ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ АБВЯШЧЭННІ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны і паліт. акт аб аднаўленні Беларускай ССР (2-м абвяшчэнні) на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919. Прынята 31.7.1920 на сумесным пасяджэнні Мінскага губ.ВРК з шэрагам паліт. партый і прафс. арг-цый Мінскай губ. Дэкларацыю падпісалі В.Г.Кнорын, А.Р.Чарвякоў і І.Т.Смілга [ад КП(б)Літбел], А.М.Крыніцкі (Бампі; праф. арг-цыі Мінскай губ.), У.М.Ігнатоўскі (Бел.камуніст.арг-цыя), А.І.Вайнштэйн (Бунд). Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычным скасаваннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сувязі з міжнар. становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12.7.1920; наступленне Чырв. Арміі на Варшаву і інш.) дэкларацыя не акрэслівала граніц Беларусі, а толькі сфармулявала прынцыпы, на аснове якіх павінна быць вызначана яе тэрыторыя. Да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупац. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬВЕТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
унітарная рэспубліка, якая існавала на тэр. Швейцарыі ў 1798—1803. (Пад уздзеяннем Французскай рэвалюцыі 1789—99 у шэрагу кантонаў Швейцарыі пачаліся нар. хваляванні, якія дасягнулі асаблівага размаху ў 1798.) 5.4.1798 франц. войскі занялі г. Берн. Старая канфедэрацыя распалася, 12 крас. ў г. Аараў абвешчана «адзіная і непадзельная Гельветычная рэспубліка» з канстытуцыяй накшталт франц. 1795. У выніку Швейцарыя станавілася унітарнай дзяржавай: кантоны страцілі права мець свае ўрады, выдаваць законы і ператвараліся ў правінцыі. Заканад. ўлада перадавалася Вялікаму савету і Сенату, выканаўчая — Дырэкторыі. Усе грамадзяне ўраўнаваны ў паліт. правах. Адменены ўсе саслоўныя адрозненні, абвешчана свабода сумлення, друку, гандлю, рамяства. Разам з тым краіна трапляла ў поўную залежнасць ад Францыі. Уцягненне Гельветычнай рэспублікі ў вайну з 2-й антыфранц. кааліцыяй выклікала шырокія нар. хваляванні і абвастрыла барацьбу паміж «патрыётамі», якія падтрымлівалі унітарную рэспубліку, і рэспубліканцамі — прыхільнікамі федэралісцкага прынцыпу. 19.2.1803 Напалеон выдаў т.зв. «Акт аб медыяцыі», паводле якога Швейцарыя вярталася да старога кантоннага парадку і станавілася саюзам дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАПІ́ЧНАЯ ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ квантавая сіметрыя, звязаная з аднолькавымі паводзінамі пэўных груп элементарных часціц у моцным ці электраслабым узаемадзеяннях. Адрозніваюць моцную і слабую І.і., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць сіметрыю адносна паваротаў у 3-мернай прасторы.
Моцная І.і. абумоўлена існаваннем ізатапічных мультыплетаў — сем’яў адронаў з аднолькавымі квантавымі лікамі (барыённым зарадам, дзіўнасцю, спінам і інш.), блізкімі па значэнні масамі спакою, аднак рознымі эл. зарадамі. Моцнае ўзаемадзеянне застаецца аднолькавым у межах аднаго мультыплета і не залежыць ад эл. зараду часціцы. Колькасць часціц у мультыплеце N=2J+1, дзе J — ізатапічны спін. Напр., пратон і нейтрон утвараюць ізатапічны дублет (J=1/2), пі-мезоны (π+, π0, π−) — ізатапічны трыплет (J=1). Слабая І.і. звязана з тым, што лептоны, кваркі і некаторыя інш. часціцы таксама маюць ізатапічную мультыплетнасць, аднак масы спакою часціц у межах аднаго мультыплета могуць значна адрознівацца. Слабая І.і. дазволіла дакладна вызначыць законыэлектраслабага ўзаемадзеяння і выявіць прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца яго пераносчыкамі. Гл. таксама Інварыянтнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБО́Н ((Le Bon) Густаў) (7.5.1841, г. Нажан-ле-Ратру — 13.12.1931),
