БРАНДВА́ХТА (ад галанд. brandwacht вартавы карабель),

1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).

2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.

3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Завішчоўскае возера,

у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Піна, за 18 км на ПдУ ад г. Іванава. Пл. 1,3 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 10,7 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пясчаныя, пад лесам і хмызняком. Берагі выш. да 1 м, месцамі забалочаныя. На ПнУ выцякае Завішчанскі канал.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́ВАНКА, Гулевіцкі канал,

рака ў Калінкавіцкім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 306 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Лозкі Калінкавіцкага р-на, цячэ па раўніне Гомельскае Палессе. Асн. прыток — р. Дымарка (злева). Даліна невыразная, пойма асушаная. Рэчышча ад вытоку на працягу 38,5 км каналізаванае, шыр. яго ад 3 да 10 м.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́МА-МА́НЫЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

тэктанічнае жолабападобнае паніжэнне, якое аддзяляе Перадкаўказзе ад Усх.-Еўрап. раўніны. Шыр. 20—30 км, у цэнтр. ч. звужана да 1—2 км. Злучае Кубана-Прыазоўскую і Прыкаспійскую нізіны. У антрапагене — марскі праліў паміж Чорным і Каспійскім морамі. Змяшчае сістэму азёр і вадасховішчаў, Кума-Маныцкі канал. Усх. ч. занята нізоўем р. Кума. Па К.-М.у. праходзіць умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ВЕРСАВЫ КАНА́ЛЫ (ад прозвішча англ. анатама К.​Гаверса),

трубчастыя поласці ў астэонах кампактнага рэчыва пласціністай косці ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека. У трубчастых касцях ідуць паралельна іх падоўжнай восі, у плоскіх — паралельна іх паверхні, у целах пазванкоў — перпендыкулярна іх восі. Кожны гаверсаў канал утвораны канцэнтрычна размешчанымі касцявымі пласцінкамі, разам з якімі складаюць астэон (гаверсаву сістэму). У гаверсавых каналах ёсць крывяносныя сасуды, нерв. валокны і рыхлая злучальная тканка.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНАСВЕ́ЧЧА, Дыбалёўскае возера,

у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 17 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,63 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 5,05 км. Пл. вадазбору 13,7 км².

Схілы катлавіны выш. да 10 м, пад лесам, на ПдУ разараныя. Берагі супадаюць са схіламі. Злучана ручаём з воз. Плацішна, упадае Бортніцкі канал, выцякае ручай у р. Ула.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХО́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Дняпро, у Херсонскай, Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях Украіны. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1955—58. Пл. 2155 км², аб’ём 18,2 км³, даўж. 230 км, найб. шыр. 25 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 3,3 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства, арашэння і водазабеспячэння (з вадасховішча пачынаецца Паўночна-Крымскі канал), рыбнай гаспадаркі і рэкрэацыі. На берагах К.в. гарады: Запарожжа, Нікапаль, Новая Кахоўка, Кахоўка, Берыслаў, Каменка-Дняпроўская.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-САІ́Д,

горад на ПнУ Егіпта, на ўзбярэжжы Міжземнага м., каля паўн. ўвахода ў Суэцкі канал. Адм. ц. мухафазы Порт-Саід. Засн. ў 1859 пры буд-ве Суэцкага канала. Каля 500 тыс. ж. (2000). Чыгункамі і аўтадарогамі звязаны з нас. пунктамі зоны Суэцкага канала і дэльты Ніла. Аэрапорт. Гандл.трансп. і бункеровачны цэнтр міжнар. значэння. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, харчасмакавая, тэкстыльная. Вялікія халадзільныя ўстаноўкі і складскія памяшканні. Турызм.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ШЧ, фістула,

паталагічны канал (адтуліна), які злучае ачаг захворвання (гнайнік, пухліну) з паверхняй або з якой-н. поласцю цела. Высланы эпітэліяльнай або грануляцыйнай тканкай.

Адрозніваюць вонкавы С. (адкрываецца на паверхні цела) і ўнутраны (злучае полыя органы). Бывае прыроджаны — ад заган унутрывантробнага развіцця (напр., пупковы), часцей у выніку разбурэння тканак і органаў пры траўме, паталаг. працэсах (набыты). З лек. ці эксперым. мэтамі робяць штучныя С., напр., для назірання за функцыянаваннем органаў.

т. 14, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ ЗА́ПІС,

спосаб запісу інфармацыі, пры якім эл. сігналы, што нясуць інфармацыю, пераўтвараюцца ў прасторавыя змены астаткавай намагнічанасці магн. пакрыцця носьбіта інфармацыі. Пры М.з. выкарыстоўваюць магнітныя стужкі, магнітныя дыскі, магнітныя барабаны. Ужываюць для запісу гуку (у магнітафонах, дыктафонах), відарысу і яго гукавога суправаджэння (у відэамагнітафонах), запісу тэлевізійных сігналаў, сігналаў вымярэння, кіравання, вылічэння і інш. (у запамінальных прыстасаваннях).

Сістэма М.з. звычайна ўключае канал запісу (узмацняльнік эл. сігналаў, запісвальная магнітная галоўка), носьбіт даных, канал узнаўлення (узнаўляльная магн. галоўка, узмацняльнік эл. сігналаў), механізм перамяшчэння носьбіта і галовах. Пры запісе эл. сігналы ўзмацняюцца, пераўтвараюцца запісвальнай магн. галоўкай у пераменнае магн. поле рассеяння, якое ўздзейнічае на магн. пакрыццё носьбіта, што рухаецца адносна галоўкі, і намагнічваннем яго асобных участкаў стварае дарожку запісу. Пры ўзнаўленні носьбіт рухаецца адносна ўзнаўляльнай магн. галоўкі, яго астаткавы магн. паток наводзіць у абмотцы галоўкі эрс — сігналы, што ўтрымліваюць запісаную інфармацыю. Перавагі М.з. — імгненная гатоўнасць да работы, магчымасць шматразовага выкарыстання носьбіта.

Схема магнітнага запісу: 1 — узмацняльнік сігналаў, што запісваюцца; 2, 4, 5 — магнітныя галоўкі запісу, сцірання і ўзнаўлення; 3 — крыніца падмагнічвальных сігналаў; 6 — узмацняльнік сігналаў, што ўзнаўляюцца (счытваюцца); 7 — носьбіт запісу (магнітная стужка).

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)