ВО́ТЫ (ад лац. votum ахвяра, прынашэнне па абяцанні),

ахвяравальныя рэчы рэліг. ўжытку. Іх прыносілі ў касцёл як падзяку за выздараўленне ці з надзеяй на выздараўленне, як засцярогу ад няшчасця; развешвалі вакол цудатворных абразоў. Вотамі маглі быць малыя прадметы ў форме сэрца, рукі, нагі, вока або ў выглядзе жывёлы, птушкі і г.д. Часам воты аздаблялі залачэннем, гравіроўкай, чаканкай. На Беларусі многія воты з’яўляюцца творамі мастацтва мясц. чаканнага майстэрства 18—19 ст. Разнастайныя калекцыі іх знаходзяцца ў касцёлах фарным у Гродне, Троіцкім у Ружанах (Пружанскі р-н), францысканскім у Пінску.

М.​М.​Яніцкая.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВО́Е ПАСКАРЭ́ННЕ,

вектарная велічыня ε→, якая характарызуе хуткасць змены вуглавой скорасці. Пры вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомай восі модуль вуглавога паскарэння ε = lim Δt → 0 Δω Δt = dω dt = d2φ dt2 , дзе Δω — змена вуглавой скорасці ε→ за прамежак часу Δω, φ — вугал павароту. Пры гэтым вектар ε→ накіраваны ўздоўж восі вярчэння (у бок вектара вуглавой скорасці ω→ пры паскораным вярчэнні і супраць ω→ — пры запаволеным). Адзінка вуглавога паскарэння ў СІ — радыян на секунду ў квадраце (рад/с​2).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧЭ́ННЕ ЗЯМЛІ́,

вярчальны рух Зямлі вакол сваёй восі з З на У, ці супраць гадзіннікавай стрэлкі, калі глядзець з Паўн. полюса свету; адзін з рухаў Зямлі. Вярчэнне Зямлі выклікае змену дня і ночы, вызначае працягласць сутак. Адбываецца нераўнамерна: пад уплывам месяцавых і сонечных прыліваў працягласць сутак павялічваецца на 1—2 мс за стагоддзе, а з-за сезонных змен (выпаданне ападкаў і да т.п.), тэктанічных працэсаў і інш. на працягу года вагаецца ў межах 1—2 мс. Становішча восі вярчэння Зямлі (і зямных геагр. полюсаў) мяняецца з-за прэцэсіі і нутацыі.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНГІВІ́Т (ад лац. gingiva дзясна + ...іт),

запаленне дзясны. Бывае лакальны, генералізаваны, востры, хранічны або як вынік агульных захворванняў стрававальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Найчасцей сустракаецца гінгівіт катаральны (кроватачывасць дзясен пры ядзе і чыстцы зубоў). Гіпертрафічны гінгівіт праяўляецца як разрастанне дзясны вакол верхніх і ніжніх франтальных зубоў. Язвавы гінгівіт (дзясна ўкрываецца болькамі светла-шэрага ці жаўтаватага колеру) рэзка балючы. Пры генералізаваным гінгівіце пагаршаецца агульны стан хворага, павышаецца т-ра цела, узнікаюць галаўны боль, слабасць, бяссонніца, парушэнне апетыту, гніласны пах з рота і інш. Лячэнне накіравана на ліквідацыю асн. захворвання.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМІ́Р-БЛУР, Кармірблур (арм. чырвоны ўзгорак),

узгорак на левым беразе р. Раздан, на зах. ускраіне г. Ерэван. У 1936 на К.-Б. знойдзены ўрарцкі клінапіс з імем цара Русы, сына Аргішці II (7 ст. да н.э.). У выніку археал. раскопак у 1939—70 на ўзгорку адкрыта цытадэль, а вакол узгорка — рэшткі горада Тэйшэбаіні. Выяўлены багаты матэрыял пра гаспадарку і культуру стараж. дзяржавы Урарту. Цытадэль разбурана ў пач. 6 ст. да н.э. мясц. плямёнамі, якія імкнуліся скінуць урарцкі прыгнёт, і скіфамі, што далучыліся да іх.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЧА́Н»,

бел. народны танец. Пашыраны пераважна на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. мясцовасцях наз. «Капуста». Муз. памер . Тэмп умераны. Выконваецца пад прыпеўкі. У ім рознымі пластычнымі рухамі імітуецца «завіванне качана» (абрастанне яго лісцем). Танцоры, узяўшыся за рукі, становяцца ў ланцужок і закручваюцца клубком вакол апошняга танцора, які стаіць на месцы, ці ідуць за першым, ныраюць у «вароты», утвораныя з рук выканаўцаў. Часам танцуюць утраіх, ныраючы пад рукі адзін аднаму, ці мяняюцца месцамі, круцячыся пад руку. Выконваўся Першай бел. трупай І.​Буйніцкага. Вядомы і інш. варыянты танца.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНЗ ((Collins) Майкл) (н. 31.10.1930, Рым),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1952). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 18—21.7.1966 з Дж.Янгам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-10» (як 2-і пілот), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 1 гадз 27 мін); 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і Э.Олдрынам — палёт вакол Месяца на караблі «Апалон—11» (як пілот; забяспечваў высадку першай экспедыцыі на Месяц, старт з Месяца і стыкоўку). У космасе правёў 11,09 сут. Імем К. названы кратэр на Месяцы.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.

Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.​Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл. Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 8, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),

адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗА́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1923 Падпісаны 24.7.1923 на заключным пасяджэнні Лазанскай канферэнцыі 1922—23 прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Японіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з аднаго боку, і Турцыі — з другога. Замяніў Сеўрскі мірны дагавор 1920. Устанавіў сучасныя межы Турцыі (акрамя яе мяжы з Іракам з-за спрэчкі вакол тэрыторыі, прылеглай да г. Масул), адмяніў рэжым капітуляцый, эканам. і паліт. Прывілеі іншаземцаў у краіне, міжнар. фінансавы кантроль над Турцыяй. Замацаваў вынікі Кемалісцкай рэвалюцыі ў Турцыі і грэка-турэцкай вайны 1919—22. Не быў ратыфікаваны Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)