органы (клеткі) жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць спецыфічныя фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны, слізь, сліна, мускус і інш.) і ўдзельнічаюць у розных фізіял. функцыях і біяхім. працэсах у арганізме. Большасць З. утвораны эпітэліяльнай тканкай і добра рэгенерыруюць. Адрозніваюць залозы ўнутранай сакрэцыі (эндакрынныя) і З. знешняй сакрэцыі (экзакрынныя), якія праз вывадныя пратокі выдзяляюць сакрэты на паверхню цела, слізістых абалонак або ў знешняе асяроддзе (потавыя, слінныя, малочныя, васковыя З. насякомых і інш.). Паводле тыпу сакрэцыі адрозніваюць З. меракрынныя (без страты цытаплазмы), апакрынныя (з адрывам верхавінкі клеткі з сакраторным уключэннем) і галакрынныя (з парушэннем сакраторнай клеткі). Бываюць аднаклетачныя (напр., бакалападобныя клеткі эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка і дыхальных шляхоў) і шматклетачныя (напр., большасць З. эндакрыннай сістэмы). Адрозніваюць простыя З. (іх вывадная пратока звязана з адным канцавым сакраторным аддзелам) і складаныя (у іх агульны ход выводзіцца сакрэт некалькіх або многіх канцавых сакраторных аддзелаў). Удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і энергіі, рэгуляцыі жыццядзейнасці арганізма, ахоўваюць цела ад уздзеяння шкодных фактараў знешняга асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),
прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.
Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.
А.П.Ткачэнка.
Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.Да арт.Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧЭ́ННЕ 1) К. ў супраціўленні матэрыялаў — від дэфармацыі, які характарызуецца ўзаемным паваротам папярочных сячэнняў стрыжня (вала, пласціны, абалонкі) пад уздзеяннем знешніх момантаў сілы (пар сіл).
Пры К. прамога круглага стрыжня ўзнікаюць датычныя напружанні τmax, максімальныя каля яго паверхні:
, дзе Mk — момант сілы, Ip — палярны момант інерцыі, r — радыус сячэння. Пры К. някруглых стрыжняў (напр., швелераў, двухтаўраў) іх папярочныя сячэнні скрыўляюцца (дэплануюцца) і К. наз. абмежаваным; пры К. пласцін і абалонак скрыўляюцца іх пасярэднія паверхні. К. ўлічваюцца пры разліках дэталей, механізмаў і канструкцый.
2) К. тэкстыльных матэрыялаў — скручванне валокнаў або нітак пры вырабе кручанай пражы, корду, шпагату і інш. на круцільных машынах. Скручанасць атрыманых прадуктаў характарызуецца круткай — лікам віткоў на 1 м даўжыні, вуглом нахілу вонкавых валокнаў або нітак да падоўжнай восі і напрамкам круткі.
І.І.Леановіч.
Кручэнне круглага вала, замацаванага адным канцом: r — радыус вала; l — даўжыня; Θ — вугал закручвання; Мк — момант кручэння; τmax — найбольшыя датычныя напружанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДШАФТАЗНА́ЎСТВА,
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае прыродныя тэрытарыяльныя комплексы — ландшафты геаграфічныя як часткі геагр.абалонкі Зямлі. Уключае вучэнне пра асн. заканамернасці фізіка-геагр. дыферэнцыяцыі, фізіка-геагр. раянавання і ўласна вучэнне пра геагр. ландшафты; паходжанне, структуру, прасторава-часавую дынаміку ландшафтаў пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў, марфалогію, геахімію і геафізіку ландшафтаў. Вылучаюць прыкладное, меліярацыйнае, антрапагеннае Л. і інш. раздзелы. Асн. метад Л. — палявое даследаванне, якое суправаджаецца ландшафтнай здымкай. Тэарэт. асновы Л. закладзены ў працах В.В.Дакучаева, С.В.Калесніка, М.А.Сонцава, А.Р.Ісачанкі, В.Б.Сачавы. На Беларусі ў галіне Л. найб. вядомы працы А.А.Смоліча, М.Ф.Бліадухо, В.А.Дзяменцьева. Сістэматычныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. Праведзены дэталёвыя даследаванні марфалогіі, структуры, тэр. заканамернасцей размяшчэння ландшафтаў. У БДУ распрацавана сістэма фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі. У 1984 выдадзена ландшафтная карта Беларусі.
