пасудзіны з падвойнымі сценкамі, паміж якімі ствараецца высокі вакуум (з ціскам да 1,3 мПа). Служаць для цеплаізаляцыі рэчываў, што змяшчаюцца ў іх пры нізкай або высокай т-ры.
Невял. пасудзіны робяць з высокатрывалага шкла, значнага аб’ёму дляпрамысл. выкарыстання — з металу. З-за высокага вакууму паміж сценкамі практычна адсутнічае канвекцыйны цеплаабмен. Прамянёвы цеплаабмен памяншаюць паліраваннем і пакрыццём унутр. сценак тонкім слоем серабра, выкарыстаннем матэрыялаў з малым каэф. цеплаправоднасці. Пасудзіны для вадкага гелію і вадароду маюць экран, які ахаладжаецца вадкім азотам або паветрам. Дз.п. выкарыстоўваюць для захоўвання і перавозкі звадкаваных газаў, захоўвання рэчываў (тэрмасы), у крыягеннай тэхніцы (крыястаты), у электроніцы і навук. даследаваннях.
Дзьюара пасудзіны: а — шкляная лабараторная; б — металічная прамысловая для вадкага гелію або вадароду (1 — адсарбцыйная камера, 2 — вакуумная шматслойная ізаляцыя, 3 — вадкі азот для ахаладжэння, 4 — экран, 5 — вакуумная прастора).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),
1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ІНСТРУМЕ́НТЫ,
прыстасаванні для вымярэння даўжынь ліній, вуглоў, перавышэнняў, азімутаў пры нівеліраванні, тапагр. здымцы, маркшэйдэрскіх работах, вышуканнях, будаўніцтве, мантажы і эксплуатацыі розных інж. збудаванняў. Паводле прынцыпу работы і будовы адрозніваюць мех., оптыка-мех., электрааптычныя і радыёэлектронныя геад. прылады. Стальныя або інварныя мерныя стужкі выкарыстоўваюць для вымярэння даўжынь ліній, базісныя прылады з падвесным інварным дротам — для вызначэння базісаў і трыянгуляцыі, дальнамерамі (святлодальнамер, радыёвышынямер, радыёдальнамер) вызначаюць даўжыню ліній без непасрэдных вымярэнняў з дакладнасцю да 0,1 мм на 100 м. Вуглы вымяраюць тэадалітамі (высокадасканальныя аптычныя, фотатэадаліты, гідратэадаліты) і бусоллю. Дакладнасць вымярэння вуглоў ад 15′—10′ у бусолі да 0,5″ у аптычнага тэадаліта. Нівеліры выкарыстоўваюць пераважна для вымярэння перавышэнняў, стварэння нівелірнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапагр. здымак. Паводле дакладнасці яны падзяляюцца на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Гідрастатычнымі нівелірамі карыстаюцца зрэдку, прынцып дзеяння іх заснаваны на вымярэнні ўзроўняў вадкасці ў сасудах, злучаных гнуткім шлангам. З камбінаваных геадэзічных прылад найчасцей выкарыстоўваюць тахеометр (для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, даўжынь ліній і перавышэнняў) і кіпрэгель (для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі). Экліметр выкарыстоўваюць у геад. здымцы для вымярэння вуглоў нахілу ліній з дакладнасцю да 0,1°; экер — для адкладання на мясцовасці фіксаванага вугла; мензула (дошка-планшэт і падстаўкі з установачнымі прыстасаваннямі) — асн.ч. камплекта длятапагр. мензульнай здымкі; ватэрпас вадкасны або электрамеханічны — для вызначэння становішча геад. прылад і іх асобных вузлоў адносна верт. ліній; рэйка геадэзічная (брусок даўж. 1,5—4 м з нанесенай шкалой) — для вымярэння адлегласцей або перавышэнняў пры тапагр. здымцы. Пры складанні планаў, картаў і пры карыстанні імі ўжываюцца каардынатографы, маштабныя лінейкі і вымяральнікі, транспарціры, планіметры і курвіметры.
Р.А.Жмойдзяк.
Геадэзічныя прылады і інструменты: 1 — аптычны тэадаліт Т-2; 2 — кіпрэгель; 3 — нівелір, 4 — экліметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАМЗІТАБЕТО́Н,
лёгкі бетон, у якім запаўняльнікам служыць керамзіт, а вяжучым — цэмент, гіпс або сінт. смолы. Выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, дазваляе значна зменшыць вагу канструкцый.
