кірунак у гістарычнай навуцы, у аснове якога ляжаць фармалізацыя і камп’ютэрная апрацоўка гіст. крыніц, распрацоўка і выкананне новых інфарм. тэхналогій гіст. даследавання, стварэнне камп’ютэрных праграм навучання па гісторыі. З’яўленне гістарычнай інфарматыкі ў 2-й пал. 20 ст. звязана з інтэнсіфікацыяй і ўзаемапранікненнем навук. дысцыплін, у выніку чаго ў іх сумежных галінах узнікаюць новыя навук. кірункі. Найважнейшае ў гэтым працэсе — выкарыстанне колькасных ці матэм. метадаў (шматмернага статыстычнага аналізу, кантэнт-аналізу, мадэліравання і інш.) у розных галінах навук. ведаў, у т. л. ў гісторыі. У сав. квантытатыўнай гісторыі (кліяметрыі) быў выпрацаваны збалансаваны падыход да гэтых метадаў — іх выкарыстанне ў спалучэнні з традыц. метадамі. Патрэбы гіст. крыніцазнаўства і развіццё кліяметрыі абумовілі істотнае пранікненне камп’ютэрных тэхналогій у гіст. навуку. З аднаго боку, з’явілася неабходнасць у т.зв. «камп’ютэрным крыніцазнаўстве» і падрыхтоўцы спецыялістаў-гісторыкаў, здольных працаваць у гэтай галіне без пасрэднікаў, а з другога боку, у кліяметрыі акрэсліліся новыя тэндэнцыі, якія вызначылі яе выхад за ўласныя рамкі (камп’ютэрная апрацоўка ўсёй гіст. інфармацыі, закладзенай у пісьмовых і вобразных крыніцах). У выніку на стыку «камп’ютэрнага крыніцазнаўства», інфарматыкі і квантытатыўнай гісторыі ўзнікла новая міждысцыплінарная галіна, якая ў Асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр» краін СНД атрымала назву «гістарычная інфарматыка» (з 1990 выдаецца інфарм. бюлетэнь). Гістарычная інфарматыка мае свой тэарэт. кампанент, уласны апарат паняццяў, базу крыніц і мадэль структуры таго прафесійнага калектыву, які бачыць у гістарычнай інфарматыцы асн. сферу сваёй дзейнасці. Практычныя задачы гістарычнай інфарматыкі: распрацоўка агульных падыходаў да выкарыстання інфарм. тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў гіст. даследаваннях і гіст. адукацыі, у т. л.гіст. баз і банкаў даных (ведаў), камп’ютэрных тэхналогій падачы і аналізу інфармацыі гіст. крыніц рознага характару, інфарм. сетак, мультымедыя праграм і інш. інструментальных сродкаў вывучэння і навучання гісторыі.
Літ.:
Методология истории: Учебное пособие для студентов вузов. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГІЯ (Lorraine),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс.км². Нас. каля 3,4 млн.чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўства Л.; з 925 герцагства ў складзе Герм. каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЯ БРЫГА́ДА, Слуцкая брыгада стральцоў,
