МЕ́МФІ́С (грэч. Memphis, егіп. Менефер ад назвы паселішча каля піраміды фараона Піопі I),
старажытнаегіпецкі горад на левым беразе Ніла (каля сучасных пасёлкаў Бедрахейн і Міт-Рахіне на. ПдЗ ад Каіра). Засн. ў пач. 3-га тыс. да н.э.Менесам пад назвай Белыя сцены (ад аднайм. крэпасці). У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) рэзідэнцыя фараонаў, буйны рэліг., паліт., культ. і рамесніцкі цэнтр Егіпта; захаваў сваё эканам. значэнне і пасля пераносу сталіцы ў Фівы (перыяд Сярэдняга царства). Набыў важнае стратэг. значэнне ў перыяд Новага царства ў сувязі з паходамі егіп. цароў у Сірыю і Палесціну. У перыяд элінізму з узнікненнем г.Александрыя (4 ст. да н.э.) страціў былое значэнне. Захаваліся руіны храма бога Пта (3-е тыс. да н.э.), сфінкс эпохі Новага царства, Серапеум (эліністычны час), 2 калосы Рамсеса II (13 ст. да н.э.). Некропалі М. з пірамідамі і грабніцамі цароў і знаці знаходзяцца паблізу сучасных Гізы, Сакары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МАС (ад грэч. demos народ),
у Стараж. Грэцыі назва насельніцтва вобласці (ці самой вобласці), а таксама супольнасць паўнапраўных грамадзян у адрозненне ад рабоў, метэкаў, перыэкаў і інш. У гамераўскую (11—9 ст. да н.э.) і архаічную (8—6 ст. да н.э.) эпохі Д. называлі нар. масы ў адрозненне ад радавой арыстакратыі — эўпатрыдаў, у 6—5 ст. да н.э. разам з сял. насельніцтвам — частку гар. (рамеснікі, гандляры), з канца 5—4 ст. — бедную (пераважна гар.) частку насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОНТ ЭЎКСІ́НСКІ (Pontos Euxenos літаральна гасціннае мора),
старажытнагрэчаская назва Чорнага м. Да 6 ст. да н.э. яго называлі Понтам Аксінскім (негасціннае мора). Пераназвана пасля пашырэння рэгулярных эканам. і культ. сувязей грэкаў з мясц. насельніцтвам прыпантыйскіх абласцей. Плаванне па моры лічылася цяжкім і небяспечным, да 4 ст. да н.э. плавалі недалёка ад берагоў. Шмат ант. пісьменнікаў і географаў складалі перыплы (падрабязнае апісанне ўзбярэжжа П.Э.). Феакрыт, Сенека, Лукіян называлі П.Э. Скіфскім морам. У 9 ст.н.э. яго называлі яшчэ Рускім морам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.
Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл.Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб.стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл.Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТ (Дэцым Юній Альбін) (Decimus Junius Albinus Brutus; каля 84—43 да н.э.),
рымскі паліт. і ваен. дзеяч, адзін з военачальнікаў Цэзара. У часы грамадз. вайны 48—47 намеснік Трансальпінскай Галіі. Удзельнічаў у змове супраць Цэзара ў 44 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ АФІ́НСКІ МАРСКІ́ САЮ́З,
саюз стараж.-грэч. гарадоў, размешчаных пераважна на астравах і берагах Эгейскага м., на чале з Афінамі. Пасля распаду ў выніку Пелапанескай вайны 1-га Афінскага марскога саюза (гл.Дэлоскі саюз) прыкладна з 395 да н.э. рабіліся спробы па яго ажыўленні. Адноўлены ў 378—377 да н.э. пасля вызвалення ад спартанскага панавання. Чл. саюза (каля 75) мелі поўную аўтаномію. Гарады, размешчаныя ў М.Азіі, не ўключаліся ў склад саюза. Са стратай Спартай пануючага становішча ў Пелапанескім саюзе, супраць якога ў першую чаргу і была накіравана дзейнасць Д.а.м.с., з яго сталі выходзіць многія члены. Пасля завяршэння міжсаюзнай вайны 357—355 да н.э. саюз да 337 да н.э. захоўваў нязначны паліт. ўплыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КІЙ (Nikias; каля 469 да н.э., Атыка — 413 да н.э.),
афінскі дзярж. дзеяч (Стараж. Грэцыя), палкаводзец. Пасля смерці Перыкла правадыр памяркоўна-кансерватыўнага крыла (партыя міру) афінскай дэмакратыі. У Пелапанескую вайну як стратэг узначаліў шэраг паспяховых аперацый у 427—421 (супраць Мегар, Меласа, Беотыі, Карынфа, Кіферы, на п-ве Халкідыкі). Дамогся ў 421 да н.э. заключэння Нікіева міру. У 415 да н.э. ўзначаліў сіцылійскую ваен. экспедыцыю Афін. У 413 пасля аблогі Сіракуз (скончылася паражэннем афінскіх войск) узяты ў палон і забіты.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІЛЬКА́Р БА́РКА (Hamilcar Barca; ? — 229 да н.э.),
карфагенскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Бацька Ганібала. У 1-й Пунічнай вайне (264—241 да н.э.) атрымаў шэраг перамог над рымлянамі ў Сіцыліі (з 247 да н.э.). Пасля паражэння ў 242 карфагенскага флоту пры Эгадскіх а-вах па даручэнні свайго ўрада заключыў мір з Рымам. У 241—238 удзельнічаў у задушэнні паўстання рабоў, наёмнікаў і мясц. лівійскага насельніцтва. У 237—229 заваяваў паўд.-зах. частку Іспаніі, загінуў у час аблогі аднаго з гарадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЦЫІ (Horatii),
старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны гарадоў Лацінскага саюза супраць панавання ў ім Стараж. Рыма. 1-я Л.в. (496—493 да н.э.; гал. бітва адбылася ў 496 да н.э. каля Рэгільскага воз. і не прынесла перавагі ніводнаму з бакоў) завяршылася аднаўленнем саюза на чале з Рымам. Эканам. і паліт. ўмацаванне рымлян парушыла раўнавагу ў саюзе і выклікала 2-ю Л.в. (340—338 да н.э., перамаглі рымляне), якая прывяла да скасавання Лац. саюза, уключэння лацінаў і іх зямель у склад Рым. дзяржавы, узнікнення т.зв.лац. права.