французскі сацыёлаг, антраполаг і публіцыст, адзін з заснавальнікаў сацыяльнай псіхалогіі. Д-р медыцыны. Скончыў Парыжскі ун-т (1886). Даследаваў псіхалагічныя дэтэрмінанты этн. канфліктаў і цыклічны характар развіцця цывілізацый, ролю псіхічных фактараў (эмоцый, пачуццяў, вераванняў і інш.) у гіст. працэсе («Псіхалагічныя законы эвалюцыі народаў», 1894; «Эвалюцыя сучаснага свету», 1927). Аўтар адной з першых тэорый масавага грамадства. Атаясамліваў масу з натоўпам, у якім індывіды трацяць пачуццё адказнасці і апынаюцца ва ўладзе ірацыянальных пачуццяў, паколькі імі кіруе закон «духоўнага адзінства натоўпу». Увёў класіфікацыю натоўпаў, падзяляючы іх на аднародныя (класы, секты, касты) і разнародныя (вулічны натоўп, парламенцкія сходы і інш.). Прадказваў наступленне «эры мас» і звязаны з гэтым упадак культуры і духоўнасці грамадства («Псіхалогія натоўпу», 1895). Выступаў супраць усіх форм сац. роўнасці і рэвалюцый, дасягненні цывілізацыі звязваў з вынікамі дзейнасці эліты, асабістымі інтэлектуальнымі здольнасцямі і прадукцыйнай творчай працай асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬБАХ ((Holbach) Поль Анры дэ) (снеж. 1723, Эдэсгайм, каля г. Ландаў-ін-дэр-Пфальц, Германія — 21.6.1789),
французскі філосаф і асветнік. Паводле паходжання ням. барон, б.ч. жыцця правёў у Францыі. Супрацоўнік «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Д’Аламбера. У гал.філас. творы «Сістэма прыроды, або Пра законы свету фізічнага і свету духоўнага» (т. 1—2, 1770) Гольбах сцвярджаў першаснасць і нестваральнасць матэрыяльнага свету, яго бясконцасць у часе і прасторы, і што існуе ён незалежна ад свядомасці чалавека. Атрыбутам матэрыі лічыў рух, які разглядаў як простае перамяшчэнне цел. Чалавек, паводле Гольбаха, — частка прыроды, цалкам падпарадкаваная яе законам. У палітыцы — прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, у шэрагу выпадкаў — асветнага абсалютызму. Вырашальную ролю ў гісторыі надаваў дзейнасці заканадаўцаў. Шлях да сац. вызвалення людзей бачыў у асвеце. Абараняў ідэі «натуральнага права» і «грамадскага дагавору». Разам з К.Гельвецыем адыграў пэўную ролю ў ідэйнай падрыхтоўцы утапічнага сацыялізму 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак кіравання гасп. дзейнасцю, рэгулююць гасп. адносіны, што складваюцца паміж рознымі арг-цыямі і іх падраздзяленнямі, і накіраваны на забеспячэнне рацыянальнага і эфектыўнага гаспадарання. Нормы гаспадарчага права змешчаны ў актах гасп. заканадаўства, якое вызначае прынцыпы, формы і метады гаспадарання, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання і органаў гасп. кіравання, сістэму гаспадарчых дагавораў і інш. абавязацельстваў, адказнасць у гасп. адносінах і інш.Асн. крыніцамі гаспадарчага права Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца яе Канстытуцыя, законы аб прадпрыемствах, кааперацыі, маёмасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, банкаўскай справе, аб эканам. неплацежаздольнасці і банкруцтве, аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзярж. уласнасці, аб абароне правоў спажыўцоў і інш. У гаспадарчае права сумесна з агульнымі нормамі і правіламі выкарыстоўваюцца і нормы канкрэтнага характару (нормы-заданні, рэкамендацыі, ведамасныя інструкцыі і інш.), якія выдаюцца ўрадам і органамі гасп. кіравання, рашэнні гасп. судоў па канкрэтных спрэчках суб’ектаў гаспадарання і інш. Забеспячэнне іх выканання дасягаецца пэўнымі санкцыямі, якія прымяняюць у выпадках парушэння нормаў, а таксама мерамі матэрыяльнага заахвочвання і ў арганізац. парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа); мова нарвежцаў. Пашырана ў Нарвегіі, ЗША. Канадзе. Афіц. мова Нарвегіі.