вайсковае пяхотнае злучэнне. якое створана ў ходзе Слуцкага паўстання 1920 і падпарадкоўвалася ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізавана ў ліст. 1920 паводле пастановы 1-га бел. з’езда Случчыны (14—15.11.1920). Фарміравалася ў г. Слуцк і мяст. Семежава з бел. міліцыі Слуцка і Слуцкага пав. (створана ў пач. 1920), сялян-добраахвотнікаў і жыхароў Слуцка. У канцы ліст. 1920 брыгада налічвала 4 тыс. жаўнераў, разам з рэзервам — да 10 тыс.чал. Узбраенне С.б. ў снеж. 1920—2 тыс. вінтовак і 10 кулямётаў. Камандзірам брыгады Беларуская рада Случчыны (БРС) прызначыла капітана А.Анцыповіча. Асн. частку афіцэрскага саставу складалі бел. афіцэры — удзельнікі 1-й сусв. вайны Былі арганізаваны штаб брыгады, аддзелы разведкі і контрразведкі, палявы шпіталь, вайсковы суд. Дзейнічала вайсковая школа для падрыхтоўкі камандзіраў. Брыгада складалася з 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага палкоў са сваімі штабамі. Асобна меліся конны атрад, палкавыя абозы і зброевая майстэрня. У пач. паўстання палкі С.б. займалі фронт даўжынёй больш за 100 км на адлегласці 35—40 км на З ад Слуцка, на мяжы нейтральнай зоны. Баявыя дзеянні брыгада пачала 27 ліст. нападамі на размяшчэнне адзінак 8-й стралк. дывізіі Чырв. Арміі, а потым на інш.сав. часці. Падраздзяленні 16-й арміі, уведзеныя на тэр. нейтральнай зоны (са згоды польскага боку), 4—7.12.1920 пацяснілі часці С.б. Калі 3.12.1920 камандаванне брыгады было даручана штабс-капітану А.Сокал-Куцілоўскаму, брыгада актывізавала сваю дзейнасць і з баямі прасоўвалася на У да мястэчак Семежава і Вызна, якія неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. Баі вяліся да 28.12.1920, пасля чаго БРС прыняла рашэнне пра адступленне С.б. на тэрыторыю, падкантрольную польскім войскам. Брыгада перайшла за р. Лань, дзе яе жаўнеры і афіцэры былі раззброены і інтэрніраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЫ́ПІН Пётр Аркадзевіч (14.4.1862, г. Дрэздэн, Германія — 18.9.1911),
расійскі дзярж. дзеяч. Буйны памешчык. Скончыў Пецярб.ун-т (1884), служыў у мін-вах унутр. спраў і дзярж. маёмасцей. З 1899 пав., потым губ. маршалак ковенскага дваранства, у чэрв. 1902 — сак. 1903 гродзенскі губернатар. Па яго ініцыятыве ў Гродне адчынены рамеснае, жаночае прыходскае, яўр. двухкласнае вучылішчы, рабіў захады па паляпшэнні ўмоў для развіцця сельскай гаспадаркі губерні. З сак. 1903 да крас. 1906 губернатар Саратаўскай губ., дзе задушыў сял. рух. З крас. 1906 міністр унутр. спраў, адначасова з ліп. і старшыня Савета Міністраў. Прыхільнік і актыўны праваднік рэпрэсій (ваен.-палявыя суды, прымяненне смяротнай кары і інш.) у барацьбе з рэвалюцыяй паводле прынцыпу: «спачатку заспакаенне, а потым рэформы». Урад С. 16.6.1907 распусціў 2-ю Дзярж. думу і выдаў дыскрымінацыйны у адносінах да прац. мас новы выбарчы закон, у выніку чаго ўсталявалася «трэцячэрвеньская манархія». С. спрыяў выданню закона ад 18.10.1906 аб ануляванні некат. абмежаванняў сял. правоў (канчаткова адменены падушны падатак і кругавая парука, ліквідаваны некат. абмежаванні ў перамяшчэнні сялян і г.д.). Правёў агр. рэформу (гл.Сталыпінская аграрная рэформа), накіраваную на фарміраванне значнага слоя заможнага сялянства і сял. буржуазіі, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Але глыбокія сац.-эканам. супярэчнасці ў краіне, абвостраныя самой агр. рэформай, абумовілі няўдачу палітыкі С. 14.9.1911 смяротна паранены агентам ахранкі эсэрам Дз.Р.Багровым.
