ДЫЯ́МЕТР (ад грэч. diametros папярочнік) акружнасці
(круга),
адрэзак прамой, які злучае 2 пункты акружнасці і праходзіць праз яе цэнтр, а таксама даўжыня гэтага адрэзка. Даўжыні ўсіх Д. акружнасці аднолькавыя і роўныя 2 радыусам. Д. канічнага сячэння — прамая, якая праходзіць праз сярэдзіны яго паралельных хордаў. Усе Д. эліпса і гіпербалы праходзяць праз іх цэнтры. Д. парабалы паралельныя яе восі. Д. адвольнай замкнёнай фігуры — найб.адлегласць паміж двума пунктамі гэтай фігуры. У гэтым сэнсе Д., напр., эліпса роўны даўжыні яго вялікай восі; Д. куба — даўжыні яго дыяганалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́ЕЎСКІ РА́ДЫУС ЭКРАНАВА́ННЯ,
адлегласць, на якую распаўсюджваецца дзеянне электрастатычнага поля асобнай зараджанай часціцы ў праводзячым асяроддзі (растворы моцных электралітаў, плазма, цвёрдыя праваднікі). Уведзены П.Дэбаем пры даследаванні электролізу.
Д.р.э. залежыць ад уласцівасцей асяроддзя: канцэнтрацыі і абс. значэння зараду часціц, энергіі іх цеплавога руху (г.зн. ад т-ры). Калі крыніца эл. поля (зараджаная часціца) знаходзіцца ў асяроддзі, якое мае дадатныя і адмоўныя зарады, то з прычыны палярызацыі асяроддзя эл. поле крыніцы робіцца вельмі малым (экрануецца) на адлегласцях, большых за Д.р.э. Ён роўны каля 10−8см у металах, каля 10−4см у паўправадніках пры хатняй т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІ́Т-ТЭЛЕСКО́П,
астронама-геадэзічная прылада для вымярэння малых рознасцей зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання (гл.Шырата геаграфічная). Складаецца з устаноўленага на азімутальнай манціроўцы рэфрактара, у факальнай плоскасці якога знаходзіцца акулярны мікрометр. Труба тэлескопа замацавана на гарыз. восі, вярчэннем вакол якой устанаўліваецца неабходная зенітная адлегласць візірнай лініі інструмента. На процілеглым баку гарыз. восі знаходзяцца процівага і круг для адліку зенітнай адлегласці. Нязменнасць нахілу трубы кантралююць дзвюма высокадакладнымі грунтвагамі. Вымярэнні на З.-т. — найб. дакладныя ў класічнай астраметрыі. Сярэдняя квадратычная хібнасць у вызначэнні шыраты ±0,001".
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНЫ КРАН,
кабель-кран, збудаванне з стацыянарнымі або перасоўнымі апорамі (вежамі), якія злучаны нясучым канатам з рухомай грузавой цялежкай. Прызначаны для падымання (апускання) грузаў на вышыню да 50 м і болей і перамяшчэння іх на адлегласць да 1,5 км. Уяўляе сабой аднапралётную падвесную канатную дарогу. Выкарыстоўваецца: на адкрытых горных распрацоўках для транспарціроўкі раскрыўных парод, штучнага каменю і г.д.; у буд-ве для перамяшчэння вял. аб’ёмаў зямлі, бетону, інш. матэрыялаў; на лесаскладах і да т.п. Грузападымальнасць да 150 т.
Кабельны кран: 1, 2, 3 — цягавы, нясучы і пад’ёмны канаты; 4 — цялежка; А, Б — апоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ БАРАЦЬБА́,
комплекс мерапрыемстваў па выяўленні і падаўленні радыёэлектронных сродкаў і сістэм праціўніка; спецыфічная форма барацьбы, у якой выкарыстоўваецца зброя з неабмежаваным боекамплектам, здольная дзейнічаць практычна імгненна, на вялікую адлегласць і з апярэджаннем. Задача Р.б.: дэзарганізацыя кіравання войскамі праціўніка, зніжэнне эфектыўнасці вядзення ім разведкі і прымянення баявой тэхнікі (зброі), радыёэлектронная абарона і інш. Мерапрыемствы Р.б. праводзяцца ва ўзаемадзеянні з рознымі родамі войск і спец. войск. З канца 20 ст. тэрмін «Р.б.» ўсё больш трансфармуецца ў паняцце «інфармацыйная вайна» — комплекс дзеянняў па выкарыстанні, скажэнні і разбурэнні інфармацыі праціўніка, парушэнні яе функцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,
прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш.неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
станок для свідравання адтулін у метал. і неметал. загатоўках.