Мае зах. і ўсх. групы дыялектаў. Гісторыю Н.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-нарвежскі (з 9 ст.) і нованарвежскі (з 1525). З 1380 (пасля далучэння Нарвегіі да Даніі) пачала распаўсюджвацца дацкая пісьмовая мова, якая ў 16 ст. атрымала статус афіц. мовы. У выніку значнага ўплыву нарвежскага субстрату адбылося адасабленне дацка-нарвежскай літ. мовы, якая ў 19 ст. атрымала назву рыксмал. Другі варыянт літ. Н.м. — лансмал, створаны ў 19 ст. І.Осенам на аснове сінтэзу мясц. дыялектаў. У 1929 рыксмал і лансмал афіцыйна перайменаваны ў букмал і нюнорск. Найб. пашыраны букмал, блізкі па структуры да дацкай мовы. Асн. адрозненні букмала ад сучаснай дацкай мовы: муз. націск, частае выкарыстанне дыфтонгаў на месцы дацкіх манафтонгаў, глухія змычныя зычныя пасля галосных, сістэма трох родаў. Пісьменства на аснове лац. алфавіта. Найб.стараж. помнікі — рунічныя надпісы «эпохі вікінгаў» (гл.Руны і рунічныя алфавіты) і рукапісныя помнікі 2-й пал. 12 ст. (законы, легенды і інш.).
Літ.:
Якуб В.Л. Практический курс норвежского языка. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНАЕ ПРАМЕНЕПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ,
падваенне светлавых прамянёў пры праходжанні праз анізатропнае асяроддзе (напр., крышталь). Абумоўлена залежнасцю пераламлення паказчыка дадзенага асяроддзя ад напрамку эл. вектара светлавой хвалі (гл.Анізатрапія ў фізіцы, Крышталяоптыка).
Пры падзенні светлавой хвалі на анізатропнае асяроддзе ў ёй узнікаюць 2 хвалі з узаемна перпендыкулярнымі плоскасцямі палярызацыі (гл.Палярызацыя святла). У аднавосевых крышталях адна з хваль мае плоскасць палярызацыі, перпендыкулярную да плоскасці, якая праходзіць праз напрамак праменя святла і аптычную вось крышталя (звычайны прамень), плоскасць палярызацыі другой хвалі паралельная гэтай плоскасці (незвычайны прамень). Скорасць распаўсюджвання звычайнай хвалі і яе паказчык пераламлення не залежаць ад напрамку распаўсюджвання, а скорасць і паказчык пераламлення незвычайнай хвалі — залежаць, і для яе парушаюцца звычайныя законы пераламлення, напр., незвычайны прамень не можа ляжаць у плоскасці падзення. П.п. назіраецца таксама ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, напр., пры накладанні эл. поля (Кера эфект), магн. поля (Катона—Мутона эфект) або поля пругкіх сіл (гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў, Фотапругкасць).
Падвойнае праменепераламленне ў аднавосевым крышталі: 1 — падаючы прамень, 2 — крышталь, 3 — звычайны прамень, 4 — незвычайны прамень, α — вугал падвойнага праменепераламлення, OZ — аптычная вось крышталю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак міжнар. разлікаў і інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах яе юрыд. і фіз. асоб з прадстаўнікамі інш. краін. Нормы валютнага заканадаўства вызначаюць агульныя прынцыпы валютных аперацый, паўнамоцтвы і функцыі дзярж. органаў у валютным рэгуляванні і кіраванні валютнымі рэсурсамі, правы і абавязкі суб’ектаў, што валодаюць валютнымі каштоўнасцямі і карыстаюцца імі, меры адказнасці і санкцыі за парушэнні правіл аб здзелках і аперацыях з валютай.
Да 1986 валютнае заканадаўства было абумоўлена валютнай манаполіяй дзяржавы, і ўсе аперацыі (здзелкі) з валютнымі каштоўнасцямі на тэр.СССР ажыццяўляліся толькі спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое дзярж. органамі і арг-цыямі. Пасля 1986 прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на расшырэнне правоў юрыд. і фіз. асоб у сферы валютных адносін Рэспублікі Беларусь, у т. л.законы «Аб асновах знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 25.10.1990, «Аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», уведзены ў дзеянне з 1.1.1992, «Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 20.3.1992, указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні парадку рэгулявання экспартна-імпартных і валютных аперацый і павышэнні адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці» ад 8.2.1995, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІНЫ,
1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).
Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).
Літ.:
Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;
Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;
Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.