ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,

паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д. Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 12, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр. бел. вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.​Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.​Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́ТНЫ СТАН,

агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.

Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн. т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.

В.​І.​Шагун.

Да арт. Пракатны стан. Схема рабочай лініі блюмінга 1300: 1 — станіна; 2 — націскное прыстасаванне; 3 — загатоўка; 4 — валкі; 5 — універсальныя шпіндэлі; 6 — прыстасаванні для ўраўнаважання шпіндэляў; 7 — электрычныя рухавікі.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІРГА́ЙЛА (у праваслаўі Іван; каля 1354—23.12.1394?),

князь полацкі, трокскі і кіеўскі ў ВКЛ. Сын Альгерда, брат Ягайлы. Пасля выгнання ў 1377 з Полацка кн. Андрэя Альгердавіча вял. кн. Ягайла пасадзіў там княжыць С. Палачане, незадаволеныя язычніцтвам С., у 1381 выгналі яго з княжання. На чале войска Ягайлы і пры дапамозе Інфлянцкага ордэна аблажыў на некалькі месяцаў Полацк, але горада не ўзяў. У гэты час прыняў праваслаўе. Калі ў канцы 1381 велікакняжацкі трон у Вільні захапіў Кейстут, войска, падначаленае С., прызнала ўладу новага вял. князя, а С. ўцёк у Інфлянты. Летам 1382 С. далучыўся да войска Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Атрымаў ад Ягайлы Трокскае княства. З гэтага часу С. стаў другой уплывовай асобай у ВКЛ. Удзельнічаў у заключэнні Крэўскай уніі 1385 паміж ВКЛ і Польшчай, але застаўся праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве 1386 на чале войска ВКЛ перамог смаленскага кн. Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў ВКЛ Смаленскае княства. Вясной 1387 узяў Полацк, дзе захапіў у палон Андрэя Альгердавіча. У 1387 Ягайла пацвердзіў права С. на валоданне Трокскім і Полацкім княствамі, даў яму Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск. У выніку Востраўскага пагаднення 1392 Ягайла фактычна прызнаў Вітаўта сваім намеснікам у ВКЛ і перадаў яму Трокскае княства, узамен Вітаўт абяцаў С. дапамагчы захапіць Кіеў. Вясной 1393 Вітаўт захапіў у кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча Жытомір і Оўруч і аддаў іх С., восенню 1393 перадаў С. Кіеў. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,

хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.

Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.

Ф.​М.​Гайдук, Г.​А.​Маслыка.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА «МІНСК»,

серыя універсальных лічбавых вылічальных машын агульнага прызначэння. Укаранёна ў вытв-сць Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе. Выкарыстоўваецца ў вылічальных цэнтрах, вылічальных сістэмах і аўтаматызаваных сістэмах рознага прызначэння.

Выпуск лямпавых машын 1-га пакалення серыі «Мінск-1» распачаты ў 1960 (папярэдняя мадэль — лямпавая выліч. машына М-3М створана ў 1959). Мадыфікацыі вылічальных машын «Мінск-11», «Мінск-12», «Мінск-14» мелі запамінальны блок большай ёмістасці, дадатковыя прылады ўводу-вываду інфармацыі. Выкарыстоўваліся пераважна для рашэння інжынерна-канструктарскіх і навук.-тэхн. задач матэм. і логікавага характару. У 1964 асвоены выпуск вылічальнай машыны «Мінск-2» 2-га пакалення (на дыскрэтных паўправадніковых элементах) з павышанай надзейнасцю, адначасовай работай вылічальніка і выхадных прыстасаванняў; мелі агрэгатную канструкцыю, магчымасць мяняць склад прылад і прыстасаванняў. У мадыфікацый вылічальных машын «Мінск-2», «Мінск-22М» прадугледжваўся ўвод-вывад інфармацыі з перфакартаў, перфастужак, магн. стужак, тэлетайпа і інш. Інфармацыйная вылічальная машына «Мінск-23» (выпуск 1965) максімальна прыстасавана для апрацоўкі розных відаў эканам. інфармацыі. У 1969 асвоены выпуск шматпраграмнай вылічальнай машыны «Мінск-32» (аднапрацэсарная выліч. сістэма), якая мела праграмную сумяшчальнасць з вылічальнай машынай «Мінск-22», ахову адной праграмы ў аператыўнай памяці ад другой, магчымасць далучэння вонкавых прыстасаванняў (у т. л. ЭВМ з утварэннем аднароднай выліч. сістэмы) і інш. У 1970-я г. пачаўся выпуск машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕС ЭВМ. У 1990-я г. распрацавана і ўкаранёна ў вытв-сць сям’я машын новага пакалення «Мінск-9000». За стварэнне сям’і вылічальных машын «Мінск» групе спецыялістаў з-да, НДІ ЭВМ і Выліч. цэнтра АН Беларусі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1970.

