак. Пашыраны ва ўсім свеце. Гадуюць для пастухоўскай, каравульнай, вышуковай і інш. службы. Вызначаюцца моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным складам цела, багатым шэрсным покрывам. Смелыя, вынослівыя сабакі, якія лёгка дрэсіруюцца. Вядомыя пароды: каўказская, сярэднеазіяцкая, паўднёваруская, шатландская (колі) і інш.Найб. пашыраная — нямецкая аўчарка, на аснове якой створаны ўсх.-еўрап. тып.
Нямецкая аўчарка — адна з лепшых вартавых сабак, моцная, з добра развітой мускулатурай, выш. ў карку ў сярэднім каля 60 см. Вызначаецца развітым інстынктам аховы гаспадара, яго рэчаў, двара, жывёлы і інш. Усходнееўрапейская аўчарка буйнейшая за ням., з больш сухім і моцным складам цела, выш. ў карку 62—70 см; галава клінападобная, вушы стаячыя, хвост шаблепадобны; масць цёмна- і светла-шэрая, чорная з падпалінамі, рыжая розных адценняў. Каўказская, сярэднеазіяцкая і паўднёваруская аўчаркі — пастухоўскія пародыстараж. паходжання, з масіўнай шырокай галавой, грубым касцяком, магутнымі лапамі; вушы вісячыя, хвост серпападобны. Выш. ў карку 60—65 см. Гадуюць іх пераважна ва ўсходнееўрап. і сярэднеазіяцкіх краінах. У многіх краінах свету пашыраны даўгашэрсны і барадаты колі, у прыдунайскіх краінах — чорныя кудлатыя пулі і пумі, белыя кувасы, камандоры і інш.