ХА́ЙЛЕ МАРЫЯ́М Менгісту, Менгісту Хайле Марыям (1941, Адыс-Абеба), дзяржаўны і паліт. дзеяч Эфіопіі. Герой Сацыяліст. Эфіопіі (1979), падпалкоўнік (1976). Скончыў Ваен. акадэмію і ун-т у Адыс-Абебе. Служыў у арміі. Адзін з кіраўнікоў ваен. перавароту (вер. 1974), у выніку якога скінуты імператар Хайле Селасіе I. З 1974 1-ы нам. старшыні Часовага ваен.-адм. к-та (савета) Эфіопіі, у 1977—87 яго старшыня і старшыня СМ Эфіопіі, галоўнакамандуючы Рэв. арміяй. Ген. сакратар ЦК кіруючай Рабочай партыі (1984—91), прэзідэнт і старшыня Дзярж. Савета Эфіопіі (1987—91). Праводзіў курс на пабудову сацыялізму, у знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР. Пасля паражэння ў шматгадовай грамадз. вайне (май 1991) эмігрыраваў.
т. 16, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАСТО́Ў Міхаіл Міхайлавіч (н. 27.6.1949. в. Казлоўшчына Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),
дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1975), БДУ (1989). Працаваў у Бел. гандлёва-прамысл. палаце. З 1982 у МЗС Беларусі. З 1991 1-ы сакратар Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН, пасольства Рэспублікі Беларусь у ЗША, з 1993 нач. аддзела, упраўлення МЗС, з 1994 нам. міністра замежных спраў, з 1997 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Канадзе. У 2000—01 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях знешняй палітыкі, нам. прэм’ер-міністра — міністр замежных спраў. З вер. 2001 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, з 2003 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у ЗША, Мексіцы (па сумяшчальніцтве).
т. 16, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМІ́Р (сапр. Язерніцкі) Іцхак
(н. 15.10.1915, г.п. Ружаны Брэсцкай вобл.),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це і Яўрэйскім ун-це Іерусаліма. З пач. 1930-х г. у сіянісцкім руху. З 1935 у Палесціне, дзе ўдзельнічаў у дзейнасці сіянісцкіх арг-цый, у т. л. тэрарыст. «групы Штэрна». У 1941 і 1946 быў арыштаваны брыт. ўладамі, у 1946—48 у эміграцыі. Пасля стварэння Ізраіля да 1965 у разведцы «Масад». З 1970 член, з 1975 старшыня Выканкома партыі «Херут», якая з 1973 дзейнічае ў складзе блока «Лікуд». З 1973 дэп., у 1977—80 спікер кнесета (парламента). У 1980—83 міністр замежных спраў. У 1983—84 і 1986—92 прэм’ер-міністр Ізраіля.
В.У.Адзярыха.
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РАВІЧ Светазар (н. 31.3.1955, г. Котар, Чарнагорыя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч супольніцтва Сербія і Чарнагорыя. Скончыў ун-т у г. Цітаград (цяпер Падгорыца), працаваў юрыд. саветнікам у мясц. органах улады, уваходзіў у кіраўніцтва Саюза камуністаў Чарнагорыі (СКЧ). У 1986, калі быў старшынёй Саюза сацыяліст. моладзі Чарнагорыі, выступіў з брашурай «Спыніце падман на выбарах», пасля чаго вымушаны пакінуць пасаду. З 1990 чл. ЦК СКЧ, адказны за пытанні ідэалогіі і культуры. З 1990-х г. удзельнік руху за незалежнасць Чарнагорыі, чл. кіраўніцтва Дэмакр. партыі сацыялістаў Чарнагорыі, нам. яе старшыні М.Джуканавіча (прэзідэнт Чарнагорыі ў студз. 1998 — маі 2003) і асн. ідэолаг. Прэзідэнт Сербіі і Чарнагорыі з 7.3.2003.
М.С.Даўгяла.
т. 18, кн. 1, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІ Канстанцін Казімір (1644—кастр. 1722),
царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром I спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.
т. 3, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЛЯКЕ́ВІЧ Міхаіл Паўлавіч (6.2.1887, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 11.8.1945),
дзяржаўны дзеяч БССР. У 1907—14 працаваў на з-дах Пецярбурга. За ўдзел у рэв. руху быў зняволены. З 1914 у арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Петраградзе. Удзельнічаў у баях супраць Каледзіна. З 1919 на парт. і прафс. рабоце ў БССР. З мая 1929 нарком працы БССР, у сак. 1931 — вер. 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1933 на парт. і прафс. рабоце ў РСФСР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—27, 1930—32, чл. ЦКК КП(б)Б у 1927—30, 1932—33 і яе Прэзідыума ў 1929—30, 1932—33. Чл. ЦВК БССР у 1922—33 і яго Прэзідыума ў 1933—33.
