ПЭ́ЙДЖЭР (англ. pager),
партатыўны радыёпрыёмнік з вадкакрышталічным экранам для прыёму моўнай інфармацыі і літарна-лічбавага тэксту, што адлюстроўваецца на экране. Мае блок памяці для запамінання і прагляду раней прынятых паведамленняў. Кожнаму П. прысвойваецца індывідуальны нумар (код адраса), па якім аператар сеткі пэйджынгавай радыёсувязі накіроўвае паведамленні пэўнаму абаненту. З дапамогай П. можна таксама перадаваць інфармацыю з камп’ютэра, ажыццяўляць двухбаковую сувязь, пасылаць паведамленні з аднаго П. на другі і інш.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕТАПЛА́Н,
пілотны або беспілотны (аўтаматычны) лятальны апарат, які разганяецца бартавым ракетным рухавіком і ляціць за кошт набытай кінетычнай энергіі. Можа манеўраваць на арбіце, часова сыходзіць з яе і вяртаецца на зямлю. Скорасць да максімальных звышгукавых, вышыня палёту да 150 км. Выкарыстоўваўся для даследавання гіпергукавых палётаў, выпрабавання матэрыялаў, аэрадынамічных форм і інш. Р. (ракетапланёрам), называўся таксама пілотны апарат з ракетным рухавіком, які выкарыстоўваўся ў 1930-я г.; узлёт яго ажыццяўляўся з самалёта.
т. 13, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ ХВАЛЬ,
узбурэнні хвалевых палёў, выкліканыя неаднастайнасцямі асяроддзя, дзе распаўсюджваюцца хвалі, ці на рассейвальных аб’ектах у гэтым асяроддзі. Вынік дыфракцыі хваль на асобных аб’ектах рассеяння вядзе да ўтварэння другасных хваль, якія распаўсюджваюцца ва ўсіх магчымых напрамках, а таксама да аслаблення інтэнсіўнасці зыходнай хвалі. Для Р.х. ад мноствавых аб’ектаў характэрны калектыўныя эфекты, абумоўленыя суперпазіцыяй палёў рассеяння і шматразовым рассеяннем. Так фарміруюцца дыяграмы рассеяння ад перыядычных структур, напр., дыфракцыйнай рашоткі.
т. 13, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ электрастатычных,
фізічная велічыня, якая вызначаецца праз значэнні патэнцыялу электрастатычнага поля ў розных пунктах поля. Р.п. паміж двума пунктамі стацыянарнага электрастатычнага поля вызначаецца формулай: U = φ1 − φ2 = A/q, дзе A — работа, якая выконваецца сіламі поля пры перамяшчэнні дадатнага зараду q з пункта з большым патэнцыялам q1 у пункт з меншым патэнцыялам q2. Змена патэнцыялу φ = φ2 − φ1 = -U. Адзінка Р.п. у СІ — вольт. Гл. таксама Напружанне электрычнае.
т. 13, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́МБА (ісп. rumba),
афра-амерыканскі песенна-танц. жанр, а таксама бальны танец. Сучасная Р. склалася на Кубе, з 1920-х г. распаўсюдзілася ў ЗША і Еўропе як эстрадны танец. Муз. памер двух- ці чатырохдольны, рытм вострасінкапіраваны, з акцэнтамі на слабых долях такта, тэмп ад умерана рухомага да хуткага. Уключае спеў саліста, рэплікі хору і ўласна танец, які выконваецца ў пары ці салістам у цэнтры кола гледачоў і музыкантаў.
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХА́Ч, рухальнік,
прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рухавіка ці інш. крыніцы мех. энергіі ў работу, якая забяспечвае рух трансп. сродкаў. Функцыі Р. пры перамяшчэнні па сушы выконваюць кола, гусенічны ход, каток, шагальны механізм; па вадзе — грабны вінт, ветразі, грабное кола, вёслы, вадамёты; у паветры — паветраны вінт (прапелер), нясучы вінт (у верталёта), рэактыўнае сопла. Паветраны вінт выкарыстоўваецца таксама для перамяшчэння па вадзе (у глісерах, суднах на паветр. падушцы), на сушы (на аэрасанях).
т. 13, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМА́РСТВА,
бел. традыц, рамяство па вырабе раменнай вупражы. Сыравіну для вупражы — сырамяць (сырыца, апрацаваная нядубленая скура буйн. раг. жывёлы) — рыхтавалі самі рымары. Прылады працы для Р.: ціскі (клешчы, столак) для заціску скуры пры шыцці шлей, прэс для ўціскання драўляных частак у скуру пры вырабе падсядзёлкаў, а таксама жал. абцугі, малаток, нож, шыла, іголкі, драўляныя клешчы для хамутоў і інш. Шылі вупраж дратвай ці вузкімі скуранымі паскамі.
Н.І.Буракоўская.
т. 13, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙХСКАМІСАРЫЯ́Т (ням. Reichskommissariat),
буйная адм.-тэр. адзінка, створаная цывільнымі ням.-фаш. акупац. ўладамі на часова акупіраванай тэр. СССР у Вял. Айч. вайну. Паводле загаду А.Гітлера ад 17.6.1941 у вер. 1941 былі створаны Р. «Остланд» (уваходзіла ч. тэр. Беларусі) і «Украіна» (уваходзілі таксама паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл.), якія падзяляліся на генеральныя акругі. На чале Р. стаялі рэйхскамісары, якія падпарадкоўваліся міністру акупіраваных усх. тэрыторый А.Розенбергу ў Берліне.
т. 13, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТЫНІ́Т (ад позналац. retina абалонка сятчаткі),
запаленне сятчаткі вока, якое прыводзіць да зніжэння вастрыні зроку. Пры Р. ўзнікае ненармальная светлавое адчуванне (бляск «маланкі» ў вачах і інш.), звужэнне палёў зроку. Часцей узнікае ад узбуджальніка бактэрыяльнага паходжання (стрэптакок, стафілакок, пнеўмакок) або вірусаў (грыпу, герпесу); бывае таксама пры туберкулёзе, сіфілісе і інш., зрэдку ад светлавога іанізавальнага выпрамянення, блізарукасці, пашкоджання сятчаткі вока. Адрозніваюць Р. туберкулёзны, метастатычны, сонечны, лепрозны і інш. Лячэнне комплекснае.
т. 14, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЦЫ́,
прыродныя месцы, дзе на паверхню глебы выходзяць пласты грунту ці крыніцы, багатыя солямі натрыю; таксама штучныя прыстасаванні для мінер. падкормкі дзікіх жывёл. Патрэба ў мінер. рэчывах павялічваецца ў жывёл у перыяд гону, цяжарнасці, лактацыі, лінькі, росту рагоў і інш., напр., для лася сутачная патрэба ў солі — 7 г. Штучныя С. размяшчаюць на вял. адлегласцях, каб не ствараць вял. канцэнтрацыі жывёл у адных угоддзях. Каля С. праводзяць назіранні за жывёламі.
т. 14, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)