Літ.:
Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии (опыт классификации). Мн., 1968;
Марцинкевич Г.И., Клицунова Н.К., Мотузко А.Н. Основы ландшафтоведения. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх адна ці некалькі нітрагруп -NO2 непасрэдна звязаны з атамамі вугляроду. Паводле колькасці нітрагруп Н. падзяляюць на мона-, ды- і полінітразлучэнні. Адрозніваюць аліфатычныя, араматычныя, тлушчаараматычныя (з нітрагрупай у бакавым аліфатычным ланцугу, напр., фенілнітраметан C6H5NO2) і інш.
Найпрасцейшыя нітралканы бясколерныя вадкасці (напр., нітраметан); араматычныя Н. — высокакіпячыя вадкасці (напр., нітрабензол) ці нізкаплаўкія крышт. рэчывы з характэрным пахам. Многія полінітразлучэнні, пераважна араматычныя — выбуховыя рэчывы. Аліфатычныя Н. атрымліваюць вадкафазным ці парафазным нітраваннем сумесі этану, прапану і бутану, вылучанай з прыроднага газу ці пры перапрацоўцы нафты; араматычныя — пераважна электрафільным нітраваннем. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, шэраг Н. у якасці біялагічна актыўных рэчываў (гербіцыды, фунгіцыды, антыбактэрыяльныя сродкі), аліфатычныя Н. як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці і вытв-сці палімераў, для дэпарафінізацыі нафты і інш., араматычныя — у вытв-сці выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, некаторыя як пахучыя рэчывы. Таксічныя: аліфатычныя раздражняюць слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, з’яўляюцца клетачнымі ядамі агульнага ўздзеяння; араматычныя — прыгнечваюць нервовую і асабліва крывятворную сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНХІ́Т (ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),
запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.
Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксама с.-г. жывёла, пераважна маладняк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НХІ (ад грэч. bronchos дыхальнае горла),
дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.
Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв. спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаў — бранхіт.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Бронхі: 1 — агульная схема будовы і разгалінавання бронхаў; 2 — частка бранхіяльнага дрэва чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
асноўныя канструкцыйныя элементы будынкаў і збудаванняў. Адрозніваюць нясучыя канструкцыі, агараджальныя канструкцыі і будаўнічыя канструкцыі дапаможнага прызначэння (унутр. перагародкі, лесвічныя маршы і пляцоўкі, аконныя рамы-вітражы і інш.). Агараджальныя будаўнічыя канструкцыі часта з’яўляюцца і нясучымі (напр., сцены і перагародкі ў грамадскіх будынках, рэзервуары, абалонкі, скляпенні і інш.).
Будаўнічыя канструкцыі падзяляюцца на жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, бетонныя (гл.Бетонныя вырабы і канструкцыі), каменныя (гл.Каменныя матэрыялы і канструкцыі), металічныя канструкцыі, драўляныя канструкцыі, азбестацэментныя (гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі), пнеўматычныя канструкцыі. Выкарыстоўваюцца таксама канструкцыі са шклапластыкаў (часам у спалучэнні з клеенай драўнінай або фанерай і інш.). Будаўнічыя канструкцыі разлічваюць на трываласць, устойлівасць і ваганні з улікам вонкавай нагрузкі, уласнай вагі, уплыву т-ры, усадкі і інш. фактараў. Пры выкарыстанні будаўнічых канструкцый вял. значэнне надаецца іх тыпізацыі і уніфікацыі, удасканаленню тэхналогіі іх вытв-сці, выкарыстанню лёгкіх эфектыўных матэрыялаў, укараненню аптымальных канстр. вырашэнняў.
Будаўнічыя канструкцыі: а — буйнапанэльнага жылога дома (1 — сценавая панэль, 2 — панэль перакрыцця, 3 — лесвічны марш); б — прамысловага будынка (1 — падкранавая бэлька, 2 — калона, 3 — ферма перакрыцця, 4 — сценавая агароджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТМА (ад грэч. asthma удушша),
1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз. напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.
2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ, экскрэцыя,
вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл.Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.