М.​П.​Савік.

Вылічальная машына «Мінск-9000» (ЕС-1230): 1 — перыферыйныя тэрміналы; 2 — стойка цэнтральнага працэсара; 3 — цэнтральны тэрмінал.

т. 4, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ ў Заходняй Беларусі,

адна з найб. распаўсюджаных форм судова-паліцэйскіх распраў польскіх улад з удзельнікамі рэв.-вызв. руху ў 1920—30-я г. Адзін з першых П.п. адбыўся ў ліп. 1923 у Вільні. На ім у антыдзярж. дзейнасці быў абвінавачаны актыў выбарчай арг-цыі кампартыі ў сейм — «Саюза пралетарыяту горада і вёскі». Найб. водгук грамадскасці атрымалі працэс 45-і (май 1923), працэс 35-і (крас. 1929) і працэс 133-х (крас.—май 1928) у Беластоку, працэс 72-х (крас. 1925) і працэс 75-і (чэрв. 1928) у Гродне, працэс 56-і (лют.—май 1928) і працэс 10-і (студз. 1931) у Вільні. У ходзе П.п. судовыя ўлады імкнуліся абвінаваціць падсудных у антыдзярж., тэрарыст. дзейнасці, даказаць іх прыналежнасць да нелегальнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая кваліфікавалася як змоўніцкая, тэрарыст. арг-цыя. Таму большасць арыштаваных праходзілі па артыкуле 102, ч. II Крымінальнага кодэкса гал. чынам на аснове паказанняў канфідэнтаў паліцыі. На найб. важных П.п. палітзняволеных абаранялі вядомыя адвакаты Т.​Урублеўскі, Т.Ч.Дурач, К.А.Петрусевіч, Е.​Смяроўскі, В.​Шуманскі і інш. У выніку ў 1926 апраўдана больш за 76% падсудных, у 1927—34%, у 1928 — каля 25%. З узмацненнем аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы ў 2-й пал. 1930-х г. П.п. сталі амаль пастаяннай з’явай паліт. рэчаіснасці Зах. Беларусі. На лаве падсудных усё часцей з’яўляліся ўдзельнікі нац.-вызв. руху, у т. л. польскай нацыянальнасці. Напр., працэсы 11-і (студз. 1936, Вільня), 16-і (сак. 1936) неафіцыйна названы працэсамі «другой грамады». Паводле справаздачы грамадска-паліт. ўпраўлення Палескага ваяв., у 1936 адбыўся 21 працэс, на якіх абвінавачваліся 349 чал., з іх 306 былі асуджаны на тэрмін ад 1 да 10 гадоў зняволення.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЯ́ ((Zola) Эміль) (2.4.1840, Парыж — 29.9.1902),

