МЕКСІКА́НСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Займае акваторыю Мексіканскага заліва і прылеглыя да яе тэр. ЗША, Мексікі, Кубы, Гватэмалы і Беліза. Пл. каля 2,5 млн.км². Нафтагазаносныя адклады ад юры да антрапагену. Больш за 5 тыс. нафтавых і 4 тыс. газавых і газакандэнсатных радовішчаў. Пач.запасы нафты і кандэнсату 18,3 млрд.т, газу — 14,6 трлн. м³. Найб. радовішчы: Іст-Тэксас (нафтавае), Манро (газавае). Здабыча нафты вядзецца з канца 19 ст. ў ЗША і з пач. 20 ст. ў Мексіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАВЕ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў У Брэсцкім і Жабінкаўскім р-нах Брэсцкай вобл., каля вёсак Вычулкі, Ямна, Шэбрын, Ваўкі і Булькова. Пластавы паклад складзены з 5 участкаў, звязаны са стараж. і сучаснымі азёрна-алювіяльнымі адкладамі. Пяскі жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя дробназярністыя, з рэдкім жвірам, участкамі гліністыя. Разведаныя запасы 24,1 млн.м³, перспектыўныя 14 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—19,7 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,1—3 м. Пяскі прыдатныя ў дарожным буд-ве, на выраб буд. раствораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ДЗВІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Надзвін. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. 7,2 км² прымеркаваны да дэвонскіх адкладаў ( у іх разрэзе 2 саляносныя, падсалявыя і надсалявыя тоўшчы) на ПнУ Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных пластоў 2915—2939 м. Пароды-калектары — трэшчынна-порава-кавернавыя вапнякі і даламіты. Разведаныя запасы нафты 2,7 млн.т. Нафта маласярністая, смалістая, парафінавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАПАЛЬСКІ МАРГАНЦАВАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,
буйнейшы басейн марганцавых руд на Пд Украіны. Пл. больш за 5 тыс.км². Адкрыты ў 1883, распрацоўваецца з 1886. Марганцаносная алігацэнавая фармацыя з прамысл. пластамі руд (з сярэдняй магутнасцю каля 2 м) гарыз. залягання, цягнецца ўздоўж паўд. схілу Украінскага шчыта, даўж. 250 км, шыр. да 25 км. Руды: аксідныя (сярэдняя колькасць марганцу 27,8%), аксідна-карбанатныя (25%) і карбанатныя (22%). Агульныя запасы каля 2,5 млрд.т. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Нікапаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЯМЕ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.
У Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Падзяменне. Пластавы паклад звязаны з азёрна-алювіяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны буравата- і жаўтавата-шэрыя, шчыльныя, пластычныя, дысперсныя. Радовішча складзена з 3 асобных участкаў: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвага. Агульныя разведаныя запасы 15,2 млн.м³, перспектыўныя 0,26 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,5—15,4 м, ускрышы (пяскі, супескі, торф) 0,4—6,5 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, чарапіцы, керамзітавага жвіру і дрэнажных труб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЯКУ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
на Пд Рэспублікі Саха (Якуція), Расіі, у паўд.ч. Алданскага нагор’я, уздоўж Станавога хр. Вуглі выяўлены ў 1849, прамысл. асваенне з 1966. Пл. 25 тыс.км². Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 5,7 млрд.т. Вугляносная тоўшча юрскага ўзросту мае больш за 20 пластоў (да 3 рабочых). Вуглі каменныя, маркі Ж, КЖ, К, ОС, СС. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23—24.8 МДж/кг. Распрацоўваецца Нерунгрынскае радовішча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы г. Нерунгры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ДЗІНА,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Бабінавічы. Пластападобны паклад звязаны з надмарэннымі флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял і пясок шаравата-жоўтыя. Пясок розназярністы, з праслоямі дробназярністага, палевашпатава-кварцавы, месцамі гліністы. Разведаныя запасы 12,7 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—11,3 м, ускрышы (пяскі) 0,1—5,3 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для вытв-сці бетону, буд. работ і дарожнага буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́РА-ЛІВІ́ЙСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны на тэр. Алжыра, Лівіі, Туніса і Егіпта. Уключае Алжыра-Лівійскі і Сахара-Міжземнаморскі нафтагазаносныя басейны. Пл. каля 2,5 млн.км². Пач.запасы нафты 8,6 млрд.т, газу 4,8 трлн. м³. Адкрыта больш за 250 нафтавых і газанафтавых і 60 газавых радовішчаў. Нафтагазаносныя адклады ад кембрыю да палеагену. Гал. нафтавыя радовішчы: Серыр, Амаль, Джалу, Насэр, Самах, Інтысар (Лівія); Хасі-Месауд, Зарзаіцін (Алжыр). Гал. газавыя радовішчы: Хасі-Рмель, Гурд-Нус (Алжыр), Хатэйба (Лівія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬЦЫ,
нізіннае балота ў Ляхавіцкім, Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Шчара і яе прытока р. Мышанка. Пл. 6,2 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс.га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,4 м. Запасы торфу 10,9 млн.т (здабываецца на ўгнаенне). На балоце асушана адкрытай сеткай больш за 3 тыс.га. Асушаныя землі пад шматгадовымі травамі, збожжавымі і прапашнымі культурамі. На неасушаных землях пераважаюць бярозавыя лясы з вярбовым ярусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,
гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал.запасы — больш за 1 млрд.т, разведаныя запасы — больш за 150 млн.т. Якасць іх невысокая.