МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),
шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд.ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.
Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЦУСІ́ТА ЭЛЕ́КТРЫК ІНДА́СТРЫЯЛ»
(Matsushita Electric Industrial Company Limited),
японская эл.-тэхн. і радыёэлектронная кампанія, адна з найб. у свеце. Засн. ў 1918. Вырабляе камунікацыйнае, вымяральнае і спец. абсталяванне, быт. тэхніку: тэлефоны, радыёперадатчыкі і радыёпрыёмнікі, міні-камп’ютэры, апараты каляровага ксерадруку, тэлевізары, відэамагнітафоны, халадзільнікі, электрабатарэі, электронныя лямпы і інш. Вядома гандл. маркамі «Панасонік», «Нэшанал», «Тэкнікс», «Квазар». Мае філіялы ў Паўн. Амерыцы, Паўд.-Усх.Азіі, у Зах. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАНІ́Д,
апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛ (PAL; Phase Alternatíon Line радок з пераменнай фазай),
адна з найб. пашыраных сістэм каляровага тэлебачання. Распрацавана ў Германіі (1963). Адрозніваецца ад сістэмы НТСЦ зменай фазы паднясучай у кожным наступным радку «чырвонага» канала на 180°. Мае зменшаную (у параўнанні з НТСЦ) адчувальнасць да дыферэнцыяльных (фазавых і амплітудных) скажэнняў. Прынята ў 93 краінах Зах. Еўропы, Азіі і Афрыкі і мае 6 версій (1990). Гл. таксама СЕКАМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЯ́ЗКА, перагузна (Vormela peregusna),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў паўд.-ўсх. Еўропе і Азіі. Жыве пераважна ў стэпах, паўпустынях і пустынях (акрамя Аравійскага п-ва), у норах. Начная жывёла.
Даўж. цела да 35 см, хваста да 20 см. Тулава тонкае, падоўжанае, ногі кароткія. Хвост пушысты. Афарбоўка яркая, стракатая — на жоўтым фоне рыжыя або бурыя плямы. Корміцца пераважна грызунамі. Нараджае да 8 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТ (Anthyllis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах.Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: буйнагалоўчаты (A. macrocephala), ранагаючы (A. vulneraria), шматлісты (A. polyphylla). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на сухіх лугах, пустках.
Пераважна шматгадовыя травы ці паўкусты. Лісце непарнаперыстае з прылісткамі. Кветкі жоўтыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — скурысты струк. Лек., кармавыя, фарбавальныя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛБА,
група тэтраплоідных відаў пшаніцы з ломкім коласам і плевачным зернем. Пры выспяванні колас распадаецца на каласкі з членікамі каласавога стрыжня. Зерне пры малацьбе не вымалочваецца з плевак. Дзікарослая П. пашырана ў Еўразіі, Афрыцы; культурную П. (эмер) вырошчваюць на невял. плошчах у Закаўказзі і Пярэдняй Азіі. Адрозніваецца непатрабавальнасцю, скараспеласцю, устойлівасцю да грыбковых хвароб. З зерня атрымліваюць крупы і муку. П. — каштоўны зыходны матэрыял для селекцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́ННІК, дрозд-рабіннік (Turdus pilaris),
птушка роду драздоў сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жыве на ўзлесках, у рэдкалессі, па далінах рэк, у парках, садах. Селіцца на дрэвах парамі і калоніямі. На Беларусі пралётны, пералётны і часткова зімуючы від.
Даўж. да 29 см, маса да 103 г. Корміцца насякомымі, інш. дробнымі беспазваночнымі, восенню і зімой ягадамі. Адкладвае да 7 яец, двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́ННІК (Sorbaria),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны ў Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Р.: рабіналісты (S. sorbifolia) і сумахалісты (S. rhoifolia). Культывуюцца ў садах і парках.
Лістападныя кусты выш. ад 40 см да 6 м. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя ў буйных канцавых мяцёлках. Плод — шматлістоўка. Выкарыстоўваюцца для замацавання берагоў і адхонаў. Дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-РАСІ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1873, 1885, 1907пра размежаванне сфер уплыву на Сярэднім Усходзе.
Пагадненне 1873 аб «буферным» поясе ў Сярэдняй Азіі — вынік міжурадавых перагавораў у кастр. 1872 — студз. 1873. Размежавала сферы ўплыву Расіі і Вялікабрытаніі ў Сярэдняй Азіі і вызначыла паўн. граніцу афг. эмірата па р. Амудар’я. Пагадненне 1885 аб размежаванні афганскіх уладанняў падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рас.-афг. канфлікт 1885, выкліканы далучэннем Туркменіі да Расіі і звязаны з сутыкненнем рас. і афг. войскаў пры Ташкепры (на Пн ад Кушкі). Пагадненнем вызначаны склад англ.-рас. размежавальнай камісіі, якая ў 1887 устанавіла новую рас.-афг. граніцу па левым беразе Амудар’і. Пагадненне 1907 аб размежаванні інтарэсаў у Іране, Афганістане і Тыбеце падпісана 31 жн. ў Пецярбургу. Паводле яго Іран быў падзелены на тры зоны: паўн. (рас.), паўд. (англ.) і нейтральную — паміж імі; Расія фактычна прызнала брыт. пратэктарат над Афганістанам (пры ўмове непадзельнасці яго тэрыторыі); бакі прызнавалі тэр. цэласнасць і ўнутр. кіраванне Тыбета. Пагадненне практычна ўключала Расію ў Антанту; анулявана ўрадам Сав. Расіі ў студз. 1918.