Асн. характарыстыкі С.с. — найб. ўмоўны дыяметр свідравання, памеры конуса шпіндэля, вылет шпіндэля, найменшая і найб.адлегласць ад тарца шпіндаля да стала і да фундаментнай пліты. Тыпы універсальных С.с. у металаапрацоўцы: настольна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), вертыкальна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), радыяльна-свідравальныя, мнагашпіндэльныя, С.с. для глыбокага свідравання. Канструкцыі С.с. для дрэваапрацоўкі — свідравальна-пазавальныя і свідравальна-даўбёжныя (гл.Даўбёжны станок). Выкарыстоўваецца таксама для чыставой апрацоўкі (зенкеравання, разгортвання) адтулін, для наразання ўнутр. разьбы, для зенкавання паверхняў.
На Беларусі вертыкальна- і настольна-свідравальныя станкі вырабляе Маладзечанскі станкабудаўнічы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СФЕРЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, які вывучае геаметрычныя фігуры, размешчаныя на сферы, і іх уласцівасці. Узнікла ў 1—2 ст.н.э. з патрэб сферычнай астраноміі. З развіццём мараплаўства і геаграфіі С.г. сталі карыстацца таксама ў геадэзіі для вывучэння паверхні Зямлі.
Асн. паняцці С.г. — пункты сферы, вял. кругі і рух сферы. Вял. кругі атрымліваюцца ад перасячэння сферы плоскасцямі. якія праходзяць праз яе цэнтр. Рух сферы — пераўтварэнне сферы, пры якім захоўваецца адлегласць паміж любымі яе пунктамі. У С.г. разглядаюцца трохвугольнікі (ці інш. фігуры), якія складаюцца з дуг вял. кругоў. Суадносіны паміж вугламі і старанамі сферычнага трохвугольніка вывучае сферычная трыганаметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫЧЭ́ЛІ ФО́РМУЛА,
выраз, які набліжана вызначае скорасць выцякання вадкасці з адтуліны ў сценцы адкрытай пасудзіны. Мае выгляд:
, дзе v — модуль скорасці выцякання вадкасці, h — адлегласць ад восі адтуліны да паверхні вадкасці, g — паскарэнне свабоднага падзення. Атрымана Э.Тарычэлі (1641).
У рэальных выпадках скорасць выцякання вадкасці залежыць ад формы і памеру адтуліны, вязкасці вадкасці і ад некаторых інш. параметраў. У гідраўліцы карыстаюцца формулай
, дзе φ — каэфіцыент скорасці. Для малой круглай адтуліны і вялікіх Рэйнальдса лікаў φ = 0,94—0,99, значэнні φ для інш. выпадкаў вызначаюцца тэарэтычна і прыведзены ў спец. даведніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ПЕРАДАВА́ЛЬНАЯ КА́МЕРА,
тэлекамера, оптаэлектронны апарат для пераўтварэння аптычнага відарыса аб’екта ў эл. сігнал (гл.Відэасігнал), які можна перадаваць на адлегласць. Адрозніваюць Т.п.к. для тэлевізійнага вяшчання (студыйныя, пазастудыйныя, дыктарскія і інш.), падводнага тэлебачання і прыкладнога тэлебачання, чорна-белага і каляровага тэлебачання. Асн. элемент Т.п.к. — перадавальная тэлевізійная трубка (у каляровых камерах 3—4 трубкі, у бытавых і паўпрафесіянальных — 2 ці 1) ці ПЗС матрыца). Камера таксама мае аб’ектыў, відэаўзмацняльнік, генератары тэлевізійных разгортак, вяшчальныя Т.п.к. — дадаткова электронны відашукальнік на кінескопе ці вадкакрышталічным індыкатары для назірання і кантролю межаў відарыса аб’екта. Гл. таксама Камкордэр.