т. 5, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТВАЛЬД (Gottwald) Клемент (23.11.1896, с. Дзедзіца, Чэхія — 14.3.1953),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, з 1925 чл. ЦК і Палітбюро, з 1929 ген. сакратар ЦК КПЧ. У 1935—43 сакратар Выканкома Камінтэрна. З пач. 2-й сусв. вайны ў СССР. Адзін з кіраўнікоў вызв. барацьбы народаў Чэхаславакіі супраць ням.-фаш. акупацыі і арганізатараў чэхаславацкіх узбр. сіл. Пасля вызвалення ўсх. ч. Чэхаславакіі ўвайшоў у створаны 4.4.1945 у г. Кошыцы ўрад Нац. фронту, нам. старшыні ўрада. З 1945 старшыня ЦК КПЧ. З мая 1946 на чале кааліцыйнага ўрада. У час лют. падзей 1948 адыграў значную ролю ў прыходзе да ўлады КПЧ, узначаліў новы ўрад. 14.6.1948 выбраны прэзідэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі. Кіраваў працэсам буд-ва сацыялізму ў краіне паводле тагачаснай сав. мадэлі.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНКЕ́ВІЧ Станіслаў Антонавіч (1.1.1937, в. Шапавалы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Беларусі, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1991). Акад. і віцэ-прэзідэнт Міжнар. АН Еўразіі (1994). Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (1995). Скончыў Усесаюзны завочны фінансава-эканам. ін-т (1964). У 1956—81 працаваў ва ўстановах Дзяржбанка СССР на Беларусі. З 1981 заг. кафедры ў Бел. ін-це нар. гаспадаркі. У 1991—95 старшыня праўлення Нац. банка Рэспублікі Беларусь. З 1995 дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах грашова-крэдытнай сістэмы.
Літ.:
Совершенствование системы финансирования жилищного строительства. Мн., 1985;
Кредит в колхозах в условиях агропромышленной интеграции. Мн., 1986;
Финансирование, кредитование и расчеты в АПК. Мн., 1989;
Кредиты кооперативам и арендаторам. Мн., 1991.
т. 2, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛЦІН Аўгуст Янавіч (сапр. Блюм Тэадор Янавіч; 17.1.1894, г. Айзпутэ, Латвія — 23.6.1953),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1908 вёў рэв. дзейнасць у Лібаве, Пецярбургу, Рызе, Харкаве, Баку, Грозным. Шмат разоў арыштаваны і зняволены (1909, 1913, 1914, 1916). Пасля Кастр. рэвалюцыі старшыня Закаўказскага каап. саюза, нам. старшыні Цэнтрасаюза, старшыня Міжкаап. савета і інш. З 1929 у БССР: старшыня Белкаапсаюза, нарком гандлю (1930), забеспячэння (1931—33), нам. старшыні СНК БССР (1933—34), нарком лёгкай (1934), мясцовай (1934—37) прам-сці. Чл. ЦВК СССР (1935—37), ЦВК БССР (1929—37). Чл. ЦК КП(б)Б у 1930—37. Старшыня Т-ва старых бальшавікоў у БССР (1933—37). 4.9.1937 арыштаваны і зняволены. Рэабілітаваны і вызвалены з турмы ў канцы 1940-х г.
т. 2, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫСКА́Р Д’ЭСТЭ́Н (Giscard d’Estaing) Валеры (н. 2.2.1926, г. Кобленц, Германія),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Політэхнічны ін-т і Нац. ін-т адм. кадраў у Парыжы. У 1956—76 і 1984—89 чл. Нац. сходу. У 1962—66 і 1969—74 міністр эканомікі і фінансаў. У 1974—81 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за інтэграцыю Францыі ў Еўрап. супольніцтва, падтрымліваў добрыя сувязі з ЗША і СССР; ва ўнутр. палітыцы імкнуўся знізіць узровень беспрацоўя і інфляцыі, кіраваў праграмай мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Сузаснавальнік і ў 1966—73 старшыня партыі Нац. федэрацыя незалежных рэспубліканцаў, у 1977 заснаваў і з 1988 узначаліў Саюз за франц. дэмакратыю. З 1989 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар успамінаў «Улада і жыццё» (т. 1—2, 1988—91).
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)