Літ.:
Столыпин: Жизнь и смерть: Сб. публицистики. Саратов, 1991;
Рыбас С.Ю., Тараканова Л.В. Реформатор: Жизнь и смерть Петра Столыпина. М., 1991;
Бок М.П. П.А. Столыпин: Воспоминания о моем отце. М., 1992;
Зырянов П.Н. Петр Столыпин: Полит. портрет. М., 1992;
Хотулев В.В. Петр Столыпин. М.;
Смоленск, 1998;
Федоров Б.Г. Петр Столыпин: «Я верю в Россию». Биография П.А. Столыпина. Т. 1—2. СПб., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДО́СІК Анатоль Сямёнавіч (н. 7.2.1926, в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст. Засл. дз. нав. Беларусі. (1990). Д-рфілал.н. (1974), праф. (1981). Скончыў БДУ (1953). З 1946 настаўнічаў. З 1961 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі (з 1962 вучоны сакратар, з 1967 заг. сектара, адначасова з 1969 нам. дырэктара). Даследуе фалькл.сатыр. жанры, сямейна-абрадавую паэзію, нар. творчасць перыяду Вял.Айч. вайны, гісторыю фалькларыстыкі, узаемасувязі слав. фальклору, літ.-фалькл. сувязі. Адзін з аўтараў кніг «А.К.Сержпутоўскі» (1966, з В.К.Бандарчыкам), «Народная спадчына» (1984, з Г.А.Пятроўскай), «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным» (1988, з З.Я.Мажэйка), «Чаго на свеце не бывае» (1990, з Пятроўскай), «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце» (1998), «Сямейна-абрадавая паэзія: Народны тэатр» (2001), «Народная проза» (2002, з К.П.Кабашнікавым, А.В.Цітаўцом). Сааўтар вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў дляВНУ. Складальнік тамоў «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» (1984) з серыі «Беларуская народная творчасць» (гал. рэдактар зводу; Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Чл. камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў.
Тв.:
Антырэлігійныя матывы ў беларускім фальклоры. Мн., 1963;
Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;
Трапным народным словам. Мн., 1971;
Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978;
Народная паэзія барацьбы. Мн., 1981;
Фальклор і «масавая культура». Мн., 1986;
Беларуская савецкая фалькларыстыка. Мн., 1987;
Беларуская вусна-паэтычная творчасць. 2 выд.Мн., 1988 (у сааўт.);
Партизанская быль не забыта. Мн., 1990;
Ілюзорнасць і сапраўднасць: «Белыя плямы» ў гісторыі фалькларыстыкі 20—30-х гг.Мн., 1991;
Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995;
Беларуская сямейна-абрадавая паэзія. Мн., 1997; Анталогія беларускага народнага анекдота і жарта. Мн., 2001; Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСЦЬ,
увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сцьасн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.
У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЭСТО́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Мірны дагавор 1920 (Тартускі дагавор), падпісаны 2 лют. ў г. Тарту (Эстонія) паміж РСФСР і Эст. Рэспублікай, спыніў удзел Эстоніі на баку Антанты ў вайне супраць Сав. Расіі (дагавор аб прыпыненні ваен. дзеянняў падпісаны ў Тарту 31.12.1919). Складаўся з 20 артыкулаў і шэрагу дадаткаў. Забяспечыў прызнанне Сав. Расіяй незалежнасці і самастойнасці эст. дзяржавы, вызваленне Эстоніі ад адказнасці па даўгавых і інш. абавязацельствах Расіі, перадачу Эстоніі ўсёй рас. маёмасці на яе тэр. (у т. л. суднаў, акцый фірмаў) і 15 млн.руб. з залатога запасу Расіі, што гарантавала пакрыццё золатам папяровых эст. грошай. Да Эст. Рэспублікі адышлі землі, прылеглыя да ўсх. берага р. Нарва, і раён Пячоры (Петсеры) з крэпасцю Ізборск (гл. карту). Дагаворам устанаўліваліся дыпламат. і консульскія адносіны. Ён дзейнічаў да ўваходжання Эстоніі ў склад СССР (лета 1940), у 1990—91 стаў адной з юрыд. падстаў для аднаўлення эст. дзяржаўнасці. Сучасная мяжа паміж Рас. Федэрацыяй і Эстоніяй устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 23.8.1944 і пастановамі Вярх. Саветаў РСФСР і Эст. ССР, прынятымі ў 1957. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 4 мая ў Маскве паміж СССР і Эстоніяй тэрмінам на 3 гады. Бакі абавязваліся ўстрымлівацца ад нападаў і дзеянняў, накіраваных супраць тэр. цэласнасці і паліт. незалежнасці, ад удзелу ў пагадненнях і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор працягнуты да 31.12.1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 28 вер. ў Маскве паміж СССР і Эст. Рэспублікай па ініцыятыве сав. боку ва ўмовах пачатку 2-й сусв. вайны. Бакі абавязваліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць другога боку, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадку ваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Эстонія дазволіла СССР мець на а-вах Саарэмаа (Эзель), Хіума (Дага) і ў г. Пальдыскі ваен.-марскія базы і аэрадромы на правах арэнды і сав.вайск. часці для іх аховы. У чэрв. 1940 на падставе гэтага пакта Сав. Саюз увёў свае войскі ў Эстонію, у выніку чаго там адбылася змена дзярж. улады і ладу, а рэспубліка была ўключана ў склад СССР (жн. 1940).
