ПАН,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі першапачаткова бог лясоў і статкаў, апякун пастухоў і паляўнічых, пазней — апякун усёй прыроды. Лічыўся сынам Гермеса ад Пенелопы або ад німфы Дрыёпы. Стараж. мастакі і скульптары паказвалі яго ў выглядзе паўчалавека-паўказла. П. меў лагодны нораў, але калі парушалі яго спакой, моцна злаваўся і наганяў на людзей жах (адсюль выразы «паніка», «панічны страх»); вызначаўся прыхільнасцю да віна і весялосці, палкай улюбёнасцю ў німфаў, якіх часта праследаваў.

Пан. Карціна М.​Урубеля. 1899.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЦЕ́ШНЫЯ» ВО́ЙСКІ,

ваенныя атрады з маладых людзей і дзяцей (дваровых, конюхаў, добраахвотнікаў-дваран), створаныя для «забаў» царэвіча Пятра (будучы рас. імператар Пётр I). У 1685 пабудавана спец. крэпасць — Пацешны гарадок. З 1686 у «П.в.» залічвалі і сталых людзей. У 1687 (па інш. звестках у пач. 1690-х г.) з «П.в.» сфарміраваны Праабражэнскі і Сямёнаўскі палкі, якія пазней сталі асновай рас. рэгулярнай арміі, у прыватнасці яе гвардыі, і апорай Пятра I у час дварцовага перавароту 1689.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААВЕ́ДРА ЛА́МАСА ПАКТ 1933,

дагавор аб прынцыпах міжнар. адносін, заключаны па ініцыятыве міністра замежных спраў Аргенціны К.Сааведра Ламаса. Падпісаны 10 кастр. прадстаўнікамі Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Парагвая, Уругвая і Чылі, пазней большасцю дзяржаў Лац. Амерыкі і ЗША. Асуджаў агрэсіўныя войны, дэклараваў урэгуляванне ўсіх міждзярж. спрэчак толькі мірнымі сродкамі. Забараняў узбр. ці інш. ўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, прадугледжваў міжнар. ціск на дзяржавы-агрэсары. Абавязаў бакі не прызнаваць змены граніц, якія ажыццёўлены гвалтоўным шляхам.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБА́НАВА (Марыя Іванаўна) (11.11.1900, Масква — 4.4.1983),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1954). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1920 у Т-ры РСФСР 1-м (пазней Т-р імя У.​Меерхольда). У 1927—80 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага. Лірычная актрыса, майстар тонкага псіхал. малюнка ролі: Паліна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Гога («Чалавек з партфелем» А.​Файко), Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Дзіяна («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Таня («Таня» А.​Арбузава). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С Ю́Р’ЕВІЧ (?—2.5.1159),

князь белгародскі, тураўскі. Сын кн. Юрыя Далгарукага. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146. Падтрымліваў свайго бацьку ў барацьбе з кн. Ізяславам Мсціславічам за кіеўскі прастол. У 1149 атрымаў ва ўладанне Белгарад, але праз год выгнаны адтуль Ізяславам. Удзельнічаў у аблозе Луцка, выгнанні Ізяслава з Кіева (1150). У 1155 пасаджаны на княжанне ў Тураў. Не пазней чым праз 3 гады Тураў заняў кн. Юрый Яраславіч, а Барыс Юр’евіч выехаў у Растова-Суздальскую зямлю, дзе і памёр.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЛЯМІ́ШАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (16.8.1861, г. Днепрапятроўск — 1920),

рускі скульптар, пераважна партрэтыст і жанрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1878—87), пазней яе праф. (з 1894) і рэктар (1900—02 і 1906—11). У творчасці спалучаў уплыў перасоўнікаў і познаакадэмічнае мастацтва («Якія свежыя на дзіва былі ружы», 1892, «Вясковая любоў», 1896; партрэты А.​А.​Рыцоні, 1902, А.​І.​Куінджы, 1909; і інш.). Аўтар помнікаў Ермаку ў Новачаркаску (1904) і С.​П.​Боткіну ў Пецярбургу (1908).

У.Беклямішаў. Партрэт А.​А.​Рыцоні. 1902.

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСЭ́РА ШМІТ ((Becerra Schmidt) Густава) (н. 26.8.1925, г. Тэмука, Чылі),

чылійскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Нац. кансерваторыю ў Сант’яга (1949), з 1947 выкладаў у ёй (з 1952 праф.). Яго творчасць 1950—60-х г. звязана з нац. традыцыямі, увасабленнем неакласіцысцкіх тэндэнцый. Пазней звярнуўся да электроннай і канкрэтнай музыкі. Сярод твораў: 4 сімфоніі (1955—73); канцэрты з арк. для фп., для скрыпкі, для флейты, для гітары; «Гульні» для фп. і магнітафоннай стужкі; камерна-інстр. ансамблі; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),

дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ (Міхаіл Дарымядонтавіч) (10.11.1801, Масква — 21.11.1885),

рускі архітэктар. Акадэмік архітэктуры (1831). Вучыўся ў Дз.І.Жылярдзі (з 1816). Выкладаў у Маскоўскім палацавым арх. вучылішчы (з 1836 яго дырэктар), у 1844 арганізаваў маст. класы (пазней Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства). Працаваў у стылі позняга класіцызму: будынкі біржы (1836—39) і Гарыхвостаўскай багадзельні (1839) у Маскве, у стылі несапраўднай готыкі — ансамбль сядзібы Марфіна пад Масквой (1837—38). Аўтар шэрагу культавых збудаванняў у Маскве і Пецярбургу. Адзін з першых прадстаўнікоў навук. рэстаўрацыі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНЕРЫ,

рускія пісьменнікі, браты. Ураджэнцы Масквы.

Аркадзь Аляксандравіч (н. 31.1.1931). Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т (1953); Георгій Аляксандравіч (н. 10.2.1938). Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1963). Аўтары дэтэктыўных раманаў «Я, следчы...» (1969), «Візіт да Мінатаўра» (кн. 1—2, 1971—72), «Гонкі па вертыкалі» (ч. 1, 1971, поўн. выд. 1974), «Месца сустрэчы змяніць нельга» (1975, пазней «Эра міласэрнасці»); аповесцей «Гадзіннік для містэра Келі» (1967), «Вобмацкам апоўдні» (1968), «Двое сярод людзей» (1969), «Горад прыняў» (1978), нарысаў, п’ес і кінасцэнарыяў.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)