цэнтральны дзярж. музей гісторыі Расіі ад стараж. часоў да сучаснасці, буйное сховішча помнікаў матэрыяльнай культуры народаў СССР. Засн. ў 1872 па ініцыятыве А.А.Зялёнага (кіраўнік музея ў 1872—80), А.С.Уварава (кіраўнік у 1881—84) і інш. Адкрыты ў 1883, меў 11 залаў, больш за 3 тыс. экспанатаў. У 1992 больш за 4 млн. экспанатаў. Мае калекцыі: археал. (каля 1 млн. адзінак), нумізматычную (каля 1,5 млн. адзінак), зброі, адзення, вырабаў з металу, шкла, керамікі, косці, дрэва; захоўвае сусв. вядомыя зборы рукапісаў, старадрукаў, стараж. жывапісу, графікі і картаграфіі. Ёсць экспанаты з Беларусі: матэрыялы археал. раскопак Е.Р.Раманава і братоў Я. і К.Тышкевічаў (працавалі на Віцебшчыне, Лагойшчыне, вывучалі курганы Палесся і Падняпроўя); скарб сярэбраных рэчаў 11—12 ст. з Полацка; калекцыя слуцкіх паясоў; збор бел. рукапісаў 16—17 ст. (Слуцкі і Баркулабаўскі летапісы, рукапісы Сімяона Полацкага), першадрукаваных кніг Ф.Скарыны (84 экз.), С.Буднага і інш., дакументы па гісторыі Беларусі 19 ст., у т. л. фонд віленскага губернатара Пахвіснева і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Исторический музей. М., 1984;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
аперацыя войск Зах. фронту з мэтаю ўзяць Варшаву ў час савецка-польскай вайны 1920. Наступленне пачалося 23.7.1920 з рубяжа Гродна—Слонім—Пінск. Да 13.8.1920 часці Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) валодалі Радзімінам (23 км на ПнУ ад Варшавы), што стварыла рэальную пагрозу польскай сталіцы. Аднак наступленне не было падтрымана Паўн.-Зах. фронтам, які наступаў на Львоў і камандаванне якога перакінула 2 арміі на Варшаўскі напрамак толькі ў 2-й пал. жніўня. Значна адсталі тылы, не быў вызначаны раён канцэнтрацыі сіл праціўніка, былі зроблены паліт. памылкі (агр. палітыка Польск. рэв.к-та). Шэраг мер урада Ю.Пілсудскага (патрыят. агітацыя з дапамогай каталіцкага духавенства, абвяшчэнне агр. рэформы, якую падтрымала сялянства, арг-цыя дадатковых паставак зброі ад Антанты) даў магчымасць польск. боку аб’яднаць народ і значна павялічыць армію. 14 жн. нечакана для сав. боку польскае войска перайшло ў наступленне (т.зв. цуд на Вісле). З 17 жн.Чырв. Армія пачала агульны адыход. Да 25 жн. часці Зах. фронту адступілі на лінію Ліпск—Свіслач — на ўсх. ад Брэста. Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі паўплывала на ўмовы Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз.Бел.дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж.зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),
раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл.Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр.Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш.зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАДЗІШЧА́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Каладзішчанскім с/с Мінскага р-на ў Вял.Айч. вайну. У ліп. створана група на чыг. ст.
Калодзішчы (кіраўнікі М.М.Афанасьеў, С.Э.Эрдман), у кастр. — у пас. Калодзішчы (А.Я.Радзюк, А.С.Старасціна), у канцы 1941 — група з тэхн. работнікаў ням. лазарэта (Л.М.Сакалова), вясной 1942 — маладзёжная група (М.І.Казлоўскі, ВЛ.Панасюк), у в. Старына і Вадапой (Я.І.Міранкоў). Да канца 1942 падполле налічвала 5 груп (каля 70 чал.), якія аб’яднала і ўзначаліла чл. Мінскага патрыят. падполля М.Ф.Млаковіч. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, падп.газ.«Звязда», лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы гітлераўцаў, мелі сувязь з партыз. брыгадамі «Разгром», «Дзядзькі Колі», імя Шчорса і інш., перадалі ім шмат зброі, 1000 камплектаў амуніцыі з пакінутых пры адступленні сав. войскамі армейскіх складоў, медыкаменты, бланкі ням. дакументаў, разведданыя. Арганізавалі ўцёкі з лагераў смерці і пераправілі да партызан больш за 400 сав. ваеннапалонных і мясц. жыхароў, ням. афіцэра сувязі ВВС з каштоўнымі дакументамі, разам з партызанамі правялі некалькі дыверсій на чыгунцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЧНІКІ,
у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л.Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э.фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт.Грэка-персідскія войны.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,
прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).
Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РЦКІ Э́ПАС, нартаўскі эпас,
гераічны эпас каўказскіх народаў: асецін, абхазаў, адыгейцаў, кабардзінцаў, чэркесаў. Вядомы таксама балкарцам, чэчэнцам, інгушам, карачаеўцам і інш. Існуе ў празаічнай і вершаванай форме. У яго аснове — стараж. аланскі эпічны цыкл 7—4 ст. да н.э. Першыя запісы зроблены ў сярэдзіне 19 ст.
Апавядае пра легендарны народ — бясстрашных, свабодалюбівых, знаходлівых і жыццярадасных нартаў, іх гераічную барацьбу з захопнікамі. Архаічныя рысы эпасу: фрагменты этыялагічных міфаў (пра паходжанне культ. раслін, зброі і інш), матывы сваяцкіх сувязей ці барацьбы з багамі, сваркі паміж роламі і кроўная помста, грабежніцкія паходы, якія ўзначальвалі выбарныя правадыры, мужчынскія нарады і інш. Вакол асн. герояў эпасу сфарміраваліся цыклы сказанняў: пра родапачынальнікаў нартаў у асецінскім эпасе — Урызмагу і Сата́не (у абхазаў і адыгейцаў — Сатаней), мудрай дарадчыцы волатаў; пра Сослана (Созрука, у адыгейцаў — Сосрука, абхазаў — Сасрыква), які спалучае ў сабе сілу, храбрасць і магічныя здольнасці з функцыямі культавага героя (ён здабывае агонь); пра самага моцнага з нартаў Батрадза, загартаванага ў агні; пра сейбіта сварак і махляра Сырдона і інш. Эпас вылучаецца багаццем сюжэтаў, гумарам.
Публ.: Нарты: Адыгейский героич. эпос. М., 1974; Сказания о нартах: Осетин. эпос М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-ІЗРА́ІЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1948—49, Палесцінская вайна,
вайна паміж араб. краінамі (Іарданія, Егіпет, Ірак, Сірыя, Ліван) і Ізраілем у маі — студз. 1949. Звязана з вырашэннем палесцінскага пытання. Рэзалюцыя Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 прадугледжвала стварэнне на тэр. Палесціны араб. (11,1 тыс.км²) і яўр. (14 тыс.км²) дзяржаў. Вялікабрытанія 14.5.1948 адмовілася ад мандата на Палесціну, а Ізраіль абвясціў сваю незалежнасць. 15.5.1948 сем араб. краін (у т. л. Саудаўская Аравія і Йемен, хоць яны не ваявалі) абвясцілі Ізраілю вайну. У ходзе баявых дзеянняў араб. часці (30 тыс.чал.) заваявалі шэраг населеных пунктаў Ізраіля і наблізіліся да Іерусаліма і Тэль-Авіва. Па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН 11 чэрв. падпісана перамір’е. Ізраіль пасля закупак зброі і баявой тэхнікі за мяжой, прыбыцця новых імігрантаў павялічыў армію з 67 да 120 тыс.чал. 15.10.1948 ён аднавіў ваен. дзеянні і на працягу 2 месяцаў перанёс баі на тэр. Егіпта і Лівана. Пад націскам Вялікабрытаніі кароль Егіпта Фарук пагадзіўся на перамір’е. 7.1.1949 баявыя дзеянні спынены, у лют.—ліп. 1949 заключана перамір’е. У выніку вайны Ізраіль заняў дадаткова 6,7 тыс.км²араб. зямель і зах.ч. Іерусаліма. Гэтыя землі вымушаны былі пакінуць 900 тыс. арабаў. Зах. бераг р. Іардан і ўсх.ч. Іерусаліма засталіся пад уладай Іарданіі, а сектар Газа — Егіпта.