Літ.:
Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией. Литвой и Эстонией, авг. 1939 г.—авг. 1940 г.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, длячаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.
П. ўзнікла каля 4—3 тыс.г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.
У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-г. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ.
крыягенныя тэмпературы, тэмпературы ніжэй за 120 К. Т-ры. меншыя за 0,3 К, адносяць да звышнізкіх. Пры Н.т., асабліва блізкіх да абсалютнага нуля, цеплавы рух атамаў рэчыва памяншаецца і пачынаюць праяўляцца яго квантавыя ўласцівасці (напр., звышправоднасць, звышцякучасць). Пры Н.т. стан цвёрдага рэчыва разглядаецца як упарадкаваны, што дазваляе апісваць яго ўласцівасці з дапамогай квазічасціц. Кандэнсаваны (вадкі або цвёрды) стан рэчыва пры Н.т. вывучае фізіка нізкіх тэмператур. Эфекты, што праяўляюцца пры Н.т., выкарыстоўваюць у касм. матэрыялазнаўстве, крыябіялогіі, крыяэлектроніцы і інш.
Атрыманне Н.т. заснавана на звадкаванні газаў у спец. устаноўках — звадкавальніках, дзе моцна сціснуты газ пры расшырэнні да звычайнага ціску ахаладжаецца і кандэнсуецца (паводле Джоўля—Тамсана эфекту). Як холадаагенты выкарыстоўваюць паветра, азот, неон, вадарод, гелій (т-ра кіпення TH = 4,2 К). Для падтрымання Н.т. TH холадаагента павінна быць пастаяннай пад атм. ціскам, длячаго выкарыстоўваюць спец. тэрмастаты. Адпампоўваннем газу, што выпараецца, з герметызаванай пасудзіны памяншаюць ціск над вадкасцю і гэтым зніжаюць т-ру яе кіпення. Так дасягаюцца Н.т.: ад 77 да 63 К пры дапамозе вадкага азоту, ад 27 да 24 К — вадкага неону, ад 20 да 14 К — вадкага вадароду, ад 4,2 да 1 К — вадкага гелію. Пры больш нізкіх т-рах вадкія газы цвярдзеюць і страчваюць ахаладжальныя якасці (за выключэннем ізатопа гелію 4He, які застаецца вадкім амаль да абс. нуля). Метадам адыябатычнага размарожвання парамагнітных солей дасягаюць т-ры 10−3К, гэтым жа метадам з выкарыстаннем ядзернага парамагнітнага рэзанансу ў сістэме атамных ядраў дасягнута т-ра 10−6 К. Т-ры парадку 10−3К атрымліваюць таксама больш зручным метадам — растварэннем вадкага 3He у вадкім 4He. Вымярэнне Н.т. да 1 К ажыццяўляюць газавым тэрмометрам. У дыяпазоне 0,3—5,2 К нізкатэмпературная тэрмаметрыязасн. на залежнасці ціску насычаных пароў гелію ад т-ры. У практычнай тэрмаметрыі выкарыстоўваюць пераважна тэрмометры супраціўлення.
На Беларусі даследаванні з выкарыстаннем Н.т. вядуцца з 1964 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1980-х г. — у Цэнтры крыягенных даследаванняў пры гэтым ін-це (В.І.Гасцішчаў, С.Я.Дзям’янаў і інш.), а таксама ў інш. ін-тах Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Лоунасмаа О.В. Принципы и методы получения температур ниже 1 К: Пер. с англ.М., 1977;
Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр.М., 1989;
Вепшек Я. Измерение низких температур электрическими методами: Пер. с чеш. М. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г.Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.