арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДО́ (франц. rondeau ад rond круг),
старафранцузскі верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. У адрозненне ад рандэля ў Р. словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо. Прыкладам 15-радковага Р. можа служыць верш «Рандо» М.Багдановіча:
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла Узор.
І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла Узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЮ АКСІ́Д, гліназём,
хімічнае злучэнне алюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышт. мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (гл.Алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць:α-Al2O3 у вытв-сці алюмінію; алунд у эл.-тэхн. кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і эл. печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3 — адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,
прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).
Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш.хім. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХТО́ЎНАСЦЬвагальнай сістэмы,
колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.
У аснову вымярэнняў Д. (гл.Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш.Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 104, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧ ваганняў — да 105.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІ́,
рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс.км². Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс.км²) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 кмвышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МА (ад удм. кам — рака, цячэнне),
рака ў еўрап.ч. Расіі, левы прыток р. Волга. Даўж. 1805 км, пл.бас. 507 тыс.км². Бярэ пачатак на Верхнякамскім узв., упадае ў Куйбышаўскае вадасховішча. Цячэ паміж узвышшамі Высокага Заволжа, па шырокай, месцамі звужанай даліне. У вярхоўях рэчышча няўстойлівае і звілістае. Пасля ўпадзення р. Вішара — мнагаводная рака. Сцёк К. на значным працягу зарэгуляваны плацінамі Камскай, Воткінскай і Ніжнякамскай ГЭС, вышэй якіх створаны вадасховішчы. Гал. прытокі: Вішара, Чусавая, Белая (злева), Вятка (справа).
Жыўленне пераважна снегавое, а таксама падземнае і дажджавое. Ледастаў з пач.ліст. ў вярхоўях і канца ліст. ў нізоўях да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Набярэжныя Чаўны 2940 м³/с. Ніжэй рэйда Керчаўскі рэгулярнае суднаходства. Асн. гарады і парты: Салікамск, Беразнікі, Перм, Краснакамск, Сарапул, Набярэжныя Чаўны, Чыстапаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРА́,
рака ў Турцыі, Грузіі і Азербайджане. Даўж. 1364 км, пл. басейна 188 тыс.км². Пачынаецца на Армянскім нагор’і ў Турцыі, да г. Тбілісі цячэ пераважна ў цяснінах, месцамі — у міжгорных катлавінах, ніжэй рэчышча падзяляецца на рукавы, даліна пашыраецца. Вышэйг. Мінгечаур у вузкай цясніне перасякае скалістую граду Баздаг, ніжняе цячэнне па Кура-Араксінскай нізіне, моцна меандрыруе, берагі нізкія, абвалаваныя. Упадае ў Каспійскае м., утварае дэльту (пл. 100 км²). Гал. прыток — Аракс. Сярэдні гадавы расход вады каля в. Хулур 270 м³/с. Сцёк наносаў да 21 млн.т за год. Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады па канале перадаецца для абваднення р. Аракс. У дэльце рыбалоўства (сяўруга, бялуга, асетр, судак і інш.). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Зема-Аўчальская, Мінгечаурская і інш.ГЭС. На К. — гарады Горы, Тбілісі, Руставі (Грузія), Мінгечаур, Сабірабад (Азербайджан).