ЛА́ВА,
даўні від бел. нар. мэблі. Масіўная доўгая шырокая дошка, замацаваная на калодках ці ножках. У хаце звычайна былі 2 нерухомыя Л. ўздоўж сцен, якія сыходзіліся на покуці. Л. маглі мець спінку (з адной дошкі ці наборную), часам упрыгожаную разьбой. З канца 19 ст. Л. саступіла месца рухомай мэблі (канапам, крэслам і інш.) і часта выкарыстоўвалася разам з ёй. У наш час амаль выйшла з ужытку.
т. 9, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАРЫ́Т (назва ад месца першай знаходкі — Ліпарскія астравы),
эфузіўная горная парода, якая паводле хім. саставу адпавядае граніту. Вылучаюць рознасці расшклаваныя, схаванакрышталічныя, радзей сфералітавыя. Часта з парфіравымі ўкрапінамі кварцу, палявых шпатаў, слюд і інш. Характэрна флюідальная тэкстура пароды (патокаўтваральныя палосы). Звычайна багаты вулканічным шклом (50—100%), кварцам (больш за 73%). Колер ружовы, шэры, буры. Выкарыстоўваецца для атрымання друзу і абліцовачнага каменю. Пашыраны ў вулканічных абласцях.
В.І.Ярцаў.
т. 9, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАНСІЁН,
прыватная закрытая жаночая агульнаадук. навуч. ўстанова 1-й пал. 19 ст. ў Мінску. Адкрыта ў 1830. Уладальнікі М.п. — Людвік і Марыя Мантэграндзі. У навуч. праграме значнае месца адводзілася музыцы (кожная выхаванка займалася 2 гадз ў дзень). Практыкаваліся канцэртныя выступленні вучаніц (найб. поспехам карысталася К.Марцінкевіч). У 1837 М.п. прызнаны ўзорным. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць пансіёна адносяцца да 1858.
В.П.Пракапцова.
т. 10, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,
афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн. крыніцамі права.
т. 11, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,
паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с2.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТРКАЎ-ТРЫБУНА́ЛЬСКІ (Piotrków Trybunalski),
горад у цэнтр. частцы Польшчы, у Лодзінскім ваяводстве. Вядомы з 1217. Каля 100 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шкляная (1-е месца ў краіне), маш.-буд. (горныя, шкларобчыя, дарожныя машыны), харч. (малочная, мукамольная, піваварная, па перапрацоўцы агародніны), дрэваапр., буд. матэрыялаў, швейная, папяровая. Філіял Лодзінскага ун-та. Музеі. Арх. помнікі 14—18 ст.: каралеўскі замак (1511—19), касцёлы, кляштары, капліцы.
т. 12, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-АФРЫКА́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ БАНК (Arab-African International Bank; ААМБ),
міжнародная фінансавая акцыянерная камерцыйная ўстанова. Засн. ў 1964 як Араба-Афрыканскі банк. Акцыянеры ААМБ: Егіпет, Алжыр, Ірак, Іарданія, Кувейт, Катар, а таксама 2 камерцыйныя банкі — Саюз арабскіх і франц. банкаў (Францыя) і Араба-Афрыканскі банк (Маўрытанія). Месца знаходжання — Каір. ААМБ мае на мэце стаць магутным фін. ін-там на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы, здольным пацясніць пазіцыі банкаўскіх устаноў зах. краін.
т. 1, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Дзмітрый Мікалаевіч) (20.5.1892, г. Спаск-Разанскі, Расія — 19.12.1955),
рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1943). Скончыў тэатр. школу П.І.Ільіна (1918, Харкаў). У 1922—44 у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1944 у МХАТ. Вострахарактарны акцёр. Яго мастацтва адметнае шчырасцю, мяккім гумарам і гратэскавай сатырычнасцю. Сярод роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Глоба («Рускія людзі» К.Сіманава), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Дзярж. прэмія СССР 1947.
т. 1, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ДА (грэч. Atlantis),
паводле старажытнагрэчаскага падання астраўны кантынент, які існаваў 10—12 тыс. гадоў назад і быў заселены культ. і магутным племенем атлантаў. Першае ўпамінанне пра Атлантыду захавалася ў творах Платона (дыялогі «Тымей» і «Крытай»), Факт існавання, месца знаходжання і прычыны знікнення Атлантыды не высветлены. Найб. верагодна, што востраў знаходзіўся ў Атлантычным ак. на З ад Іспаніі, у выніку землетрасення апусціўся на дно акіяна. Праблемай Атлантыды займаецца спец. галіна навукі — атланталогія.
т. 2, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЭ́КПУЛ (Blackpool),
горад на З Вялікабрытаніі, на беразе Ірландскага м. 143 тыс. ж. (1989). Аэрапорт. Авіяц., аўтамаб., тэкст., харч. прам-сць. З 18 ст. вядомы як курорт. Вызначаецца мяккім кліматам, пясочны пляж даўж. больш за 10 км. Цэнтр адпачынку, марскіх купанняў і турызму (больш за 5 тыс. атэляў і пансіянатаў). Традыцыйнае месца правядзення канферэнцый брыт. партыі і прафсаюзаў. У 1895 у Блэкпуле пабудавана паменшаная (выш. 158 м) копія Эйфелевай вежы.
т. 3, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)