Сярэдняя шчыльнасць К. (кг/м³): цеплаізаляцыйнага для слаістых агараджальных канструкцый 350—600, канструкцыйна-цеплаізаляцыйнага для аднаслойных агараджальных канструкцый 700—1200, канструкцыйнага для нясучых канструкцый і элементаў інж. збудаванняў 1400—1800. Пры вытв-сці К. сумесь рыхтуюць, як і для цяжкіх сумесей, але з лепшым перамешваннем (у мяшалках прымусовага дзеяння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ПАН (ад ням. Klappe засланка) у тэхніцы, дэталь або прыстасаванне для кіравання патокам вадкасці, газу або пары ў машынах, механізмах і трубаправодах.
У залежнасці ад прызначэння К. бываюць дросельныя (для стварэння перападу ціску; гл.Дросель), рэдукцыйныя (для паніжэння ціску), адваротныя (для недапушчэння зваротнага патоку), рэгулявальныя, засцерагальныя і інш.; у залежнасці ад характару руху засаўкі — залатніковыя (гл.Залатнік у тэхніцы), вентыльныя (гл.Вентыль), кранавыя (гл.Кран). Прыводзяцца ў дзеянне эл., пнеўматычным, гідраўлічным і інш. прыводам або ўручную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРТ (англ. court),
пляцоўка для гульні ў тэніс, якая раздзелена сеткай на 2 роўныя ч. і размечана лініямі. Для адзіночнай гульні мае памеры 23,77 × 8,23 м; для парнай — 23,77 × 10,97 м. Памеры са свабоднай прасторай павінны быць не менш за 36 × 18 м (звычайна 40 × 20 м). Выш. сеткі над сярэдняй лініяй 0,91 м, каля слупоў 1,07 м. Мае гліна-пясчаны грунт, можа мець травяное, драўлянае, коркавае, асфальтавае ці бетоннае пакрыццё. Абносіцца загараджальнай сеткай для затрымання мяча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ,
прылады, апараты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для вядзення дамашняй (кухоннай) гаспадаркі.
Найб. пашыраны: для захоўвання харч. прадуктаў (халадзільнікі дамашнія) і іх перапрацоўкі (мясарубкі, сокавыціскалкі, кухонныя універсальныя машыны — камбайны і інш.), для прыгатавання ежы і напояў (эл. і мікрахвалевыя печы, газавыя пліты, міксеры, кававаркі і інш.), для падагрэву вады (чайнікі, самавары, газавыя воданагравальныя апараты) і інш.Кухонны камбайн звычайна мае электрапрывод з рэдуктарам, зменныя насадкі мясарубкі, міксера, цестамяшалкі-збівалкі, кавамолкі, сокавыціскалкі, агароднінарэзкі, хлебарэзкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ЦКАЯ МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Адна з першых на Беларусі, дзейнічала ў 1768—90 ва ўрочышчы Рудня каля Маларыты Брэсцкай вобл.). Выпускала лемяшы, калёсныя восі, малаткі, кувалды, кухонныя прыборы. Мела вадзяныя рухавікі, домну для атрымання чыгуну з мясц. руды, 2 домны для перапрацоўкі чыгуну ў сталь і 2 плавільныя печы для адліўкі форм з гатовага металу. На тэр. мануфактуры дзейнічаў медны з-д па выпуску катлоў для вінакурэння. У 1780 працавала 180 рабочых, выпушчана 18 тыс. пудоў жалеза.
кубінскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог, адзін з заснавальнікаў афра-кубінскага кірунку ў нац. музыцы і кампазітарскай школы Кубы. Скончыў Мадрыдскую кансерваторыю (1915). З 1919 у Гаване, з 1920 дырыжор аркестра Нац.т-ра, з 1923 скрыпач-канцэртмайстар, з 1932 гал. дырыжор Філарманічнага аркестра. З 1935 праф., з 1936 дырэктар Муніцыпальнай кансерваторыі (прысвоена імя Р.). Аўтар балетаў, твораў дляарк., для хору, для голасу і інстр. суправаджэння, музыкі для дзяцей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРАКТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. refractus пераломлены + ...метрыя),
сукупнасць метадаў даследаванняў фіз. і хім. уласцівасцей рэчываў на аснове вымярэння пераламлення паказчыка святла; раздзел прыкладной оптыкі. Вымярэнні праводзяцца з дапамогай рэфрактометраў і двухпрамянёвых інтэрферометраў (для вымярэння паказчыка пераламлення з блізкімі да 1 значэннямі). Метады Р. выкарыстоўваюцца ў хіміі, фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці для вызначэння саставу і структуры рэчываў, а таксама для кантролю іх якасці; у аэра- і гідрадынамічных даследаваннях і аптычнай прам-сці — для праверкі аднароднасці рэчываў і інш.