ГАЛЁРКІН (Барыс Рыгоравіч) (4.3.1871, г. Полацк — 12.7.1945),
сав. вучоны ў галіне тэорыі пругкасці. Акад.АНСССР (1935, чл.-кар. 1928). Інж.-ген.лейтэнант. Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1899). З 1909 на пед. рабоце, з 1920 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Асн.навук. працы па буд. механіцы і тэорыі пругкасці. Распрацаваў метады інтэгравання ўраўненняў тэорыі пругкасці, прапанаваў форму рашэння ўраўненняў пругкай раўнавагі. Адзін са стваральнікаў тэорыі выгіну пласцінак. З удзелам Галёркіна праектаваліся і будаваліся Волхаўская ГЭС, Днепрагэс, некат. цеплаэлектрастанцыі. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́ЙСКАЕ ПЛАТО́ (Columbia Plateau),
лававае плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПнЗ ЗША. Размешчана паміж Скалістымі і Каскаднымі гарамі. Пл. каля 500 тыс.км². Выш. 700—1000 м. Складзена з крышт. і асадкавых парод палеазою і мезазою, перакрытых вулканічнымі базальтамі неагену. Паверхня плоская або хвалістая, укрыта лёсамі, на Пн марэнай, зрэзана каньёнамі рэк Калумбія (да глыб. 900 м), Снейк (да 1500 м) і інш.; ёсць і сухія каньёны, утвораныя ў антрапагенавы час (найб. Гранд-Кулі). На рэках шмат вадаспадаў, парогаў. ГЭС. Большая ч. плато ўкрыта дзярніста-злакавым стэпам, значная ч. тэрыторыі разарана пад збожжавыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́І (Kasai),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс.км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс.м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас. К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́СЦІЦЫ,
вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля Клясціцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог г. Полацк—в. Юхавічы і г.п. Расоны — в. Каханавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на З ад г.п. Расоны, 150 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Боркавічы 987 ж., 400 двароў (1998). Аб’яднанне «Райсельгасхімія», ГЭС, дрэваапр. ўчастак, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік у гонар перамогі рас. войск у Клясціцкіх баях 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЧАК (Мікалай Мікалаевіч) (12.7. 1905, г. Іванава Брэсцкай вобл. — 14.2. 1969),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928). Удзельнік грамадз. вайны. У 1921—24 працаваў на буд-ве Волхаўскай ГЭС. З 1925 у Чырв. Арміі. З 1937 выкладчык курсаў «Выстрал». У Вял.Айч. вайну з 1942 нач. снайперскай школы, з 1944 камандзір стралк. палка на 3-м Бел. фронце. Полк на чале з палк. К. вызначыўся 15—17.8.1944 у баях за выхад на мяжу з Усх. Прусіяй, дзе знішчыў шмат баявой тэхнікі і жывой сілы ворага. Да 1946 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМУЗЕ́Н (Limousin),
гістарычная вобласць у цэнтр.ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Верхняя В’ена, Карэз, Кроз Пл. 16,9 тыс.км². Нас. каля 750 тыс.чал. (1995). Гал. горад і прамысл.цэнтр. — Лімож. Уся тэр. ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на плато Лімузен. Клімат умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважна с.-г. раён.
Найб. развіта жывёлагадоўля — развядзенне буйн. раг. жывёлы (у т. л. племянной), свіней, авечак. Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, грэчкі, бульбы, кармавых культур. У далінах вырошчваюць агародніну, садавіну, тытунь. Здабыча кааліну, уранавай руды. ГЭС на рэках Дардонь і Везер. У прам-сці пераважаюць тэкст. і харч. прадпрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РЭЙ, Мары (Murray),
самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс.км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕССЕДЗІПРАВАДГА́С», Дзяржаўны ін-т па праектаванні аб’ектаў комплекснай меліярацыі зямель і воднай гаспадаркі ў Палескай зоне Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 у Пінску як «Саюздзіпрамеліявадгас» (Усесаюзны дзярж. праектна-вышукальны ін-т па праектаванні меліярац. сістэм). З 1989 сучасная назва. Уваходзіць у склад канцэрна «Белмеліявадгас» Мінсельгасхарча Беларусі. Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: правядзенне інж. пошукаў (тапографагеад., геал., гідралагічных, глебавых і інш.) і распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты меліярац., водагасп., гідратэхн., прамыслова-грамадз. і жыл.буд-ва, сацкультбыту, аховы здароўя, вода- і газазабеспячэння, каналізацыі, аўтадарог, помпавых станцый, вадасховішчаў, сажалак, малых ГЭС, фермерскіх гаспадарак, прыродаахоўных аб’ектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХШ,
рака ў Таджыкістане, пры зліцці з Пянджам утварае Амудар’ю. Даўж. 524 км, пл.бас. 39,1 тыс.км². Утвараецца пры зліцці рэк Кызылсу і Муксу і цячэ пад назвай Сурхоб. Пасля ўпадзення р. Абіхінгоу называецца Вахш. Цячэ пераважна ў вузкай V-падобнай даліне, часта ў глыбокай цясніне. За 170 км ад вусця выходзіць у Вахшскую даліну, дзе падзяляецца на рукавы. Жыўленне ледавікова-снегавое, таксама дажджавое. Паводка з мая да верасня. Сярэдні расход вады 660 м³/с. Вада вельмі мутная, у Вахшскай даліне выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў нізоўях. На Вахшы — Нурэкская, Галаўная ГЭС і інш.; г. Нурэк, Калінінабад. У ніжнім цячэнні Вахша запаведнік Тыгравая Балка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,
гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.