французскі пісьменнік. Раннія творы (зб. навел «Казкі Нінон», 1864; раманы «Споведзь Клода», 1865, «Марсельскія таямніцы», 1867) напісаны пад уплывам рамантызму. Кнігамі літ. і маст. крытыкі «Што я ненавіджу» і «Мой салон» (абедзве 1866), «Эдуар Манэ» (1867) выступіў у абарону новай плыні мастацтва, у прыватнасці імпрэсіянізму. Прыродазнаўчыя адкрыцці (тэорыя эвалюцыі Ч.​Дарвіна), філасофія і эстэтыка пазітывізму (І.​Тэн) падвялі З. да распрацоўкі канцэпцыі натуралізму, асн. палажэнні якога ён выклаў у прадмове да рамана «Тэрэза Ракэн» (1867), у працах «Эксперыментальны раман» (1880) і «Раманісты-натуралісты» (1881). У 1860-я г. З. распачаў серыю з 20 раманаў «Ругон-Макары. Звычайная і сац. гісторыя адной сям’і ў эпоху Другой імперыі» (1868—93), у якой даў маштабную панараму франц. грамадства 2-й пал. 19 ст. Тут па-майстэрску выпісаны вобразы прадстаўнікоў розных класаў, саслоўяў, прафесій і іх асяроддзе: гандлёвая і фінансавая буржуазія («Чэрава Парыжа», 1873, «Дамскае шчасце», 1883, «Грошы», 1891), рамеснікаў і шахцёраў («Пастка», 1877, «Жэрміналь», 1885), сялян («Зямля», 1887), царкоўнікаў і палітыкаў («Праступак абата Мурэ», 1875, «Яго правасхадзіцельства Эжэн Ругон», 1876), мастакоў і ваенных («Творчасць», 1886, «Разіром», 1892) і інш. Роздумы пісьменніка над сац. канфліктамі эпохі, шляхамі перабудовы грамадства, захапленне ідэямі утапічнага сацыялізму знайшлі адлюстраванне ў цыкле «Тры гарады» («Лурд», 1894, «Рым», 1896, «Парыж», 1898) і тэтралогіі «Чатыры Евангеллі» (1898—1902, незавершана). За пісьмо «Я абвінавачваю» ў абарону А.​Дрэйфуса (гл. Дрэйфуса справа) прыгавораны да турэмнага зняволення, з-за чаго вымушаны быў эмігрыраваць у 1898 (вярнуўся праз год). Творчасць З., які з’яднаў «бязлітаснасць рэалізму з мужнасцю палітычнага дзеяння» (Л.​Арагон), зрабіла значны ўплыў на еўрап. і амер. раманістыку 20 ст. У бел. пер. выйшлі «Апавяданні» (1937), раманы З. «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—26. М., 1960—67.

Літ.:

Владимирова М.М. Романный цикл Э.​Золя «Ругон—Маккары»: Худ. и идейно-филос. единство. Саратов, 1984.

Т.​У.​Кавалёва.

Э.Заля.

т. 6, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ ў навуцы і тэхніцы,

1) даследаванне складаных фіз. працэсаў, з’яў, аб’ектаў шляхам пабудовы і вывучэння іх мадэлей. Грунтуецца на падобнасці тэорыі і размернасцей аналізе.

Мадэль аб’екта, геаметрычна падобная да арыгінала, мае паменшаны або павялічаны памер, а мадэль працэсу (з’явы) можа адрознівацца ад рэальнага працэсу колькаснымі фіз. характарыстыкамі (магутнасцю, энергіяй, ціскам, шчыльнасцю асяроддзя, амплітудай ваганняў, сілай узаемадзеяння, скорасцю і інш.). Падобнымі наз. з’явы, у якіх усе працэсы (поўная падобнасць) ці найб. важныя пры пэўным даследаванні (лакальная падобнасць) адрозніваюцца ад параметраў другой з’явы ў пэўную колькасць разоў. Найб. пашырана М. гідрааэрамех з’яў, мех. уласцівасцей канструкцый і збудаванняў, цеплавых і аэрадынамічных працэсаў, натурных умоў функцыянавання складаных тэхн. сістэм. М. шырока карыстаюцца ў буд. справе, гідраўліцы і гідратэхніцы, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, у судна-, прылада- і машынабудаванні, нафта- і газаздабычы, цепла- і электратэхніцы (напр., М. электраэнергет. сістэм), навук. даследаваннях (фіз. эксперыментах) і інш. З паяўленнем ЭВМ пашырылася т.зв. аналагавае М. з выкарыстаннем спецыяльна сканструяваных для гэтага аналагавых вылічальных машын, якія мадэліруюць суадносіны паміж бесперапынна зменнымі велічынямі (машыннымі пераменнымі) — аналагамі адпаведных зыходных пераменных. Вядучае месца сярод інш. метадаў даследаванняў належыць матэматычнаму мадэліраванню з дапамогай лічбавых электронных вылічальных машын, пры якім даследаванне рэальных з’яў зводзіцца да рашэння адпаведных матэм. задач. Увядзенне ў практыку ЭВМ і машыннае, або кібернетычнае, М. (жывых сістэм, інж сетак, працэсаў распазнавання, сістэмы «чалавек—машына» і інш.) дазваляе вывучаць складаныя сістэмы і з’явы без пабудовы іх фіз. мадэлей.

2) Выраб мадэлей новых прамысл. вырабаў, якія плануецца выпускаць, для адпрацоўкі іх аптымальнай канструкцыі і формы; адзін з асн. метадаў мастацкага канструявання.

3) Выраб мадэлей самалётаў, суднаў і інш. у спартыўных (гл. Мадэлізм спартыўны), доследных і навуч. мэтах (дэманстрацыйнае М.).

Літ.:

Чавчанидзе В.В., Гельман О.Я. Моделирование в науке и технике. М., 1966;

Полисар Г.Л. Моделирование. М., 1963;

Новик И.Б. О моделировании сложных систем. М., 1965;

Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1947.

Падпісаны 10 лют. ў Парыжы паміж дзяржавамі-пераможцамі ў другой сусветнай вайне 1939—45 і б. саюзнікамі Германіі ў Еўропе (Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй). Набылі сілу 15.9.1947. Падрыхтаваны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 у ходзе працы Савета міністраў замежных спраў (засн. на Патсдамскай канферэнцыі) і Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946. Дагаворы з б. саюзнікамі Германіі падпісвалі тыя краіны, што былі з імі ў стане вайны (з Італіяй — 20 дзяржаў, што абвясцілі ёй вайну, з Фінляндыяй — 10, з Румыніяй, Балгарыяй і Венгрыяй — адпаведна 11, 12 і 12); ад імя ўрада БССР усе 5 дагавораў падпісаў міністр замежных спраў К.В.Кісялёў. Пастановы мірных дагавораў ліквідавалі тэр. набыткі б. саюзнікаў Германіі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі, акупіраваныя ёй Дадэканескія а-вы вярталіся Грэцыі, Юлійская Крайна (акрамя Трыеста) перадавалася Югаславіі, а Трыест з прылеглай да яго невял. вобласцю быў абвешчаны «свабоднай тэр.» (у 1954 паводле італа-югасл. пагаднення зах. частка «свабоднай тэр.» разам з г. Трыест адышла да Італіі, а Усх. — да Югаславіі). Італія пазбаўлялася сваіх афр. калоній — Лівіі, Эрытрэі і Італьян. Самалі. Былі скасаваны Венскія арбітражы 1938 і 1940. Венгрыя вяртала ч. Трансільваніі, Румыніі, а Фінляндыя вобласць Петсама (Печанга) — Сав. Саюзу. На перададзенай Сав. Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэр. Поркала-Уд на паўн. узбярэжжы Фінскага заліва (недалёка ад Хельсінкі) стваралася сав. ваенна-марская база (у 1955 сав. ўрад датэрмінова адмовіўся ад арэнды Поркала-Уд). Паліт. пастановы абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю, Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асн. дэмакр. правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фаш. арг-цый, прадугледжвалі прыцягненне да суда ваен. злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэт абароны абмежаваную колькасць узбр. сіл, але забаранялася вырабляць атамную і інш. зброю масавага знішчэння. Эканам. раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату адпаведнымі краінамі рэпарацый ахвярам экспансіі: Сав. Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Эфіопіі. П.м.д. спрыялі ўрэгуляванню адносін паміж дзяржавамі пасля 2-й сусв. вайны.

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)